У Беларусі сапраўды задумалі забараніць «прапаганду ЛГБТ» у медыях


Неназваны дэпутат прапанаваў міністру інфармацыі Беларусі дапоўніць закон «Аб СМІ» нормай пра забарону «прапаганды ЛГБТ», расказвае расейскае выданне «Sputnik». Гэта адбылася 18 красавіка падчас прыняцця ў першым чытанні правак у адпаведны закон.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вясёлкавы сцяг – сімвал ЛГБТ-супольнасці.
Фота: dvidshub.net, CC0

Палата прадстаўнікоў 18 красавіка разглядала законапраект аб зменах у закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Закон хочуць абнавіць у сувязі са зменамі ў Канстытуцыю, а таксама «з улікам правапрымяняльнай практыкі». У законе хочуць вызначыць парадак працы навінавых агрэгатараў і статус іхных уладальнікаў, пашырыць спіс падставаў да анулявання дзяржаўнай рэгістрацыі СМІ і блакавання сайтаў выданняў, удакладніць патрабаванні да ўладальнікаў сайтаў медыяў.

Як расказвае расейскі «Sputnik», на прапанову нейкага дэпутата ўключыць у закон забарону «прапаганды ЛГБТ» міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў адказаў: «Мы ўжо прынялі дастатковыя захады для таго, каб распаўсюд такой прадукцыі ў нашай краіне быў абмежаваны». Але дадаў, што «трэба ў комплексе падысці да распрацоўкі такога законапраекту і ключавую ролю павінны адыграць заканадаўцы, сцягнуўшы да сябе розныя ведамствы: і Мінадукацыі, і Мінздароўя, і Мінінфарм, і МУС, каб гэта быў комплексны і шырокі прававы акт».

Дзяржаўнае інфармагенцтва «БелТА» пры тым паведамляе, што «заўвагі і прапановы, якія паступілі, не маюць канцэптуальнага характару і будуць урэгуляваныя пры падрыхтоўцы законапраекту для разгляду ў другім чытанні».

За дзень да гэтага выданне «Салідарнасць» публікавала ліст ад намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага да нейкіх арганізацыяў «па спісе»: Бузоўскі бачыў «пагрозы нацыянальным інтарэсам» у распаўсюдзе нейкай літаратуры расейскіх выдаўцоў, якая «прапагандуе ЛГБТК+». Ён заклікаў «безумоўна выконваць заканадаўства Беларусі», спаслаўшыся чамусьці на законы Расейскай Федэрацыі.

У Расеі з 2006 года лакальна, а з 2013 года на федэральным узроўні ўводзяць забароны на «прапаганду ЛГБТ» – так там называюць фактычна любую згадку аб існаванні не гетэрасексуальных людзей. Спачатку забаранялі «прапаганду ЛГБТ» сярод непаўналетніх, а ў 2022 годзе яе забаранілі цалкам, звязаўшы пры тым з педафіліяй. Праз забарону ў Расеі цэнзуруюць кнігі, фільмы і песні – прыбіраюць любыя згадкі пра тое, што лічаць «нетрадыцыйнай арыентацыяй». Цэнзуравалі нават песню, у якой дзяўчына ўсяго толькі ўяўляе, што б рабіла, калі была бы хлопцам.

За распаўсюд «пазітыўнай інфармацыі пра ЛГБТ» у Расеі пагражаюць буйныя штрафы. Першая адміністратыўная справа пасля прыняцця поўнай забароны была распачатая супраць кніжнага выдавецтва за кнігу «Лето в галстуке», на вокладцы якой працытавалі артыкул Канстытуцыі РФ аб забароне цэнзуры.

Меркаванні
Памылка ў кодзе нацыянальнай свядомасці: калі чытаеш каментары пад артыкулам пра ЛГБТ
2023.04.04 18:23

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў