«Наўрад ці гэта адмыслова». Офіс Ціханоўскай спытае ў «Google» пра дыскрымінацыю беларускай «Вікіпедыі»


Рэдактары беларускай «Вікіпедыі» заўважылі анамаліі ў выніках пошуку «Google»: расейскамоўныя артыкулы праекту з’яўляюцца вышэй, чымся версіі на нашай мове. Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Белсату», што Офіс звернецца да «Google» па тлумачэнні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Firmbee.com / Pexels

«Google» дыскрымінуе беларускую «Вікіпедыю» у выніках пошуку: пасля запытаў нават на беларускай мове вышэйшы ранг атрымліваюць расейскамоўныя артыкулы.

Гэта заўважылі рэдактары беларускай «Вікіпедыі», і спраўдзіць працу «Google» можа кожны. Напрыклад, на запыт «Беларусь» пошукавік першым дае спасылку на артыкул «Белоруссия» расейскай «Вікіпедыі».

Вынікі пошукавага запыту «Беларусь» у «Google». 18 красавіка 2024 года

З запытам «беларусы» – яшчэ цікавей. Першыя вынікі пошуку – два артыкулы расейскай «Вікіпедыі»: «Белорусы» і «Белоруссия». Акрамя таго, на першай старонцы вынікаў з’яўляюцца, напрыклад, belarus.by і president.gov.by, а вікіпедыйнага артыкула «Беларусы» на нашай мове няма наогул. Калі ж загугліць цалкам «беларусы вікіпедыя», тады ўсё як мае быць.

Галоўны дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў «Белсату», што Офіс ведае пра праблему і ўжо рыхтуе запыт у амерыканскую кампанію:

«У Офісе працуе каардынатар у сувязях з тэхкампаніямі, ён амаль штодня дасылае запыты. Як толькі нам паступіла праблема з “Вікіпедыяй”, мы пастанавілі накіраваць запыт у “Google”, як правіла, праз тыдзень-два атрымліваем адказ».

Спадар Вячорка пры гэтым сумняецца, што пошукавік адмыслова так шкодзіць, хутчэй, нешта з алгарытмамі:

«Наконт «Вікіпедыі» будзем яшчэ высвятляць, ці гэтая змена звязаная з нейкім палітычным рашэннем, ці гэта зноў жа наступствы нейкага алгарытму, але я сумняюся, што ў “Google” было нейкае прынцыповае рашэнне песімізаваць беларускую “Вікіпедыю”».

Дарадца Ціханоўскай нагадаў, што дэмакратычныя сілы ўжо не раз абмяркоўвалі з «Google» і асобна з «YouTube» працу пошуку і пытанні паказаў беларускамоўнага кантэнту:

«Яны ведаюць пра гэтую праблему. Там ёсць і аб’ектыўныя прычыны, таму што змена алгарытмаў дазваляе бачыць кантэнт на любой мове, нават калі чалавек уводзіць запыт па-беларуску, яму могуць з’яўляцца адказы і франкамоўныя, і расейскамоўныя, і ўкраінскамоўныя – сістэма сама перакладае, калі чалавек не выбраў у наладах інакш. Каб пабачыць толькі беларускамоўны кантэнт, у наладах “Google” трэба памяняць гэтую рэч».

Hавiны
«Google» блакуе беларускую «Вікіпедыю»?
2024.04.18 08:22

Пры гэтым бяздушныя алгарытмы лічаць колькасць кантэнту, і прадуктыўныя рэсурсы, зневажаючы на якасць гэтага кантэнту, больш падабаюцца пошукавым машынам.

«Найлепшае, што можна рабіць, – ствараць больш беларускамоўнага кантэнту. Чым больш будзе беларускай мовы, тым часцей яны будзе з’яўляцца, тым вышэй будзе паказвацца ў пошуку. Таму я заклікаю беларусаў, якія карыстаюцца сацсеткамі, рабіць кантэнт па-беларуску, прастаўляць беларускамоўныя гэштэгі, пераводзіць свае інтэрфейсы на беларускую мову», – сказаў Вячорка.

Каментар
Як Офіс Ціханоўскай пераконвае «Google» і «Facebook» падтрымаць беларусаў. Расказвае Вячорка
2024.01.09 15:43

Аўтар артыкулаў і даглядчык беларускай «Вікіпедыі» Антон Дзеручэнка ў размове з «Белсатам» пацвердзіў дыскрымінацыю «Google» на прыкладзе запыту пра свой родны горад:

«Я па-беларуску загугліў свой горад, і першую версію выдала па-расейску. Мабыць, тут ёсць пэўныя алгарытмы “Google”, якія зробленыя так, каб украінская знаходзілася, расейская знаходзілася, а для беларускай не хапіла месца. Напэўна, ёсць нейкі бан беларускай «Вікіпедыі» як не надта актуальнай, не надта чытальнай».

Усё праз тое, што бракуе «беларускага “Google”» – супрацоўнікаў, якія б цалкам лакалізавалі для нашай краіны ўсе сэрвісы кампаніі, у тым ліку вынікі пошуку, мяркуе адмысловец:

«Няма людзей, якія адказваюць за беларускую мову ў «Google». Яна там зроблена аўтаматычна».

Суразмоўца «Белсату» назваў важным, каб беларусы чыталі артыкулы «Вікіпедыі» менавіта ў беларускай версіі. Не мусіць быць такога, каб, напрыклад, гісторыю Беларусі мы вывучалі паводле артыкулаў, напісаных расейцамі.

«Інфармацыя на беларускай мове будзе падавацца больш па-беларуску. Нейкія падзеі, пра нейкія гарады, пра месцы, пра людзей падаецца ў тым ключы, у якім гэта трэба ведаць нам. Пагадзіцеся, грамадзянская вайна з пункту гледжання расейцаў, з пункту гледжання беларусаў і амерыканцаў – гэта зусім розныя падзеі, таму нам трэба даведвацца пра гэта з беларускіх нацыянальных крыніцаў», – падсумаваў аўтар «Вікіпедыі».

Разбор
Каб паўплываць на алгарытмы «Google», трэба змяніць мадэль паводзінаў у інтэрнэце цэлай нацыі
2023.11.04 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў