Колькі журналістаў выехала з Беларусі? Размаўляем з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім


З якімі складанасцямі сутыкнулася Беларуская асацыяцыя журналістаў у выніку пратэстаў 2020 года і якія выклікі стаяць перад арганізацыяй пасля эміграцыі? Гутарым пра гэта з намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барысам Гарэцкім.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Фота: Белсат

«Калі пачаліся пратэсты, БАЖ працягнуў масава дапамагаць журналістам і выконваць сваю працу, якая прапісаная ў нашым статуце. Як і ўсе медыйнікі, мы працавалі пастаянна і амаль без сну. То бок прачынаешся зранку, апрацоўваеш тое, што адбылося за ноч, кладзешся спаць на гадзіну ў абед… І зноў пачынаюцца пратэсты, на якіх ты мусіш працаваць. Як цяпер памятаю той момант, калі абстралялі Наталлю Лубнеўскую і іншых журналістаў…» – Так, паводле Гарэцкага, праходзіў кожны дзень работніка БАЖ. Журналістаў затрымлівалі пастаянна, і прыходзілася чарговы раз дапамагаць у пошуку адвакатаў, намагацца кожнага падтрымаць пад пастарункам, а таксама шукаць магчымасцяў, каб перадаць перадачы.

Барыс не шкадуе пра той час і распавядае, як ганарыцца сваймі калегамі: «Усе, трэба сказаць, спрацавалі крута. І тады ўласна я ніякай небяспекі не адчуваў, бо ўсе спадзяваліся на перамены». Думак пра эміграцыю таксама не зʼяўлялася. Хутчэй, наадварот – упартае жаданне працаваць яшчэ болей: «Думаў, што нам будуць граміць кватэры яшчэ ў жніўні, але як я сеў працаваць у тыя першыя дні пратэстаў, так і адышоў з-за кампʼютара толькі ў сераду, калі пачаліся акцыі дзяўчат у белым. За дзень у той час у мяне было каля 200–300 тэлефанаванняў. І гэта пры тым, што сім-карту БАЖ ужо тады адключылі, і мне людзі з усяго свету тэлефанавалі на асабісты тэлефон». Цікава, што акрамя запыту інфармацыі ўжо тады вельмі шмат людзей пачалі прапаноўваць дапамогу.

Наступным пераломным момантам для працы медыяў Барыс называе пратэсты на плошчы Пераменаў, дзе затрымалі журналістак «Белсату» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Ён узгадвае: «У лістападзе я зноў думаў, што маюць пачацца масавыя пагромы ў офісах, акурат пасля таго, як улады забілі Рамана Бандарэнку. Гэтак мы жылі да 16 лютага. У той дзень адбываўся суд над дзяўчатамі, і сапраўды да супрацоўнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў у кватэры і ў офіс уварваліся сілавікі з ператрусамі. Мы былі гатовыя да затрымання, але раптам супрацоўнікі ГУБАЗіКу кажуць, што нас не забіраюць. Таму я заехаў да калегаў у офіс і паехаў на суд да дзяўчат».

Барыс кажа, што ніколі ў жыцці нават не думаў пра пераезд з Беларусі. «Да ліпеня 2021 года ў мяне ўвогуле не існавала варыянтаў зʼехаць. Бо калі нас не затрымлівалі, значыць, мы маглі яшчэ працаваць. І нават у выходныя перад сваім адʼездам з нагоды чарговых пагромаў у рэдакцыях СМІ і ў праваабарончым цэнтры «Вясна» я цытаваў песню Спліна «Остаёмся зимовать». Але 16 ліпеня ўжо стала зразумела, што працаваць нам у Беларусі больш не дадуць: за два дні да гэтага затрымалі шмат праваабаронцаў, а праз дзень адбылася амаль поўная зачыстка медыяў».

Барыс згадвае, як крыху пазней гэтае нежаданне зʼязджаць са свайго дому, якое ён так моцна разумее, прывяло да затрымання Уладзіміра Мацкевіча і ягонай каманды, Ірыны Слаўнікавай і супрацоўнікаў БелаПАНу. «Нам сапраўды прыйшлося выехаць, каб хоць неяк працягваць дзейнасць. І цяперашняя праца выглядае абсалютна так жа, як і ў апошнія месяцы ў Менску. Ну, акрамя толькі таго, што тут, натуральна, больш развязаныя рукі. Бо ў той час нам ужо нават на афіцыйныя звароты перасталі адказваць. А тут мы аднавілі адукацыйныя праграмы, юрыдычныя. І ўсё, што рабіў БАЖ да адʼезду, у большай ці меншай ступені захавалася».

Ірына Слаўнікава, як і Барыс Гарэцкі, Алег Агееў і Аляксандр Старыкевіч, стала намесніцай старшыні БАЖ. Менск, Беларусь. 16 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Калі ж казаць пра статыстыку, то агулам, паводле Гарэцкага, за мяжу выехалі больш за 400 калегаў. Былі адзінкавыя выпадкі, калі нехта з іх вяртаўся, але яны закончыліся не вельмі добра. Так, напрыклад, намеснік старшыні БАЖ згадвае затрыманне Севярына Квяткоўскага, якога ў выніку ўсё ж выпусцілі з содняў, і яму ўдалося зноў пакінуць краіну.

Прычыны вяртання могуць быць розныя. І часта – звычайны страх: «Наконт страху не прыжыцца, я адразу скажу, што ў нас шмат партнёраў, з якімі мы камунікуем і спрабуем падтрымаць кожнага журналіста беларускай медыйнай прасторы: і тых, хто хоча заставацца ў Беларусі, і тых, хто выехаў. У прыярытэце, вядома, людзі, якія засталіся ў краіне, бо акурат у іх магчымасцяў працы значна менш, чым недзе ў эміграцыі». Калі ж казаць пра заўважныя цяперашнія тэндэнцыі, то беларускія медыі досыць лёгка здолелі перазапусціцца, але журналісты моцна пацярпелі за час працы на пратэстах, таму цяпер назіраецца голад кадраў. Тым, хто паспеў выгарэць, намеснік старшыні БАЖ раіць: «Абавязкова трэба нешта з гэтым рабіць. Звяртацца да псіхолагаў, адысці ад працы, памяняць род дзейнасці, бо працягваць забіваць сябе працай – гэта апошняе, што можна прыдумаць цяпер. А тым, хто да гэтай пары застаецца ў Беларусі, я б хацеў сказаць, што мы моцна вамі ганарымся. Вы, безумоўна, – нашыя героі. І ўсім чарговы раз нагадваю, што тую ж псіхалагічную дапамогу мы гатовыя знайсці для кожнага. Калі пра фінансы, то ёсць выдатны праект MediaSol (фонд, які дапамагае журналістам), мы з ім таксама супрацоўнічаем. Ён да сёння актыўна дзейнічае. І калі нават яго не будзе, мы ўсё роўна дапаможам. Шматлікія еўрапейскія краіны таксама гатовыя спрычыніцца да гэтай дапамогі».

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Фота: Белсат

Барыс нагадвае тым, хто выехаў або толькі збіраецца, пра тое, што вельмі важна не згубіцца. Нельга паддавацца думкам, што ты адзін. І галоўнае – памятаць, што ты выдатны прафесіянал. «Для пачатку трэба хаця б адшукаць сабе жытло, у чым таксама мы можам даць падказку, далучыцца да той супольнасці журналістаў краіны, у якую ты эміграваў, – і магчымасць працы зʼявіцца. А калі ўжо казаць пра бытавыя складанасці, то паўсюль цяпер шмат калегаў, якія гатовыя да сябе засяліць на нейкі час, завесці за руку ў краму, на легалізацыю ці ўладкаваць дзіця ў сад і школу».

Галоўная парада Барыса Гарэцкага – памятаць, што жыццё працягваецца, мы мусім змагацца далей, каб тое, што ўжо зроблена, не было марным. І дзеля агульнай перамогі трэба захаваць сябе і свае рэсурсы.

Інтэрв’ю
Фёдар Паўлючэнка з Reform.by: Якасць беларускай журналістыкі, нягледзячы ні на што, застаецца высокая
2022.06.20 18:57

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў