«Выглядала, як у фільмах пра Апакаліпсіс». Беларус распавёў, як Дубай перажыў залеву


У аўторак, 16 красавіка, на Дубай абрынулася залева, зусім нетыпова для Эміратаў – дождж быў такім моцным, што за дзень выпала амаль утрая больш за гадавую норму ападкаў. Дарогі ў горадзе затапіла, пад вадою была нават узлётна-пасадачная паласа ў аэрапорце. Беларус Сяргей (імя змененая з гледзішча бяспекі) бачыў усё гэта на свае вочы і распавёў нам, як адзін з самых багатых гарадоў планеты спраўляўся з прыродным катаклізмам.

«Гэта як калі б затапіла праспект Незалежнасці ў Менску»

Пачалося ўсё зранку ў аўторак – калі Сяргей паехаў у офіс, ужо ішоў даволі неслабы дождж.

«Але тады я яшчэ здолеў даехаць, папрацаваць некалькі гадзінаў і вярнуўся дамоў, бо бачыў, што ў такое надвор’е няма сэнсу клікаць працаўнікоў у офіс, тым больш што ўлады абвесцілі непрацоўны дзень праз непагоду, – распавядае беларус. – Самае цікавае пачалося пасля абеду – узмацніўся вецер, дождж. Пад вечар паўсюль сабралася так шмат вады, што ўсё плавала, у тым ліку аэрапорт».

У горадзе затапіла дарогі, двары, у вадзе апынулася шмат аўтаў – паводле Сяргея, станам на сераду лік пашкоджаных аўтамабіляў ішоў на дзясяткі тысячаў.

Dubai Marina skyline
Дубай. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Dubai Marina skyline.
Фота: A.Savin / Wikipedia

«Асноўная дарога Дубаю – шаша Шэйха Заіда – была ўся затопленая. Гэта, уявіце, як праспект Незалежнасці ў Менску цалкам затапіла б. Але тут нават сур’ёзней, бо ў нас можна аб’ехаць праспект, а тут не заўсёды гэта магчыма», – кажа мужчына.

Інфраструктура Дубаю аказалася цалкам негатоваю да такой моцнай залевы – у горадзе няма ліўневай каналізацыі, зазначае наш суразмоўца. Дзяржаўныя службы прасілі людзей заставацца ўдома, нават абвесцілі непрацоўны дзень у аўторак. Дый на наступны дзень не ўсе вярнуліся на працу – у некаторых месцах усё яшчэ было немагчыма даехаць, хоць уначы з аўторка на сераду ўсё супакоілася, і ўжо раніца ў сераду была сонечнай, без ветру і ні хмурынкі ў небе. Часткова запрацавала метро, што спынілася ў аўторак.

«Я паехаў у офіс. Мне ехаць якраз па шашы Шэйха Заіда праз амаль увесь Дубай. Дык на свае вочы пабачыў затоплены горад – вельмі шмат месцаў такіх яшчэ было, – распавядае Сяргей. – Шмат пашкоджаных машынаў, смецця і падобнага. Бачыў відэа, калі вецер зрываў мэблю з гаўбцоў і некуды зносіў, і гэта ўсё потым недзе валялася. Выглядала, як у фільмах пра Апакаліпсіс. Але цяпер ужо цёпла, сонейка, ветру няма, відавочна, непагадзь скончылася, службы прыводзяць горад у парадак».

Hавiны
Дубай затапіла надзвычай моцнай залевай: за дзень выпала 2,5 гадавой нормы ападкаў
2024.04.17 09:17

«Тут як у Савецкім Саюзе – усё заўсёды добра»

Наш суразмоўца жыве ў Дубаі тры гады і кажа, што такі дождж бачыў упершыню.

«Тут бывалі ліўні, я бачыў. І машыны таксама плавалі, але гэтым разам усё было нашмат маштабней, – кажа Сяргей. – Большасць праблемаў праз тое, што Дубай так збудаваны, што разлічаны на нуль міліметраў ападкаў, а не больш за 230, якія выпалі ў аўторак. У Лондане, напрыклад, за месяц выпадае каля 80 міліметраў ападкаў. На Дубай за дзень вылілася, як за тры месяцы бесперапыннага дажджу ў Лондане. Пішуць, што апошні раз падобнае было 75 гадоў таму».

Пра пацярпелых ад залевы ў Дубаі не паведамляецца, і, паводле нашага суразмоўцы, пра гэта можна і не даведацца.

«Дубай быў не эпіцэнтрам, нашмат сур’ёзней было ў Амане – там шмат чалавек загінула. А ці пацярпеў хто ў нас – невядома, і нават калі б яны і былі, ніхто не скажа, бо тут як у тым Савецкім Саюзе – усё заўсёды добра», – зазначае беларус.

Дзяржаўнае інфармагенцтва Эміратаў WAM паведамляла, што за дзень 16 красавіка выпала 254,8 мм ападкаў – рэкорд за 75 гадоў назіранняў. А як піша «Associated Press», гадавая норма для Дубаю – 94,7 мм.

Дубай размешчаны ў сухім і гарачым клімаце, ападкі там нячастыя. Таму шмат дзе адсутнічае інфраструктура, каб спраўляцца з паводкамі. Але праз змену клімату залевы здараюцца там, дзе іх практычна не бывала раней. Пра ахвяраў патопу ў Дубаі не паведамляюць. Але ў суседнім Амане за апошнія дні 18 асобаў загінулі ад паводкі, у тым ліку 10 школьнікаў.

Аб’ектыў
Небывалая паводка ў Арабскіх Эміратах: інфраструктура аказалася не гатовая
2024.04.17 20:39

Хоць найбліжэйшым часам надворʼе ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах абяцае быць добрым, у беларускіх турыстычных фірмах не раяць спяшацца ляцець туды адпачываць.

МЗС Беларусі заклікала тых беларусаў, якія ў звязку з паводкай апынуліся ў экстраннай сітуацыі, звяртацца па дапамогу ў Генеральнае консульства Беларусі ў Дубаі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў