«Беларусь пасляваенная» ёсць у дакументах стратэгічнага дыялогу з ЗША. Інтэрв'ю з Уладам Кобецам


Ніхто ў ЗША не мае ілюзіяў, што Беларусь не ў вайне. Няма актыўных баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, але агрэсія пачалася з Беларусі, кажа Улад Кобец, госць праграмы «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою. Дырэктар аналітычнага цэнтру iSANS – Міжнароднай сеткі стратэгічнага дзеяння для бяспекі – аналізуе візіты Лукашэнкі ў Азію і Афрыку, а Святланы Ціханоўскай – у ЗША і ў «сталіцу Еўразвязу».

Сяргей Пеляса: Складаецца ўражанне, што Лукашэнка спрабуе дагнаць Ціханоўскую ў інтэнсіўнасці сваіх замежных візітаў. Ён у Дубаі, Кітаі, Афрыцы. У гэты час Святлана Ціханоўская ў Вашынгтоне і Бруселі. Што вы думаеце?

Улад Кобец: Хацеў бы дагнаць, ішоў бы ў тым жа кірунку. Хутчэй ён спрабуе дыстанцыявацца і ідзе ў іншым кірунку, на ўсход і поўдзень, спрабуючы заняць сваю нішу і месца ў свеце, які сёння мяняецца. Мяняецца Кітай. Калі напачатку гэтыя візіты выглядалі як мэсэнджар, які едзе праз Маскву ў Пекін ці Іран і вязе пасланне ад Пуціна, то мы бачым другі візіт, што для кітайскай дыпламатыі вельмі нязвыкла. Мы разумеем, што адбываецца фармаванне новай прасторы – эканамічнай, палітычнай, вайсковай – пад лідарствам Кітаю і Расеі, куды запрошаныя Іран, Аман. Візіт у Афрыку, на Глабальны Поўдзень, таксама адбыўся праз Пекін. Афрыка грае вялікую ролю для Кітаю. Трэба было ўзгадніць пазіцыі, перш чым ехаць туды са сваймі інтарэсамі.

Каб не перашкодзіць кітайскім інтарэсам у Афрыцы. На фотаздымках і відэазапісах слуханняў у Кангрэсе ЗША аб Беларусі з удзелам Святланы Ціханоўскай цябе відаць. Ты сядзіш за ёй. Якая была твая роля як эксперта, кіраўніка аналітычнага цэнтру ў гэтым працэсе?

Слуханні адбываліся ў падкамітэце групы Камітэту па замежных справах Кангрэсу і ў слуханнях удзельнічала Святлана Ціханоўская. Яна давала сведчанні Кангрэсу, і побач з ёй знаходзіліся прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай і Кабінету. Таксама дэлегаты, якія ўдзельнічалі ў дыялогу, былі запрошаныя на слуханні. Я там прысутнічаў. Калі казаць пра стратэгічны дыялог, то iSANS аказваў экспертнае падтрыманне гэтаму працэсу. Мы разумелі важнасць гэтага механізму, які існуе паміж ЗША і краінамі, з якімі ЗША выбудоўваюць стратэгічныя дачыненні.

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру iSANS Уладзіслаў Кобец.
Фота: isans.org

Калі ў сакавіку сёлета Святлане Ціханоўскай было абвешчана ў ЗША, што такі дыялог пачнецца, пачалася канкрэтная праца для падрыхтоўкі сустрэчы. Важна разумець, што адбыўся не стратэгічны дыялог, адбыўся запуск механізму. Гэта была першая сустрэча. У межах дыялогу было вызначана шэсць трэкаў. Першы трэк – суверэнітэт Беларусі, які з’яўляецца каштоўнасцю для беларусаў і ўсяго свету. Паралельна са стратэгічным дыялогам адбываецца іншы працэс. Прыняцце новага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Гэта чацвёртая версія. Ён унесены на разгляд камітэтаў. Паводле кангрэсменаў, да канца года яго прымуць. Ёсць кансэнсус дзвюх партый. Гэты закон фундаментальна адрозніваецца ад папярэдніх. Зробленыя высновы з таго, што не працавала. Гэты закон утрымлівае ўсе каштоўнасныя пазіцыі беларускага суверэнітэту, пасяганне на яго, так званую Саюзную дзяржаву. Уводзіцца адказнасць за ўсе дзеянні, якія ідуць на падрыў беларускага суверэнітэту і незалежнасці, беларускай ідэнтычнасці.

Сам стратэгічны дыялог адбываўся ў Дзярждэпартаменце, і ўсе шэсць блокаў на працягу трох дзён былі разгледжаныя. Будуць створаныя працоўныя групы, і яны пачнуць працаваць стала. І гэтая праца адрозніваецца ад таго, што было да дыялогу, тым, што гэта наўпроставыя кантакты паміж прадстаўнікамі ўраду ЗША і дэмсіламі.

Пачынае стварацца пэўны механізм і структура гэтых рабочых групаў. Фактычна інстытуты для працы ЗША з Беларуссю.

Так.

Я разумею, што няважна, які прэзідэнт будзе абраны. Гэты працэс працягнецца.

Так, гэта не залежыць ад таго, тая ці іншая партыя прыходзіць да ўлады. Ёсць кансэнсус аб Беларусі. Калі да расейскай агрэсіі хтосьці яшчэ мог размаўляць, ці важная Беларусь, бо ў нас няма шмат нафты і рэсурсаў… Вельмі шмат аргументаў было, чаму Беларусь няважная. Пасля таго як з тэрыторыі Беларусі атакавалі Кіеў і Беларусь сталася індустрыяльным паркам для расейскай арміі, ні для каго ўжо пытанняў няма. Вельмі важна, што адбылося ў 2020 годзе. Выбар беларускага народу, ясны і зразумелы, робіць розніцу паміж рэжымам, які з’яўляецца несамастойным і спрабуе схавацца пад парасон Кітаю і глабальных гульцоў, і беларускім народам.

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру iSANS Уладзіслаў Кобец.
Фота: isans.org

Ці правільна падсумаваць, што 2020 год, выразны стратэгічны выбар заходніх каштоўнасцяў, вайна Расеі супраць Украіны – гэта тое, што падштурхнула ЗША і Еўразвяз, каб інакш паглядзець на Беларусь?

Гэта быў штуршок, але праца дыпламатаў і экспертаў і разуменне таго, якія працэсы адбываюцца сёння ў Беларусі. Тая сацыялогія, якую мы маем, сведчыць, што выбар беларускага народу не змяніўся. Настроі ў грамадстве адпаведныя. Беларусы не прымаюць гэтага рэжыму, а яшчэ большая частка не прымае вайны, што робіць розніцу паміж беларусамі і расейцамі. І разуменне, што вяртанне да нармальнасці ў Беларусі можа спыніць гэтую вайну. Таксама трэба разумець, што атака рэжыму на беларусаў, якія жывуць за мяжой, выглядае вельмі кепска. У ЗША жыве 79 тысяч беларусаў. Менш, чым у Польшчы, але гэта шмат. Трэці дакумент, які сёння разглядаецца, гэта статус часовай аховы для беларусаў, якія апынуліся ў ЗША і не могуць памяняць свае дакументы. Спадзяёмся, што яго таксама прымуць і беларусы змогуць спакойна жыць, не вяртаючыся ў Беларусь у турму, як бы таго хацеў рэжым.

Гэта канкрэтыка для беларусаў у ЗША. Але ў беларусаў ЗША, думаю, справы і так ідуць някепска. Давайце паразважаем больш стратэгічна. На вашую думку і думку амерыканскіх палітыкаў, якіх ты чуў у Вашынгтоне, ці можна беларускую праблему, праблему рэжыму Лукашэнкі, вяртання дэмакратыі вырашыць асобна ад пытання вайны Расеі супраць Украіны? Ці разумеюць ЗША, што беларуская праблема звязаная з украінскай і толькі вырашыўшы яе, абараніўшы Украіну, мы можам ачысціць і Беларусь?

У саміх дакументах стратэгічнага дыялогу ёсць тэрмін «Беларусь пасляваенная». Ніхто не мае ілюзіяў, што Беларусь не ў вайне. Няма актыўных баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі, але агрэсія пачалася з Беларусі, ракеты ляцелі да 26 кастрычніка мінулага года з Беларусі. Вайсковая індустрыя працуе на вайну ў Беларусі. Пазіцыя iSANS – краіна пад гібрыднай акупацыяй, беларусы не маюць уплыву на рэжым і ўлады. Разуменне, што гэта не праблема адной Беларусі, а праблема рэгіёну. Тое, што пачаў Пуцін шмат гадоў таму, калі ў Расеі спыніліся электаральныя цыклы, – гэта падрыхтоўка да вайны з Захадам, а не Украінай. Мэта Пуціна – дэфрагментацыя калектыўнага Захаду. Яны прагулялі тэхналагічную гонку ў іх разуменні. Яны не інвеставалі ў гарады, яны інвеставалі ў дарогі. Вайсковы складнік стаўся галоўным. Атака ў Грузіі, праблема ў Малдове, пасля атака на Украіну. Гэта крокі аднаго глабальнага плану.

Аналітыка
«Пасланне Лукашэнку яснае і дакладнае». Вынікі візіту дэмсілаў у ЗША
2023.12.07 19:22

ЗША гэта разумеюць?

Разумеюць.

Трэба вырашыць праблему ў Расеі, і тады вырашыцца Украіна і Беларусь. Нельга пабудаваць дэмакратыю ў Беларусі, маючы рэжым Пуціна.

Рэжым Крамля атакуе ўсю перыферыю Расейскай імперыі. Мэта была агучаная Пуціным – вяртанне сітуацыі на час да пашырэння NATO. NATO павінна быць адкінутае далей. Тут яны будуюць вялізны эканамічна-палітычны блок, блок дыктатураў і тыраніі, які ў іх разуменні будзе супрацьстаяць Захаду. Лукашэнка таму згадвае, што раней быў двухполюсны свет, ён разбураны. У гэтым праблема. Гэта парасон для дыктатураў. Яны выбудоўваюць свой свет з чаканнем, што змогуць ператрываць.

Поўная версія інтэрв’ю – у відэа вышэй.

belsat.eu

Стужка навінаў