Будзьце пільныя! Па Віцебску бегае дзікі воўк


У некалькіх мікрараёнах Віцебску людзі пачалі заўважаць дзікую жывёліну. Меркавана, ідзецца пра ваўка, паведамляе гарадская адміністрацыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: VITEBSK_GIK / Telegram

У мясцовых чатах і каналах у Telegram разляцелася відэа з дваровай камеры назірання. На ім выразна відаць, як па пляцоўцы прабягае жывёліна, падобная да ваўка.

У інтэрв’ю выданню «Витебские вести» мясцовая жыхарка расказала пра сваю сустрэчу з дзікім зверам – яна разышлася з ім мірна.

«Быў вечар, і нашыя гадаванцы сталі неяк дзіўна паводзіцца. Не проста брахалі, а скуголілі. Такія паводзіны для іх былі зусім нетыповыя. Калі выйшла на вуліцу, заўважыла вялікую жывёліну з чорнай афарбоўкай. Воўк быў метры за два ад мяне. Паводзіны яго былі не агрэсіўныя, неўзабаве ён уцёк», – распавяла віцяблянка.

Праваахоўнікі арганізавалі кругладзённае патруляванне гораду ў суправаджэнні егера са спецабсталяваннем для адлову жывёліны. Таксама працаўнікі адлову свойскай жывёлы ДП «Спецаўтабаза г. Віцебску» пераведзеныя на кругладзённы рэжым працы.

Грамадзянаў просяць праяўляць пільнасць і асцярожнасць. Ні ў якім разе нельга набліжацца да жывёліны, кантактаваць з ёй, пакідаць без нагляду дзяцей на гульнёвых пляцоўках, трэба забяспечыць кантроль за імі пры іх перамяшчэнні вуліцамі гораду.

У выпадку выяўлення дзікай жывёліны важна неадкладна паведаміць у міліцыю на нумар 102.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў