Андрэй Стрыжак: «Беларускі Чырвоны Крыж далёкі ад прынцыпаў, што закладаліся пры стварэнні арганізацыі»


На мінулым тыдні, 12 ліпеня, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў наведаў Данбас і даў там інтэрв’ю расейскаму «Спутніку» ў форме з нарукаўнай нашыўкаю з літарай Z – сімвалам расейскай агрэсіі ва Украіне. Мы пацікавіліся, чым увогуле займаецца Чырвоны Крыж у Беларусі, і запыталіся ў заснавальніка і кіраўніка фонду «BySol» Андрэя Стрыжака, ці БЧК – усё яшчэ гуманітарная арганізацыя, і як увогуле павінны працаваць падобныя структуры ва ўмовах сучасных ваенных канфліктаў.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа наведаў «ДНР».
Фота: wetogether.by

Што вядома пра візіт кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа на Данбас

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў адмовіўся тлумачыць беларускім медыям сваё з’яўленне ў інтэрв’ю расейскаму выданню «Спутнік» з нашыўкай з літарай Z, і тое, як гэта суадносіцца з прапісанай у статуце арганізацыі забаронай на дэманстрацыю прыналежнасці да аднаго з бакоў канфлікту.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Шаўцоў паехаў на Данбас разам з праўладным матывацыйным трэнерам і бізнесоўцам Аляксеем Талаем, каб перадаць гуманітарную дапамогу, а таксама пераканацца, што «ўсе дзеці з ДНР пасля адпачынку ў Беларусі вярнуліся дамоў». Беларускія праваабаронцы зазначаюць – з гэтай сітуацыі відаць, што Беларускі Чырвоны Крыж не хавае сваёй датычнасці да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца паведамляў «Еўрарадыё», што нічога не ведаў і не ўдзельнічаў у арганізацыі візіту Дзмітрыя Шаўцова на Данбас.

«У цяперашні момант мы разглядаем гэтае пытанне. Надзвычай важна, каб усе састаўныя часткі руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца захоўвалі незалежнасць ад урадаў і носьбітаў зброі. Гэта дазваляе нам аказваць дапамогу бесстаронна, аддаючы прыярытэт тым, хто мае найбольшую патрэбу ў ёй, дзе б яны ні былі, на якім бы баку лініі фронту яны ні былі», – заявіў афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Хто такі Дзмітрый Шаўцоў?

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа шмат гадоў спрабуе пабудаваць кар’еру на супрацы з уладамі, пачынаючы ад навучання ў Акадэміі кіравання пры Лукашэнку ды Інстытуце дзяржслужбы.

Дзмітрый Шаўцоў.
Фота: belta.by

У 2003 годзе Шаўцоў быў намеснікам галоўнага доктара Жлобінскай цэнтральнай лякарні і адначасова стаў дэпутатам, бо «дэпутату прасцей «выбіваць» грошы на свой шпіталь». Пасля пайшоў у гарадскі Савет дэпутатаў у Менску, трапіў у Палату прадстаўнікоў, дзе прабыў два тэрміны. Агульны дэпутацкі стаж Шаўцова – 14 гадоў. Цягам 12 гадоў ён узначальвае Асацыяцыю дактароў Беларусі. Адначасова з 2012 да 2019 года працаваў у Адміністрацыі Лукашэнкі і з 2011 да 2015 года – у ЗАТ «Другі нацыянальны канал», як піша «Наша Ніва» са спасылкаю на «Кіберпартызанаў».

На парламенцкіх выбарах у 2019 і 2020 гадах Шаўцоў узначальваў Менскі гарадскі выбаркам. Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі назваў «правакацыяй». За падтрыманне Лукашэнкі і імаверны ўдзел у фальсіфікацыі выбараў занесены ў санкцыйныя спісы ў Літве, Латвіі, Эстоніі.

Генеральным сакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа Шаўцоў стаў у верасні 2021 года.

Шаўцоў адзначыўся і выказваннем пра ЛГБТ, назваўшы гэта «вычварэнствам», «псіхічным адхіленнем», і заявіў, што прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці трэба лячыць.

Крыху гісторыі: як з’явіўся Міжнародны Чырвоны Крыж і беларускі

Міжнародны Чырвоны Крыж быў заснаваны ў 1863 годзе з мэтай дапамогі параненым у ваенных канфліктах. Першае Менскае ўпраўленне арганізацыі было створанае ў 1872 годзе. У савецкі час камітэт Чырвонага Крыжа на тэрыторыі СССР быў цалкам пад кантролем уладаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. З самалёта выгружаюць экстраную медычную дапамогу ад Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа ў аэрапорце Саны, Емен. 10 красавіка 2015 года.
Фота: Mohammed Huwais / AFP / East News

У час Другой сусветнай вайны Міжнародны Чырвоны Крыж звярнуўся да савецкага ўраду з прапановай забяспечваць пасылкамі савецкіх вайскоўцаў, якія апынуліся ў гітлераўскім палоне (на канец 1941 года іх было больш як тры мільёны чалавек), распавядае Радыё Свабода. Брытанскія, французскія і іншыя ваеннапалонныя такую дапамогу атрымлівалі. Аднак савецкі ўрад нават не адказаў на гэтую прапанову. Паводле брытанскага дыпламата, які абмяркоўваў тэму з міністрам замежных справаў СССР Молатавым, савецкае кіраўніцтва лічыла «палітычна немэтазгодным даць шанец Нямеччыне выявіць перад грамадскасцю здольнасць да гуманітарных дзеянняў». Сотні тысяч савецкіх ваеннапалонных памерлі ад голаду.

Сёння, згодна са статутам, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа «з’яўляецца бесстаронняй, нейтральнай і незалежнай арганізацыяй, чые мэты і задачы носяць выключна гуманітарны характар і заключаюцца ў тым, каб абараняць жыццё і годнасць людзей, якія пацярпелі ад збройных канфліктаў і іншых сітуацыяў гвалту, і прадстаўляць ім дапамогу. Прапагандуючы і ўмацоўваючы гуманітарнае права і ўніверсальныя прынцыпы гуманнасці, МКЧК прыкладае ўсе намаганні да таго, каб перадухіліць пакуты людзей».

Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) называе сябе самай буйной гуманітарнай арганізацыяй на тэрыторыі Беларусі, часткай Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.

Паводле Статуту, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа прытрымліваецца ў дзейнасці прынцыпаў міжнароднага руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, у прыватнасці – нейтральнасці. Як арганізацыя насамрэч пільнуецца гэтага прынцыпу, мы бачым і на прыкладзе візіту Дзмітрыя Шаўцова на Данбас, і на ўдзеле Беларускага Чырвонага Крыжа ў фальсіфікацыі выбараў.

Як Чырвоны Крыж фальсіфікаваў выбары

Ад Беларускага Чырвонага Крыжа рэгулярна вылучаюцца чальцы выбарчых камісіяў, назіральнікі. На пачатку сакавіка 2021 года Народнае антыкрызіснае ўпраўленне звярнулася ў міжнародны офіс Чырвонага Крыжа з заяваю аб фактах саўдзелу беларускай філіі арганізацыі ў фальсіфікацыях на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. У звароце былі выкладзеныя факты, якія пацвярджаюць удзел БТЧК у фальсіфікацыях. Так, падчас апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў склад участковых выбарчых камісіяў ад БТЧК увайшлі 2998 чалавек. Пры гэтым 2532 з іх ужо ўдзельнічалі ў парламенцкіх выбарах 2019 года, але чвэрць гэтага спісу тады вылучалася ў камісіі ад іншых арганізацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працоўніца Беларускага Чырвонага Крыжа стаіць побач са скрынямі з гуманітарнай дапамогай, дасланай Сусветнай арганізацыяй здароўя (САЗ) у транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі» на мяжы з Польшчай. 22 лістапада 2021 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

На 362 участках, дзе працавалі прадстаўнікі БТЧК, платформа «Голас» даказала факты фальсіфікацыяў – колькасць фота бюлетэняў з галасамі за Святлану Ціханоўскую перавысіла колькасць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных сябрамі камісіяў.

Чырвоны Крыж і дапамога палітвязням

Чальцы Беларускага Чырвонага Крыжа шчыльна звязаныя з уладамі. Так, выканаўца абавязкаў старшыні прэзідыуму Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа – міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, генеральны сакратар – Вольга Мычко, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў VI склікання.

Прадстаўніца таварыства Іна Лемяшэўская ўваходзіць у склад Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі. Пры гэтым Беларускі Чырвоны Крыж ніколі не падымаў пытанні палітвязняў і ўмоваў утрымання зняволеных у беларускіх турмах, у той час як Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа, у прыватнасці, яго тагачасны прэзідэнт Пэтэр Маўрэр неаднаразова распавядаў пра клопат арганізацыі пра зняволеных. Так, у 2014 годзе прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа наведалі больш як 800 тысяч зняволеных у 92 краінах, а ў 2015 годзе Маўрэр зрабіў заяву супраць катаванняў.

Пра дапамогу «асуджаным і былым асуджаным» гаворыцца і на сайце БТЧК, у той час як на практыцы ніякіх дзеянняў у гэтым кірунку не назіраецца.

Ці Беларускі Чырвоны Крыж  – усё яшчэ гуманітарная арганізацыя, створаная дзеля дапамогі людзям?

Паводле заснавальніка і кіраўніка дабрачыннага фонду «BySol» Андрэя Стрыжака, сёння дзейнасць Беларускага Чырвонага Крыжа «не адпавядае тым прынцыпам, якія закладаліся ў арганізацыю пры яе стварэнні пасля бітвы пад Сальфэрына (бітва пад Сальферына – буйнейшая бітва аўстра-італа-французскай вайны, якая адбылася 24 чэрвеня 1859 года паміж аб’яднанымі войскамі Францыі і Сардзінскага каралеўства супраць аўстрыйскай арміі. З бітвай пад Сальферына звязанае з’яўленне Таварыства Чырвона Крыжа, якое стварыў швейцарскі прадпрымальнік Анры Дзюнан, уражаны маштабам кровапраліцця – рэд.)».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працоўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа даставілі гуманітарную дапамогу мігрантам у лагеры на беларуска-польскай мяжы. 13 лістапада 2021 года.
Фота: Leonid Shcheglov / TASS / Forum

«Зразумела, што кожны функцыянер Чырвонага Крыжа павінен прытрымлівацца прынцыпаў недалучэння і непрыярытэту, калі ён у зоне баявых дзеянняў. Гэта датычыць нейкіх шаўронаў альбо нарукаўных знакаў, якія маглі б казаць пра ягоную прыналежнасць да таго ці іншага боку канфлікту. Ясна, што тое, што зрабіў кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа, – проста найгрубейшае парушэнне ўсіх правілаў і традыцыяў Чырвонага Крыжа як такога, – кажа Андрэй Стрыжак. – І тут мы пераходзім да іншага пытання – ці з’яўляецца Беларускі Чырвоны Крыж той структурай, пра якую ідзе гаворка, ці ён насамрэч гуманітарная арганізацыя, якая створаная для дапамогі людзям у крызісных сітуацыях?»

Паводле кіраўніка «BySol», на гэтае пытанне складана адказаць адназначна, бо з аднаго боку Беларускі Чырвоны Крыж «бяззубымі акцыямі» дэманструе, што ён дапамагае людзям, – напрыклад, бяздомным, у сталым веку.

«Але калі гаворка ідзе пра ваенны канфлікт, у якім цяпер удзельнічаюць Расея і Украіна, зразумела, што ў гэтай сітуацыі кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа не меў права выкарыстоўваць гэтую неанацысцкую сімволіку, якую ён прыляпіў сабе на рукаў», – зазначае Стрыжак.

«Прыйшоў час пераглядаць мандаты гуманітарных арганізацыяў»

Кіраўнік «BySol» падкрэслівае, што Беларускі Чырвоны Крыж стаў праўладнай арганізацыяй, кшталту Беларускага саюзу жанчын, БРСМ, якія «выцягваюцца з шафы, з іх страсаецца нафталін, і яны ўдзельнічаюць у выбарах у якасці статыстаў, чальцоў выбарчых камісіяў, назіральнікаў і да т. п.».

«Так што фактычна на сённяшні дзень ёсць два развароты ў дзейнасці гэтай арганізацыі: першы – Чырвоны Крыж робіць вузкаспецыялізаваныя гуманітарныя праекты, якія не датычаць палітыкі, другі – удзел у выбарах і тое, што мы ўбачылі цяпер. На жаль, гэта ўпісваецца ў агульную карціну таго, як Беларусь крочыць сямімільнымі крокамі да мілітарызацыі, русіфікацыі і агульнай імперскай палітычнай парадыгмы», – кажа Андрэй Стрыжак.

Заснавальнік «BySol» зазначае, што Чырвоны Крыж крытыкуюць і ва Украіне. Так, гучны скандал адбыўся, калі прэзідэнт МКЧК Пэтэр Маўрэр на сустрэчы з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым абмяркоўваў стварэнне цэнтру для ўкраінцаў з акупаваных тэрыторыяў у расейскім Растове. Украінцы тады абвінавачвалі Чырвоны Крыж у супрацы з Расеяй.

Андрэй Стрыжак зазначае, што цяпер шмат якія міжнародныя структуры дапамогі зазнаюць крытыку праз іх не да канца акрэсленую пазіцыю, як шмат хто думае.

«Я троху спакайней стаўлюся да гэтага, бо разумею, што ёсць такая штука, як мандат, і людзі дзейнічаюць у яго межах. Таму нейкіх прэтэнзіяў да калегаў, якія разам са мной працавалі на Данбасе з украінскага Чырвонага Крыжа, я не магу выказаць, таму што яны рабілі, што маглі, з тымі магчымасцямі, якія ў іх ёсць, – кажа наш суразмоўца. – Іншае пытанне, што яўна прыйшоў час пераглядаць гэтыя мандаты, даваць больш паўнамоцтваў, больш адкрытыя адказы на пытанні, якія цяпер ставіць гісторыя, бо шмат чаго змянілася. Калі раней бакі ваявалі з адкрытай рэпрэзентацыяй адзін аднаго, то цяпер усё часцей гэта выкарыстанне проксі-сілаў, аперацыяў пад чужым сцягам і нейкіх іншых рэчаў, якія троху выходзяць за стандарты правілаў вядзення войнаў, якія раней існавалі. І гэта стварае пэўныя праблемы, у тым ліку для працы гуманітарных структураў і арганізацыяў. Як вынік – мы бачым, як кіраўнік гуманітарнай структуры выступае пад шаўронам аднаго з ваенных бакоў».

«Міжнародныя структуры дапамогі павінны быць больш гнуткімі, каб адказваць на сучасныя выклікі»

Ну думку Андрэя Стрыжака, міжнародныя структуры дапамогі павінны быць больш аператыўнымі, мабільнымі, больш шчыльна супрацоўнічаць з нізавымі структурамі грамадзянскай супольнасці. Сярод іншага з тымі, якія з’яўляюцца ў адказ на нейкія выклікі, што ўзнікаюць падчас крызісаў. Больш гнуткімі і адкрытымі на змяненні фарматаў дзейнасці павінны быць і мандаты такіх арганізацыяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчыну з Лівану, які перайшоў беларуска-польскую мяжу, накрылі коўдрай Польскага Чырвонага Крыжа да прыбыцця патруля Памежнай службы на тэрыторыі Польшчы. 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: Wojtek Radwanski / AFP / East News

«Тыя арганізацыі, якія будуць ісці за тым, як змяняецца час, выжывуць. Якія будуць адмаўляць змены, што адбыліся ў грамадстве, не выжывуць. І я думаю, што пасля гэтай вайны, а яна яўна будзе пашырацца і можа наблізіцца да трэцяй сусветнай (пытанне толькі – ядравай ці не ядравай), – будуць створаныя новыя структуры, якія будуць больш дакладна адпавядаць выклікам, якія ёсць. Гэта выклікі ў сферы кібербяспекі, у сферы проксідзеянняў і іншыя, з якімі мы цяпер сутыкаемся», – кажа Андрэй Стрыжак.

У якасці ўзораў паспяховага аказання дапамогі ў сучасным свеце кіраўнік «BySol» называе такія структуры, як «Norway Refugee Council», «Danish Refugee Council», чэшскую арганізацыю «PIN – People in Need». На іх можна арыентавацца, браць прыклад. Міжнародны Чырвоны Крыж таксама мае шанец выжыць, лічыць Стрыжак, калі будзе адкрыты выклікам сучаснага свету і адпаведным чынам скарэктуе сваю тактыку.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў