Сацыяльны ліфт для ябацек: распавядаем пра «Белую Русь» і яе лідара Алега Раманава


18 сакавіка ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход партыі «Белая Русь». Адная з самых масавых праўладных грамадскіх арганізацый трансфармуецца ў «партыю народнай бальшыні», каб падтрымліваць курс свайго правадыра Аляксандра Лукашэнкі. «Белсат» разбіраўся, як «Белую Русь» ужо збіраліся некалькі разоў рабіць партыяй.

18 сакавіка на ўстаноўчым сходзе ў Менску афіцыйна абвесцілі аб зʼяўленні новай партыі ў Беларусі. Размовы пра трансфармацыю «Белай Русі» ішлі больш за 10 гадоў.

Устаноўчы зʼезд партыі «Белая Русь», Менск, 18 сакавіка 2023 г.
Фота: БелТА

Што такое «Белая Русь»?

17 лістапада 2007 года ў Менску ў Палацы Рэспублікі, дзе Лукашэнка ладзіць свае інаўгурацыі, сабраліся 400 «лепшых людзей» краіны. Яны абвесцілі пра заснаванне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь». У сваёй дзейнасці абʼяднанне было «нацэлена на падтрыманне палітычнага курсу Аляксандра Лукашэнкі».

«Белая Русь» ад пачатку ў кулуарах называлі не інакш, як «партыяй улады» і нават казалі, што яна «ствараецца пад будучага прэзідэнта, і гэтым прэзідэнтам будзе старэйшы сын Лукашэнкі», за што самому Аляксандру Лукашэнку прыходзілася апраўдвацца, што ён не мае «ніякіх адносінаў да гэтай ідэі».

«Адурэўшыя начальнікі гоняць туды людзей»

На чале РГА «Белая Русь», якая была зарэгістравана 12 снежня 2007 года, стаў тагачасны міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў. Гэта пры ім настаўнікаў сталі актыўна задзейнічаць пры фальшаванні выбараў, а таксама ён «засвяціўся» спробай сумнавядомай рэформы аб 12-гадовай сярэдняй школе ў 2008 годзе.

Нягледзячы на неблагі старт «Белай Русі», заявы пра патрэбу калегіяльнага кіраўніцтва ў краіне і магчымасць ператварэння аб’яднання ў палітычную партыю, амбіцыі на ўдзел у парламенцкіх выбарах 2008 года, але далей раздзьмухвання колькасці сяброў арганізацыі за кошт бюракратыі яна не пайшла. І калі цягам першага году (да І з’езду арганізацыі ў кастрычніку 2008 года) яна ўжо мела каля 75 тысяч удзельнікаў, то на 2012 год на момант правядзення ІІ з’езду аб’яднанне налічвала 132905 сяброў пры 7208 «пярвічках».

Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Пра такі хуткі рост за кошт загонаў бюракратыі ў «Белую Русь» Лукашэнка абяцаў разабрацца яшчэ ў самым яе пачатку, калі «мы высветлім, што нейкія адурэўшыя начальнікі гоняць туды людзей». Але, зразумела, што нічога на гэты конт не было зроблена, а «Белая Русь» больш нічым, акрамя памеру не вылучалася.

Стаць партыяй перашкодзілі пратэсты «дармаедаў»

Напярэдадні новай выбарчай кампаніі, запланаванай на 2019-2020 гады, праект «Белая Русь» вырашылі рэанімаваць і зноў паспрабаваць ператварыць яе ў партыю ў сувязі з падрыхтоўкай да магчымай паўнавартаснай перабудовы ўсёй партыйнай сістэмы. Ужо тады ўлады вузкім колам абмяркоўвалі тыя падставы для скарачэння колькасці палітычных партыяў, якія былі ўрэшце закладзены ў закон, прыняты 25 студзеня 2023 года. А менавіта «мінімальная мяжа колькасці для стварэння палітычнай партыі» у 5 тысячаў сяброў.

«Белая Русь» павінна была зрабіцца краевугольным каменем усёй перабудовы партыйнай сістэмы і абвесціць аб ператварэнні яе ў партыю павінны былі на ІІІ з’ездзе аб’яднання, прызначанага на 28 кастрычніка 2017 года. Але ў Беларусі тады пачаліся хваляванні з-за дэкрэту аб так званых «дармаедах», у выніку змены палітычнай сістэмы вырашылі перанесці, як і з’езд «Белай Русі».

Актор у якасці наглядчыка

Ідэя ператварэння «Белай Русі» у партыю магла б адбыцца і даць пачатак сапраўдным зменам палітычнай сістэмы краіны. Зразумела, што на ролю партыйнага лідара 66-гадовы Радзькоў, пры якім аб’яднанне проста дэградавала, зусім не падыходзіў. На гэтую пасаду добра пасавалі яго пераемнікі – Сяргей Пігарэў і Аляксандра Шацько. Але даволі нечакана старшынёй арганізацыі, якая на той час ужо налічвала 167988 сяброў, на перанесеным ІІІ з’ездзе, які адбыўся 19 студзеня 2018 года быў абраны Генадзь Давыдзька. Ён з’яўляўся колішнім дырэктарам Купалаўскага тэатру і старшынёй Белтэлерадыёкампаніі, які заявіў, што ніякай партыяй «Белая Русь» не стане: «Мэта любой партыі – гэта барацьба за ўладу. «Белая Русь» за ўладу не змагаецца, яна змагаецца за росквіт нашага грамадства».

Ірвенне некаторых сяброў «Белай Русі», якая налічвала ўжо 171,6 тысяч чалавек, ператварыцца ў партыю напалохала Лукашэнку, які казаў, што «стрымлівае» арганізацыю.

Але ўсё змянілася пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 года, зноў паўстала патрэба ў «Белай Русі», каб актывізаваць дзяржаўную бюракратыю хоць да якой-кольвек працы.

У верасні 2021 года Давыдзька абмовіўся, што ён разам з «групаю таварышаў» плануе на базе «Белай Русі» заснаваць партыю «За Родину». Але патугі Давыдзькі так і засталіся толькі незразумелымі прамовамі.

На чале з прыхільнікам «русского мира»

8 чэрвеня 2022 года Давыдзьку змяніў на пасадзе кіраўніка «Белай Русі» Алег Раманаў, які за некалькі гадоў пабудаваў кар’еру ад выкладчыка Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы да рэктара Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, сенатара і, нарэшце, старшыні «Белай Русі». Алег Раманаў – ураджэнец Горадні, філосаф, які піша пра «усходнеславянскую цывілізацыю» (спіс яго працаў – тут), прыхільнік «рускага міру» і «заходнерусіст» па сваіх поглядах на гісторыю Беларусі.

Алег Раманаў крайні злева. Устаноўчы зʼезд партыі «Белая Русь», Менск, 18 сакавіка 2023 г.
Фота: БелТА

Адразу ж пасля прызначэння, Раманаў, спасылаючыся на Лукашэнку, адзначыў, што «Белая Русь» збіраецца стаць партыяй. Пры гэтым яшчэ 1 жніўня 2022 года Лукашэнка тлумачыў, што «я пастаянна не тое каб стрымліваю іх (гэта іх права), а папярэджваю, што тут спешка абсалютна ні да чога».

Пасля прыняцця закону аб партыях напрыканцы студзеня 2023 года на сайце «Белай Русі» з’явілася праграма і ўстаў будучай партыі. Але гэтыя дакументы выклікаюць менш цікавасці, чым тыя шматлікія выступленні і інтэрвю, што даў сам Раманаў ды іншыя прадстаўнікі «Белай Русі».

Назва з разлікам на экспарт?

Сам Раманаў характарызуе найважнейшае, што адбылося 18 сакавіка ў Менску на ўстаноўчым сходзе партыі так: «Самае галоўнае на ўстаноўчым сходзе – ці ствараць палітычную партыю? Калі так, то якую назву яна будзе мець?» І сапраўды, як карабель назавеш, так ён і паплыве.

Працоўная назва, якая прысутнічае ў дакументах – «Беларуская палітычная партыя «Белая Русь». Будучая партыя быццам імкнецца пераканаць, што яна менавіта «беларуская», а не якая іншая. У той жа час сам Раманаў раней прапаноўваў яшчэ адну назву: «Партыя Белай Русі». Менавіта такая назва больш пасавала ёй з разлікам найперш не на беларускую аўдыторыю, а з улікам асабістых поглядаў яе старшыні і разлікам на тое, што партыя павінна актыўна ажыццяўляць інтэграцыю з Расеяй і рана ці позна атрымае доступ і да расейскага электарату.

Прыхільнікі Лукашэнкі
Удзельніца мітынгу прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі каля Камароўскага кірмашу ў Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Паводле прыкладу КПСС

Часам Алег Раманаў абмаўляецца па Фрэйду: «Здаровая канкурэнцыя яна неабходна, таму што манаполія на ўладу ніколі да добрага не прыводзіць». Але, відавочна, ні пра якую канкурэнцыю ў сённяшняй Беларусі размовы не ідзе.

Таксама Алег Раманаў спрабаваў тлумачыць, што «партыя, якую мы ствараем – гэта не кіроўная партыя, не партыя ўлады. Яна не будзе прэтэндаваць, каб быць кіроўнай сілай беларускага грамадства». У той жа час у партыйных дакументах падкрэслеваецца «падтрыманне кіраўніка беларускай дзяржавы», а сама арганізацыя, па прыкладу КПСС, павінна выступіць крыніцай новых кадраў для дзяржаўнага кіраўніцтва і сацыяльным ліфтам для прыхільнкаў дзейнай улады.

Напрыканцы лютага міністр юстыцыі Сяргей Хаменка выказаў меркаванне, што пасля перарэгістрацыі ў Беларусі замест 15 партыяў застанецца ўсяго 3 ці 4. Такі прагноз міністра прагучаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання.

Аналітыка
Новыя элементы таталітарнай сістэмы, якія яе не ўратуюць. Як у Беларусі ўзяліся за партыі
2023.02.13 08:39

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў