«Спаліўся» на Вялікадні: калі Пуцін і быў ва Украіне, то наўрад ці ў названы Крамлём дзень


Крэмль распавёў ранкам 18 красавіка, што Уладзімір Пуцін наведаў акупаваныя тэрыторыі Украіны. Даты ў прэс-рэлізе не называлі, але паведамленне гучала так, нібы гэта адбылося толькі што. Прэс-сакратар Пуціна заяўляў, што візіт быў 17 красавіка. Ды абвяржэнне гэтаму выданне «Агентство» знайшло на афіцыйным відэа.

Уладзімір Пуцін, як сцвярджаецца, дарыць абраз вайскоўцам у акупаваным Генічэску, Украіна. 18 красавіка 2023 года.
Фота: kremlin.ru

Паводле афіцыйных паведамленняў, Уладзімір Пуцін 17 красавіка ўручаў вайскоўцам у акупаваным Генічэску абраз, пры гэтым ён казаў: «Зараз вось Вялікдзень будзе, так?» У 2023 годзе праваслаўныя адзначаюць Вялікдзень 16 красавіка. Пуцін не мог пра гэта не ведаць: у ноч з 15 на 16 красавіка ён быў на велікоднай службе.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў ад сваіх словаў пра візіт 17 красавіка не адмовіўся: ён патлумачыў на прэс-коле, што царкоўнае святкаванне Вялікадня доўжыцца 40 дзён.

«Таму гэта проста памылкова ўхапіліся за гэтую фразу і адразу і сталі рабіць гіпотэзы таго, чаго не было. Гэтая паездка адбылася ўчора», – настойвае Пяскоў.

Ён таксама даў тлумачэнне яшчэ аднаму дзіўнаму моманту. На пытанне, чаму Пуціна не суправаджалі міністр абароны ці кіраўнік Генеральнага штабу, Пяскоў адказаў, што гэта было б рызыкоўна – «даваць такую спакусу праціўніку».

Нягледзячы на тлумачэнні Пяскова, прэс-служба Пуціна зацэнзуравала на відэа слова «будзе».

Украінскія медыі выказваюць вялікія сумневы ў тым, што Пуцін сапраўды наведаў акупаваныя тэрыторыі. Выказваюцца як здагадкі аб тым, што відэа з Пуціным маглі здымаць у Расеі (выразных прыкметаў таго, што дзеянне на відэа адбываецца ва Украіне, няма), так і аб тым, што ва Украіну прыехаў двайнік. Нават у расейскіх сацсетках сумняюцца. Напрыклад, пытаюць: калі прыехаў на Данбас, чаму не ездзіў у штабы ў Белгарадзе ці Сімферопалі? Звяртаюць увагу і на тое, што Пуцін трымае дыстанцыю ад людзей ад пачатку пандэміі, сустракаецца з чыноўнікамі за даўжэзным сталом і пасля працяглай ізаляцыі гасцей – а чалавек на відэа паціскае людзям рукі.

Агляд
Баі ў Бахмуце і Пуцін на Луганшчыне. Галоўнае пра вайну ва Украіне на ранак 18 красавіка
2023.04.18 11:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў