Галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» не выйшаў на волю праз трое содняў пасля затрымання


Аляксандр Манцэвіч з 15 сакавіка знаходзіцца ў ІЧУ г.Маладзечна. Што яму інкрымінуюць –  невядома.

Аляксанр Манцэвіч.
Фота: Радыё Свабода

Пра тое, што галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» не выйшаў на волю, паведаміла ягоная дачка Наста Манцэвіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Чацвёртыя суткі пайшлі як тата знаходзіцца ў ІЧУ Маладзечна. Нягледзячы на нашыя спадзяванні, пасля 72 гадзінаў з-за кратаў ён не выйшаў. Маё сэрца даўно разбітае, але калі закранае на такім асабістым узроўні, гэта, канешне, пераварыць складана. Цяпер да ўсяго яшчэ кладзецца дадатковая адказнасць на плечы – клапаціцца пра тату, падтрымліваць маму».

Аляксандра Манцэвіча разам з жонкай затрымалі 15 сакавіка ўдома. Пасля жонку адпусцілі, а спадар Аляксандр застаўся за кратамі. У той жа дзень ператрус адбыўся і ў рэдакцыі слуцкай газеты «Інфа-Кур’ер». Галоўны рэдактар выдання Сяргей Станкевіч і ягоны намеснік Алег Рубчэня дагэтуль у ІЧУ.

У 2022 годзе матэрыялы «Рэгіянальнай газеты» былі прызнаныя ўладамі экстрэмісцкімі. Папяровае выданне перастала выходзіць яшчэ ў 2021 годзе, аднак газета працягнула працу ў сацсетках.

Hавiны
Да галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» прыйшлі з ператрусам, ён і жонка зніклі
2023.03.15 16:21

«Рэгіянальная газета» пачала выходзіць у 1995 годзе. У ёй друкаваліся матэрыялы пра жыццё ў 6 раёнах Беларусі: Маладзечанскім, Вялейскім, Мядзельскім, Валожынскім, Смаргонскім, Ашмянскім і Астравецкім.

Па стане на 18 сакавіка 2023 за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 36 журналістаў і супрацоўнікаў медыя, паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў