Прэзідэнт ЗША паабяцаў $100 млн на гуманітарную дапамогу палестынцам


Прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што ЗША вылучаць $100 млн на гуманітарную дапамогу палестынцам. Ізраіль на просьбу амерыканскага лідара пагадзіўся не перашкаджаць пастаўкам у сектар Газа харчоў, вады і медыкаментаў, перадае агенцыя «Reuters».

Сустрэча прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу ў Тэль-Авіве. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: President Biden / X.com

Прэзідэнт ЗША падчас візіту ў Ізраіль заявіў, што амерыканцы вылучаць $100 млн на гуманітарную дапамогу палестынцам у сектары Газа і на Заходнім беразе. Джо Байдэн заклікаў улады габрэйскай дзяржавы дазволіць пастаўкі ў анклаў харчоў, вады і медыкаментаў.

Амерыканскі лідар пры гэтым адзначыў, што Ізраіль не мусіць парушаць законаў вайны.

«Вы – габрэйская дзяржава, але вы таксама дэмакратычная дзяржава. Як і Злучаныя Штаты, вы не жывяце паводле правілаў тэрарыстаў, вы жывяце паводле закона», – цытуе Байдэна «Reuters».

Ён таксама заявіў, што бальшыня палестынцаў не звязаныя з «Хамасам», і «палестынскі народ таксама моцна пакутуе».

Hавiны
Іярданія адмяніла саміт з удзелам Байдэна пасля ўдару па шпіталі ў сектары Газа
2023.10.18 09:45

Як піша агенцыя «The Associated Press», Ізраіль пагадзіўся на транспартаванне ў Газу гуманітарнай дапамогі праз Егіпет. Усе грузы будуць правярацца, яны мусяць трапіць да цывільных.

«Калі «Хамас» перанакіруе або скрадзе гэтую дапамогу, ён яшчэ раз пакажа, што яго не хвалюе дабрабыт палестынскага народу», – падкрэсліў Джо Байдэн.

Акрамя таго, прэзідэнт ЗША заявіў, што звесткі, якія цяпер маюцца, сведчаць: лякарня ў Газе выпадкова пацярпела ад снарада, запушчанага тэрарыстамі. «Злучаныя Штаты выступаюць за абарону жыцця цывільных падчас канфлікту, і я смуткую аб сем’ях, якія былі забітыя або параненыя ў выніку гэтай трагедыі», – сказаў Байдэн.

Hавiны
Байдэн выказаўся пра ўдар па шпіталі ў сектары Газа, дзе загінулі больш за 800 чалавек
2023.10.18 14:20

Ён паведаміў, што на гэтым тыдні папросіць у Кангрэса ўхваліць пакет на $100 млрд, які будзе ўлучаць дапамогу Ізраілю, Украіне і Тайваню, а таксама фінансаванне на забеспячэнне бяспекі на амерыканскіх межах.

У Белым доме, тым часам, заявілі, што цяперашняя ацэнка выведкі не сведчыць пра адказнасць Ізраілю за ўдар па шпіталю ў Газе, аднак адпаведная інфармацыя яшчэ збіраецца.

«Хамас» і Ізраіль абвінавачваюць адзін аднаго ў бамбаванні лякарні. Паводле версіі палестынцаў, гэта быў авіяўдар ізраільскай арміі, Цагаль сцвярджае, што там выбухнула няспраўная ракета, якую групоўка «Ісламскі джыхад» выпусціла па тэрыторыі Ізраілю.

Як кажуць у палестынскім міністэрстве аховы здароўя, у выніку атакі загінула 471 асоба.

Аналітыка
Пакараць «Хамас», але не дапусціць вялікай вайны. Што азначае візіт Байдэна ў Ізраіль
2023.10.18 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў