Нарадзінца Мар’інай Горкі затрымалі за намер уступіць у ЗСУ


38-гадовага нарадзінца Марʼінай Горкі падазраюць у намеры ўступіць у ЗСУ. Пра ягонае затрыманне паведаміў Следчы камітэт Беларусі.

Скрыншот з відэа СК.

Паводле інфармацыі СК, мужчына працаваў пакавальнікам, пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну стаў шукаць магчымасць уступіць у ЗСУ. Сцвярджаецца, што ў сакавіку 2023 года ён спрабаваў прайсці мяжу і трапіць ва Украіну, за што быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці.

Мужчына нібыта звярнуўся ў амбасаду Украіны з прашэннем прыняць яго на службу добраахвотнікам, але яму адмовілі ў сувязі з адсутнасцю ўкраінскага грамадзянства. Пасля гэтага ён напісаў у чат-бот у Telegram.

«Падазраваны прапанаваў у якасці платы за грамадзянства падрыў чыгуначных шляхоў. Выказваючы рашучасць да здзяйснення тэракту, ён прасіў скаардынаваць ягоныя дзеянні», – заяўляюць у СК, сцвярджаючы, што пасля гэтага ён стаў «дзейнічаць праз Польшчу».

Мужчыну затрымалі працаўнікі ГУБАЗіКу. У дачыненні да яго працаўнікі следчага ўпраўлення Менску распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 13 ч. 1 арт. 361.3 («Рыхтаванне да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні») Крымінальнага кодэксу. Ён узяты пад варту.

Hавiны
«Рабіў гэта па заданні СБУ». БТ паказала сюжэт пра затрыманых у Лельчыцкім раёне «дыверсантаў»
2024.02.17 08:24

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў