У Генеральным штабе Узброеных Сіл Беларусі адбыліся кадравыя змены. На пасаду першага намесніка начальніка Генштабу прызначаны былы начальнік упраўлення тэрытарыяльнай абароны Андрэй Маціевіч. Аб гэтым паведамляе БелТА.
18 ліпеня Аляксандр Лукашэнка ўказам нумар 212 прызначыў генерал-маёра Андрэя Маціевіча першым намеснікам начальніка Генеральнага штабу Узброеных Сіл Беларусі. Да прызначэння Маціевіч займаў пасаду начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны – намесніка начальніка Генштабу УС РБ.
Генерал-маёр Андрэй Маціевіч нарадзіўся 2 верасня 1971 года ў вёсцы Вялікае Вольжава Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Выпускнік Менскай сувораўскай ваеннай вучэльні 1988 года. У 1992 годзе скончыў з залатым медалём Алмацінскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, у 2003 годзе таксама з залатым медалём скончыў Агульнавайсковую акадэмію Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі ім. Фрунзэ. З чырвоным дыпломам скончыў у 2010 годзе Акадэмію Генштабу Узброеных сіл РФ.
Вайсковую службу праходзіў на розных пасадах у галоўным аператыўным упраўленні Генеральнага штабу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, быў першым намеснікам начальніка ГАУ.
На пасадзе начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны – намесніка начальніка Генеральнага штабу Узброеных Сіл служыў з 7 ліпеня 2020 года. Воінскае званне генерал-маёр атрымаў 2 ліпеня 2021 года.
Пачынаючы з 2022 года ў Беларусі амаль бесперапынна праводзяцца вайсковыя вучэнні, звязаныя з прызывам вайскоўцаў запасу і адпрацоўкай разгортвання сілаў тэрытарыяльнай абароны.
Антон Тачняк belsat.eu