Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі на брыфінгу ў Кіеве адказаў на прэтэнзіі Украіны да пазіцыі Святланы Ціханоўскай пра вайну, Расею і Пуціна. Менавіта такой «недастаткова зразумелай» пазіцыяй тлумачаць адмову Украіны прызнаваць кабінет.
Прадстаўнік па замежных справах Абʼяднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі, які цяпер у Кіеве з мэтай усталявання афіцыйных дачыненняў з уладамі Украіны, адказаў на пытанні журналістаў. У прыватнасці, ён не пагадзіўся з прэтэнзіямі кіраўніка камітэту ў вонкавых справах Вярхоўнай Рады Аляксандра Мэрэжкі. Той раней растлумачыў, чаму Украіна пакуль не прызнала Абʼяднаны пераходны кабінет: «Пазіцыя Святланы Ціханоўскай адносна Расеі і Пуціна недастаткова зразумелая. Яна быццам баіцца называць рэчы сваймі імёнамі. Напрыклад, ясна сказаць, што Расея – тэрарыстычная дзяржава, агрэсар і вораг беларускага народу. Да таго ж у ейным асяроддзі ёсць некалькі сумнеўных асобаў. Яна таксама рабіла заявы, звязаныя з Украінай, якія выклікалі непаразуменне ва Украіне».
Валер Кавалеўскі на гэта адказаў, што з самага пачатку вайны галоўны пасыл Ціханоўскай і дэмакратычных сілаў – максімальная падтрымка Украіны.
«Другое: Лукашэнка і Пуцін – саўдзельнікі ў гэтым злачынстве, яны мусяць панесці адказнасць. Міжнародная супольнасць можа прыняць дадатковыя захады, уводзіць новыя санкцыі супраць абодвух рэжымаў, учыніць трыбунал для Лукашэнкі і Пуціна. Яны заслугоўваюць быць на адной лаве падсудных і сядзець у адной камеры. У гэтым сэнсе нашыя пазіцыі з Украінай цалкам супадаюць», – адзначыў Кавалеўскі.
Што тычыцца дачыненняў з Расеяй, то ён сказаў, што ў пераходным кабінеце ўжо ведаюць, якія дамовы з Крамлём трэба ці перагледзець, ці наогул скасаваць. Напрыклад, Беларусь мусіць выйсці з дамовы аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы» і з Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).
«У кабінеце распрацаваны падыход да таго, як пераглядаць дамоўна-прававыя дачыненні з Расеяй. Гэты падыход прадугледжвае выхад з некаторых пагадненняў, бо яны цалкам падрываюць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Будзе падлягаць перагляду і выхаду дамова аб стварэнні «Саюзнай дзяржавы» – гэта фактычна дарожная мапа па паглынанню Беларусі Расеяй», – падкрэсліў Кавалеўскі.
Пра Крым ён сказаў так: «Мы выступаем за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Гэта прадугледжвае, што Крым мусіць стаць украінскім не толькі дэ-юрэ, але і дэ-факта».
Раней Валер Кавалеўскі звяртаў увагу, што замежную палітыку ва Украіне вызначае прэзідэнт, і менавіта офіс прэзідэнта будзе вызначаць падыход да абʼяднанага кабінету. «Таму наша праца не можа спыняцца і залежыць ад нейкіх выказванняў», – адзначаў палітык.
На мінулым тыдні дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч прызнаў памылкі Кіева ў пытанні беларускай палітыкі. Аляксей Арэстовіч назваў грандыёзнай праблемай, што ва Украіне не раздзяляюць рэжым Лукашэнкі і беларускі народ.
Сяргей Крот belsat.eu