Беларусы чакаюць высокай інфляцыі – апытанне праекту «Вашы грошы»


Праект «Вашы грошы» правёў шостую хвалю апытання чытачоў пра інфляцыйныя чаканні. У асноўным рэспандэнты лічаць, што кошты ў Беларусі будуць расці гэтак жа хутка, як у пачатку года, або яшчэ хутчэй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аналітыкі праекту «Вашы грошы» адзначаюць, што іхны маніторынг не адлюстроўвае думкі ўсіх беларусаў, аднак рэгулярнасць дазваляе адсачыць дынаміку думкі.

Перад тым як спытаць, чаго людзі чакаюць ад інфляцыі, праект «Вашы грошы» пацікавіўся, як рост коштаў адчуваецца цяпер. Адказы атрымаліся блізкімі да восені 2023 года.

«Большасць апытаных ацэньваюць рост коштаў як умераны (41 %) і высокі (38 %). Тым не менш у студзені 2024 года ў параўнанні з кастрычнікам 2023 года прыкметна вырасла доля апытаных, якія не могуць сказаць (12 %), моцна выраслі кошты ці не», – пішуць «Вашы грошы».

Ацэнка інфляцыі апытанымі.
Фота: «Вашы грошы»

На думку экспертаў, гэта можа быць адным з вынікаў цэнавага рэгулявання, пры якім на шэраг прадуктаў і паслуг стрымліваюць кошты. Аднак іншыя тавары могуць даражэць вальней.

Паводле звестак Белстату, у студзені гадавая інфляцыя склала 5,9 %. Гэта супадае з адчуваннямі толькі 1 % апытаных.

«Больш за палову ўдзельнікаў апытання сышліся ў думцы, што рост коштаў склаў 14 %, гэта значыць, больш чым удвая перавышаў афіцыйны ўзровень інфляцыі», – адзначаюць «Вашы грошы».

Чаго чакаюць далей?

Апытаныя чытачы праекту «Вашы грошы» чакаюць, што кошты ў найбліжэйшы год будуць расці так жа хутка, як цяпер (45 %), або яшчэ хутчэй (38 %).

«Доля людзей, якія не могуць вызначыцца з думкаю, вырасла з 5 % да 8 %, што таксама можна запісаць на рахунак кантролю за коштамі ў краіне», – пішуць аналітыкі.

Інфляцыйныя чаканні апытаных.
Фота: «Вашы грошы»

Ніхто з рэспандэнтаў не сказаў, што чакае зніжэння коштаў. 1 % думае, што цэны будуць стаяць на месцы.

«Колькасць аптымістаў, якія прадугледжваюць, што кошты будуць расці, але павольней, чым цяпер, склалася на ўзроўні 8 %. Выходзіць, што, нягледзячы на вельмі жорсткае цэнавае рэгуляванне ў Беларусі, яго эфектыўнасць ацэньваецца хутчэй нізка», – працягваюць «Вашы грошы».

Большасць апытаных увогуле чакае двухзначнага росту коштаў. Нацбанк запланаваў, што інфляцыя па выніках 2024 года складзе да 6 %. У апытанні праекту «Вашы грошы» толькі 8 % думаюць, што так і будзе.

Інфляцыйныя чаканні апытаных.
Фота: «Вашы грошы»

«На практыцы такі стан рэчаў абцяжарыць выкананне мэтавых параметраў інфляцыі. Бізнес і насельніцтва будуць дзеяць з аглядкай на больш высокі чаканы рост коштаў і закладваць гэтыя чаканні ў свае фінансавыя паводзіны. Дзяржава ж, у сваю чаргу, будзе прымаць рашэнні, зыходзячы з іншых перадумоваў», – заключаюць аналітыкі.

Hавiны
Інфляцыя ў лютым паскорылася. Хутчэй за ўсё кошты раслі на камуналку, турызм і макароны
2024.03.12 18:18

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў