Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўракамісіі і новаабраным прэзідэнтам Чэхіі


Падчас працоўнага візіту ў Мюнхен 17 лютага Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнткай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен і новаабраным прэзідэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам. У Нямеччыне Ціханоўская возьме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі ў справе бяспекі.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з прэзідэнткай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская распавяла прэзідэнтцы Еўракамісіі пра апошнія рэпрэсіі, сумную сітуацыі з палітычнымі зняволенымі і пра судовыя працэсы ў краіне. Яна заклікала павялічыць падтрыманне для рэпрэсаваных, правабаронцаў, медыяў і грамадзянскай супольнасці.

Яны абмеркавалі стварэнне міжнароднай кааліцыі дзеля падтрымання незалежнай Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што Лукашэнка імкліва здае беларускі суверэнітэт і неабходныя рашучыя дзеянні, каб спыніць паглынанне Беларусі Расеяй.

Таксама падчас сустрэчы закранулі сітуацыю з абыходам санкцыяў рэжымам. Ціханоўская заклікала Еўразвяз закрыць пралазы: у прыватнасці, рэжым спрабуе абысці санкцыі на калійныя ўгнаенні і пад выглядам клопату пра харчовую бяспеку ў свеце спрабуе дабіцца змякчэння санкцыйнага рэжыму. Ціханоўская падкрэсліла, што санкцыі павінны біць па рэжыме і яго памагатых, а не па беларусах.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з Пэтрам Павэлам.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас сустрэчы з Пэтрам Павэлам Святлана Ціханоўская падзякавала Чэхіі за дапамогу чэшскіх дыпламатаў у розных краінах, у прыватнасці, чэшскага пасольства ў Літве і ў Менску, і прывітала рашэнне панізіць дыпламатычную прысутнасць у Менску.

Ціханоўская выказала спадзяванне на шчыльную супрацу з камандай прэзідэнта і чэшскім урадам. Яна папрасіла знайсці рашэнне для беларускіх студэнтаў, многія з якіх не могуць працягваць вучобу праз візавыя абмежаванні, уведзеныя пасля вайны. Акрамя гэтага яна папрасіла прэзідэнта падтрымаць рэзалюцыю Сенату аб прызнанні КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з Пэтрам Павэлам.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У тым ліку падчас сустрэчы з чэшскім прэзідэнтам Ціханоўская распавяла пра цяперашнія намаганні дэмакратычных сілаў для вызвалення палітвязняў, супрацьдзеяння расейскай прапагандзе і расейскім вайскоўцам на беларускай тэрыторыі. Таксама Ціханоўская адзначыла ролю беларускіх добраахвотнікаў і палка Каліноўскага ў барацьбе за вызваленне Украіны і Беларусі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская правяла перамовы з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам і кіраўніком яго канцылярыі Вольфгангам Шмітам. Таксама запланаваныя сустрэчы з шэрагам еўрапейскіх і сусветных палітыкаў падчас Мюнхенскай канферэнцыі ў справе бяспекі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў