83-гадовая каралева Даніі кінула паліць. Яна курыла з юнацтва


83-гадовая каралева Даніі Маргрэдэ ІІ пазбавілася ад нікацінавай залежнасці, паведаміў часопіс «Her & Nu» са спасылкаю на заяву каралеўскага двара. Яна закурыла ў 17-гадовым узросце, а цяпер у звязку з аперацыяй на хрыбетніцы кінула.

Каралева Даніі Маргрэдэ ІІ.
Фота: Det danske kongehus / Facebook

Каралева Даніі перанесла аперацыю ў лютым. Лекары параілі ўстрымацца ад курэння за шэсць тыдняў да хірургічнага ўмяшання, каб знізіць рызыку заражэння, а раны хутчэй загаіліся.

Маргрэдэ ІІ, якая паліла 66 гадоў, да гэтых рэкамендацыяў прыслухалася і з таго часу не курыць. Хаця раней на пытанні пра тое, ці плануе яна кінуць шкодную звычку, казала: «Я такая старая, што гэта не мае значэння». Апошнім часам яна аддавала перавагу цыгарэтам без фільтра.

Будучай каралеве было 17 гадоў, калі яна пачала курыць. Першую цыгарэту ёй далі бацькі, заядлыя курцы.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў