Байдэн выказаўся пра ўдар па шпіталі ў сектары Газа, дзе загінулі больш за 800 чалавек


18 кастрычніка, на наступны дзень пасля ўдару па шпіталі ў сектары Газа, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Ізраіль. Ён ужо сустрэўся з прэм’ерам краіны Бэньямінам Нэтаньягу і зазначыў, што, падобна, удар па шпіталі быў нанесены не Ізраілем, перадае CNN.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прыбыў у Ізраіль і сустрэўся з прэм’ерам краіны Бэньямінам Нэтаньягу. 18 кастрычніка 2023 года.
Фота: IsraeliPM / Twitter

Падчас прэс-канферэнцыі Джо Байдэн заявіў, што ён засмучаны і раззлаваны жахлівым нападам на лякарню ў сектары Газа.

«Рэч у тым, што я быў глыбока засмучаны і абураны ўчорашнім выбухам у шпіталі ў Газе, і, мяркуючы з таго, што я бачыў, выглядае, што гэта зрабіла іншая каманда, не вы. Але многія людзі не ўпэўненыя ў гэтым, таму нам трэба шмат што пераадолець», – сказаў Джо Байдэн на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Бэньямінам Нэтаньягу.

Таксама прэзідэнт ЗША заклікаў міжнародную грамадскасць памятаць, што «Хамас» не рэпрэзентуе інтарэсаў палестынскага народу і нічога, акрамя пакутаў, не прынёс.

Між тым колькасць ахвяраў расце. Увечары 17 кастрычніка паведамлялася, што выніку ўдару па арабскай баптысцкай лякарні «Аль-Маамадані» ў сектары Газа загінулі больш за 500 чалавек. Аднак ужо ўдзень 18 кастрычніка, як сцвярджае Міністэрства аховы здароўя Палестыны, падкантрольнае «Хамас», загінулі як мінімум 800 чалавек.

Бакі абвінавачваюць у здарэнні адзін аднаго. Улады сектару Газа заявілі, што Ізраіль стаіць за смяротным выбухам у шпіталі, у той час як выведка Ізраілю паказала, што «няўдалы запуск ракеты» палестынскай групоўкі «Ісламскі джыхад» адказны за выбух, у выніку якога загінулі сотні людзей.

Таксама Ізраіль апублікаваў здымкі з радараў. З іх вынікае, што трагедыя адбылася ў выніку трапляння ў шпіталь ракеты «Хамас», якая была запушчаная ў бок Ізраілю, але збілася з траекторыі.

Hавiны
Іярданія адмяніла саміт з удзелам Байдэна пасля ўдару па шпіталі ў сектары Газа
2023.10.18 09:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў