Даверанасць за мяжой: як аформіць, калі патрэбная, у якіх сітуацыях не працуе і трэба ехаць у Беларусь


Беларусы, якія былі вымушаныя хутка з’язджаць з радзімы і не мелі часу развязаць юрыдычныя пытанні перад ад’ездам, часта праз некаторы час сутыкаюцца з сітуацыяй, калі вярнуцца немагчыма, а трэба прадаваць ці пераафармляць кватэры, выпісвацца, перапрапісвацца і гэтак далей. Як гэта зрабіць за мяжою? Ці ўва ўсіх сітуацыях можна перадаць прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў паводле даверанасці? Дзе і як яе афармляць? Даведаліся, што кажа на гэты конт беларускае заканадаўства і як справа выглядае на практыцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Gabrielle Henderson / unsplash.com

Якія пытанні можна развязаць праз даверанасць?

Для развязання большасці юрыдычных пытанняў на адлегласці можна перадаваць права прадстаўляць свае інтарэсы іншаму чалавеку праз даверанасць.

Даверанасць, паводле арт. 186 Грамадзянскага кодэксу Беларусі, – гэта пісьмовае ўпаўнаважанне, якое выдаецца адной асобай іншай для прадстаўніцтва перад трэцімі асобамі.

Беларусы за мяжою з дапамогаю даверанасці могуць развязаць наступныя пытанні: продаж і набыццё нерухомасці, рэгістрацыя на пэўным адрасе, перарэгістрацыя, выпіска праз суд, вядзенне розных справаў, звязаных з бізнесам, банкаўскія пытанні, распараджэнне транспартавым сродкам, афармленне разжэнства, прадстаўленне інтарэсаў у судзе, нават атрыманне кампенсацыі паводле страхоўкі, аформленай для выезду за мяжу, ды інш.

Як аформіць даверанасць у розных краінах?

Грузія

У Грузіі для афармлення даверанасці трэба зрабіць наступныя крокі:

  • складаеце чарнавік даверанасці па-расейску;
  • знаходзіце натарыуса ў Грузіі, які можа заверыць даверанасць на расейскай мове;
  • перакладаеце даверанасць на грузінскую мову;
  • натарыус правярае даверанасць на абедзвюх мовах і прапісвае ў іх, што яны завераныя на абедзвюх мовах;
  • вам выдаецца вашая копія даверанасці.

Апастыляваць даверанасць, зробленую ў Грузіі для Беларусі, не трэба. Грузія і Беларусь – удзельніцы Менскай канвенцыі 1993 года, якая прадугледжвае спрошчаны парадак легалізацыі дакументаў, таму ў яе межах не патрабуецца завярэнне дакументаў апастылем. Іншыя краіны-ўдзельніцы канвенцыі: Азербайджан, Туркменістан, Малдова, Расея, Арменія, Таджыкістан, Узбекістан, Украіна, Казахстан, Кыргызстан.

Прысутнасць даверанай асобы для складання даверанасці неабавязковая, чалавек можа быць у Беларусі ў гэты час. Аднак у дакуменце неабходна цалкам указаць ягоныя пашпартныя звесткі, гэтак жа, як і даверніка. Таксама трэба дакладна прапісаць дзеянні, якія вы давяраеце здзяйсняць ад вашага імя (генеральная даверанасць не заўсёды спрацоўвае, частыя выпадкі, калі просяць зрабіць асобную даверанасць і ў ёй прапісаць канкрэтную працэдуру), пазначыць дату і месца складання даверанасці, тэрмін яе дзеяння (арт. 187 ГК РБ).

Расея і Украіна

Даволі проста аформіць даверанасць у Расеі. Дастаткова будзе пашпартных дадзеных даверніка і даверанай асобы. Асабістая прысутнасць даверанай асобы не абавязковая. Апастыляваць даверанасць, аформленую ў Расеі, не трэба – дастаткова будзе натарыяльнага завярэння. Не патрэбны пераклад, бо расейская мова мае статус дзяржаўнай у Беларусі.

Паводле арт.13 Канвенцыі аб прававой дапамозе і прававых зносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, падпісанай 22 студзеня 1993 года (Менская канвенцыя, якую падпісалі ў тым ліку Беларусь і Расея), «дакументы, якія на тэрыторыі аднаго з бакоў дамовы вырабленыя ці засведчаныя ўстановай ці адмыслова ўпаўнаважанай на гэтай асобай у межах іх кампетэнцыі і па ўсталяванай форме і замацаваныя пячаткай, прымаюцца на тэрыторыях іншых бакоў дамовы без нейкага адмысловага пасведчання».

Гэта значыць, што дакументы, завераныя ва ўсталяваным парадку расейскім натарыусам, прымаюцца на тэрыторыі Беларусі, а дакументы, завераныя беларускім натарыусам, прымаюцца на тэрыторыі Расеі.

Амаль тое самае з афармленнем даверанасці ва Украіне, з той розніцай, што складзеная яна будзе на ўкраінскай мове, і для прадстаўлення ў Беларусі спатрэбіцца натарыяльна завераны пераклад. Апастыль не патрэбны.

Польшча і Літва

У Польшчы зрабіць даверанасць можна наступным чынам:

  • скласці тэкст даверанасці на польскай мове і заверыць яе ў польскага натарыуса;
  • пасля натарыяльнага завярэння заверыць даверанасць яшчэ раз, ужо ў раённым судзе паводле месца жыхарства;
  • у МЗС у Варшаве паставіць на дакумент апастыль, зрабіць гэта можна пры асабістым звароце ці праз пошту;
  • перадаць ці выслаць поштаю даверанасць у Беларусь, дзе перакласці яе на беларускую ці расейскую мову і заверыць пераклад у натарыуса.

Беларусь і Польшча – удзельніцы Гаагскай канвенцыі, падпісанай 5 кастрычніка 1961 года, якая адмяняе патрабаванне консульскай легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў. Гэта значыць, што для выкарыстання ў Польшчы дакументу з Беларусі, дастаткова, каб на ім стаяў апастыль, атрыманы ў кампетэнтным беларускім органе. Тое ж працуе і ў адваротны бок: у Беларусі можна карыстацца даверанасцю з апастылем, прастаўленым у Польшчы. Іншая легалізацыя не патрабуецца.

Падобны алгарытм для складання даверанасці дзеіць і ў Літве: спачатку складаецца тэкст на літоўскай мове, потым трэба атрымаць натарыяльнае завярэнне і апастыль, перадаць у Беларусь і перакласці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: fulopszokemariann / pixabay.com

Паміж Беларуссю і Літвой у 1992 годзе было заключанае пагадненне аб прававой дапамозе, згодна з якім дакументы прымаюцца без апастылю. Аднак на практыцы як у Літве, так і ў Беларусі часта патрабуюць апастыль.

Калі ёсць магчымасць звярнуцца ў консульства Рэспублікі Беларусь, зрабіць даверанасць можна там. Дзеля гэтага трэба патэлефанаваць у амбасаду і запісацца. Гэтая паслуга платная, кошты трэба ўдакладняць.

У якіх сітуацыях даверанасць не працуе?

Згодна з беларускім заканадаўствам, нельга праз даверанасць перадаваць свае бацькоўскія абавязкі, да якіх у Беларусі адносяць у тым ліку рэгістрацыю дзіцяці па пэўным адрасе і афармленне пашпарта няпоўнагадоваму.

Калі ў дзіцяці канчаецца тэрмін дзеяння пашпарта за мяжой і бацькі хочуць памяняць яго ў Беларусі, то нельга гэта зрабіць па даверанасці, напрыклад, на бабулю. Тут патрэбная толькі асабістая прысутнасць аднаго з бацькоў. Праз гэта ўзнікаюць праблемы з афармленнем беларускага пашпарта для дзяцей, народжаных за мяжою, бацькі якіх не могуць прыехаць у Беларусь. Консульствы Беларусі за мяжою не выдаюць першых пашпартоў нованароджаным, таксама пашпарт нельга зрабіць праз даверанасць у Беларусі.

Разбор
Зарэгістраваць шлюб, развесціся, памяняць пашпарт: як зрабіць гэта за мяжою
2023.05.14 07:00

Таксама нельга зарэгістраваць дзіця па беларускім адрасе праз даверанасць. У Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі ў адказ на пытанне, чаму поўнагадовага можна зарэгістраваць праз даверанасць, а няпоўнагадовага нельга, адказваюць, што гэта прадугледжана артыкуламі 68, 73 Кодэксу аб шлюбе і сям’і Беларусі. У гэтых артыкулах гаворыцца, што толькі бацькі ёсць законнымі прадстаўнікамі сваіх дзяцей. Да бацькоўскіх абавязкаў Дэпартамент грамадзянства і міграцыі далучае ў тым ліку рэгістрацыю дзіцяці паводле месца жыхарства/пэўнага адрасу.

Акрамя таго, праз даверанасць нельга аформіць шлюб, скласці тастамент (арт. 1040 ГК РБ).

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў