Украінскія ўлады называюць пазіцыю Ціханоўскай незразумелаю. Што яна насамрэч казала пра вайну, Крым і Пуціна


Афіцыйны Кіеў ужо больш за два гады адмаўляецца мець кантакты з лідаркаю беларускіх дэмакратычных сілаў Святланаю Ціханоўскаю. Маўляў, ейная пазіцыя адносна Расеі і Пуціна незразумелая. З гэтай нагоды карэспандэнты «Белсату» пастанавілі паглядзець, якія заявы рабіла Ціханоўская, што яны гэтак не падабаюцца ў Кіеве.

Святлана Ціханоўская выступае на сустрэчы з беларускаю дыяспарай у Лонданскім Саўт-Бэнкаўскім універсітэце. 9 сакавіка 2022 года.
Фота:  David Parry / PA Images / Forum

Старшыня камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады Украіны, дэпутат праўладнай фракцыі «Слуга народу» Аляксандр Мэрэжка ў каментары радыё «Свабода» распавёў, чаму Кіеў дасюль не мае кантактаў з лідаркаю беларускіх дэмакратычных сілаў Святланаю Ціханоўскай. Разам з Расеяй Украіна застаецца адзіным суседам Беларусі, якія не мелі з ёю афіцыйных кантактаў.

«Пазіцыя Ціханоўскай адносна Расеі і Пуціна недастаткова зразумелая. Яна быццам баіцца называць рэчы сваймі імёнамі. Напрыклад, ясна сказаць, што Расея – тэрарыстычная дзяржава, агрэсар і вораг беларускага народу. Да таго ж у ейным асяроддзі ёсць некалькі сумнеўных асобаў. Яна таксама рабіла заявы, звязаныя з Украінай, якія выклікалі неразуменне ва Украіне», – кажа ўкраінскі палітык.

Якія ж заявы пра Расею і Пуціна былі недастаткова зразумелыя? Вядома, Ціханоўскай любяць згадваць тое, што яна яшчэ ў верасні 2020 года, заклікаючы прэзідэнта РФ да дыялогу, назвала яго «мудрым кіраўніком», якому не варта слухаць «фантазіяў аднаго чалавека» – Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым у той жа размове яна, кажучы пра тую мудрасць, патлумачыла яе дыпламатыяй.

Але і ва Украіне прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму любяць згадваць, як ён у 2014 годзе, каб Пуцін не ставіў ягонай радзімы на калені, быў гатовы сам «маліць на каленях», а ўжо былога прэзідэнта Віктара Януковіча называў «моцным чалавекам». Палітык пасля тлумачыў словы эмацыйнасцю і гатовасцю зрабіць усё дзеля краіны. І да ягонага атачэння ва Украіне ёсць пытанні ў звязку з «сумнеўнымі» асобамі.

Таму, каб не згадваць справы даўно мінулых дзён і не шукаць шкілетаў, якія могуць быць у кожнага, паглядзім, што казала Святлана Ціханоўская пра вайну ва Украіне і пра Расею пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

Пуцін – агрэсар, а расейскія войскі павінны пакінуць Беларусь

Заяву ўкраінскага дэпутата можна лічыць адказам на зварот Святланы Ціханоўскай ад 10 кастрычніка, у якім яна заклікала Уладзіміра Зяленскага «збудаваць альянс з дэмакратычнаю Беларуссю» і выказала гатовасць «дзеяць разам з Украінаю».

Яна таксама заявіла, што «беларусы – гэта не Лукашэнка», які «ўжо не прымае рашэнняў, за яго гэта робіць Крэмль». Паводле яе, «Беларусь павінна выйсці з вайсковых, палітычных і эканамічных саюзаў з Расеяй, якія падрываюць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны».

Але гэта быў далёка не адзіны і не першы выступ Ціханоўскай адносна агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Яшчэ 10 лютага яна асудзіла правядзенне ў Беларусі супольных беларуска-расейскіх вучэнняў, якія праз два тыдні сталіся прыкрыццём для нападу войскаў РФ з беларускай тэрыторыі на ўкраінскую. Падымала Ціханоўская пытанні пагрозаў Украіне з боку рэжыму Лукашэнкі і на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі 19 лютага.

«Мы патрабуем неадкладна вывесці расейскія войскі з нашай тэрыторыі. Мы будзем дамагацца, каб гэтае пытанне было вынесенае на разгляд Рады бяспекі ААН. Мы ўжо скіравалі лісты ў краіны ЕЗ з прапановамі новых моцных санкцыяў, якія б’юць па рэжыме, а не па людзях. Мы правядзём кансультацыі з суседзямі, Еўрапейскім Звязам, ЗША і Вялікаю Брытаніяй», – заяўляла Святлана Ціханоўская за чатыры дні да расейскага ўварвання.

Але ўначы 24 лютага Расея, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, напала на Украіну:

«Сёння зранку Расея напала на Украіну, парушаючы фундаментальныя прынцыпы міжнароднага права. У гэтым вераломным акце агрэсіі была задзеяная беларуская тэрыторыя і Узброеныя сілы Беларусі. Лукашэнка і ягоны рэжым цалкам падзяляюць з прэзідэнтам Расеі адказнасць за гэтую вайну. Нелегітымны кіраўнік Беларусі ўвёў замежныя войскі і зрабіў нашую краіну непасрэдным удзельнікам канфлікту. Гэта дзяржаўная здрада і здрада інтарэсам нашага народу і беларускай дзяржавы», – падкрэсліла Ціханоўская ў дзень пачатку поўнамаштабнай вайны.

Акрамя таго, у адказ на дзеянні рэжыму абвясціла пра пачатак стварэння Пераходнага кабінету. Неўзабаве яна заклікала беларусаў да пратэстаў супраць вайны, якія і пачаліся 27 лютага. Тым жа, хто хацеў больш рашучых дзеянняў, Ціханоўская паведаміла, што лічыць «сваім абавязкам у такой сітуацыі падтрымліваць любы актыўны спосаб змагання». Больш за тое, яна абвясціла антываенную мабілізацыю і падтрымала ўтварэнне беларускіх добраахвотніцкіх фармаванняў у складзе ўкраінскай арміі.

Працягвала лідарка дэмакратычных сілаў падтрымліваць Украіну і надалей, у тым ліку заклікаючы да новых санкцыяў супраць Лукашэнкі і Пуціна ды закрыцця ўсіх шчылінаў, якія дазваляюць іх унікнуць. Але яе настойліва адмаўляліся чуць у Кіеве.

«Для мяне відавочна: каб узнавіць мір і бяспеку, расейскія войскі павінны выйсці з тэрыторыі і Украіны, і Беларусі. Але і Лукашэнка павінен сысці таксама. Цяпер ён спрабуе перайграць, прабрацца на перамовы і выдаць сябе за міратворцу, а не суагрэсара Пуціна. Але ад імя беларусаў на перамовах павінны гаварыць сапраўдныя прадстаўнікі народу. А Лукашэнка і ягоныя пасобнікі павінны быць прыцягнуты да адказнасці за свае злачынствы – і перад беларусамі, і перад украінцамі», – заяўляла Ціханоўская 8 красавіка.

Паводле дэмакратычнай лідаркі, «да барацьбы з Лукашэнкам на нас лягла яшчэ і барацьба непасрэдна з Пуціным». Сам жа Пуцін, казала яна, – гэта «агрэсар, дыктатар, які гатовы дзеля сваіх амбіцыяў акупаваць чужыя краіны, бамбаваць дзіцячыя сады, выпальваць на целах людзей надпісы і сціраць у пыл цэлыя гарады. Магчыма, ён хацеў увайсці ў падручнікі вялікім заваёўнікам, але застанецца там як забойца. І на адной старонцы з ягоным фота, спадзяюся, будуць фатаграфіі Бучы, Марыупалю і Барадзянкі – як вынікаў ягонага кіравання».

Дзень Волі ў Беластоку. 25 сакавіка 2022 года.
Фота: Michal Kosc / Forum

Дзе ў гэтых словах, на думку Мэрэжкі, недастаткова зразумелая пазіцыя Ціханоўскай адносна Расеі і Пуціна, застаецца няясным. Хіба што дэпутат проста незнаёмы з ейнымі заявамі.

А чый Крым?

Сярод прэтэнзіяў да Святланы Ціханоўскай з украінскага боку таксама часта гучаць абвінавачанні адносна нібыта невыразнай пазіцыі аб прыналежнасці Крыму, які з 2014 года анексаваны Расеяй.

Сапраўды, перад выбарамі 2020 года і падчас гарачага этапу пратэставай кампаніі выказванні Ціханоўскай не вылучаліся канкрэтыкай:

«Юрыдычна Крым украінскі, а фактычна – расейскі», – казала яна 27 ліпеня 2020 года, за два тыдні да выбараў.

Пры гэтым яна падкрэслівала, што пытаннем Крыму проста не хацела падзяляць беларускае грамадства, а хацела аб’яднаць усе сілы дзеля змены ўлады. Той улады, якая праз паўтара года зробіцца суагрэсарам у расейскай вайне супраць Украіны.

Больш за тое, пазіцыя Ціханоўскай была вельмі падобнаю да вонкавай палітыкі афіцыйнага Менску, якой гадамі карыстаўся Лукашэнка. Што ніяк не замінала яму мець кантакты з украінскімі ўладамі.

«Дэ-факта Крым стаўся часткаю Расеі. Сітуацыя развіваецца дэ-факта. І мы будзем з РФ. Што будзе дэ-юрэ, гэта будзе потым. Крым сёння – гэта частка тэрыторыі Расеі. Можна прызнаваць ці не прызнаваць, ад гэтага нічога не зменіцца», – сказаў той яшчэ ў сакавіку 2014 года. Пры гэтым яшчэ абвінаваціў у анексіі ўкраінскія ўлады, якія нібыта забаранілі расейскую мову і ціснулі на расейскамоўных.

Аднак заявы Лукашэнкі ніякім чынам не ўплывалі на стаўленне да яго ўладаў Украіны. З ім сустракаліся як Пятро Парашэнка, так і Уладзімір Зяленскі. І нават праводзілі супольныя форумы рэгіёнаў у 2018 і 2019 гадах – у Гомлі і Жытоміры адпаведна.

Hавiны
«Нам падабаецца дыктатура Лукашэнкі». Як Жытомір рыхтаваўся да сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў
2019.10.04 01:47

30 лістапада 2021 года Лукашэнка пайшоў яшчэ далей і заявіў:

«Крым дэ-факта – гэта расейскі Крым. Пасля рэферэндуму і дэ-юрэ Крым стаўся расейскім».

Ягоныя чыноўнікі прызналі паўвостраў часткаю РФ нават раней.

У адрозненне ад Лукашэнкі, Ціханоўская ў лістападзе 2020 года заявіла, што далучэнне Крыму да Расеі супярэчыць міжнароднаму заканадаўству. Яшчэ праз некалькі месяцаў выразна падкрэсліла: «Крым – украінскі».

«Калі кажаш няпэўна, гэта не значыць, што ты памыляешся, ты проста размаўляеш на дыпламатычнай мове. Цяпер я выразна сказала, адказала на пытанне», – сказала Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю, апублікаваным яшчэ 1 красавіка 2021 года.

Тады дэмакратычная лідарка параіла ўладам Украіны «больш рашучых заяваў, больш жорсткай пазіцыі і нейкай фінансавай ізаляцыі Беларусі, бо гэта вельмі важны пункт ціску на рэжым». Але афіцыйны Кіеў на гэта не пайшоў. Да поўнамаштабнай вайны заставаўся менш як год.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў