ЗША зноў прызналі хусітаў тэрарыстамі і нанеслі па іх новы ўдар у Емене


Еменская групоўка хусітаў ужо трапляла ў спіс міжнародных тэрарыстычных арганізацыяў у часе мінулай амерыканскай адміністрацыі, ды неўзабаве яе са спісу прыбралі. На атакі хусітаў на караблі ў Чырвоным моры міжнародная кааліцыя адказала ўдарамі па хусіцкіх пазіцыях, а 17 студзеня Злучаныя Штаты вярнулі групоўку ў спіс тэрарыстаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковы самалёт «AV-8B Harrier» прызямляецца на ўніверсальны дэсантны карабель «USS Bataan» у Чырвоным моры. Снежань 2023 года.
Фота: U.S. Central Command / X

Пра ўнясенне еменскай групоўкі «Ансар Алах» (больш вядомай як хусіты – паводле прозвішча лідараў) у амерыканскі спіс «адмыслова азначаных глабальнымі тэрарыстамі» расказаў дарадца ў нацыянальнай бяспецы прэзідэнта ЗША Джэйк Саліван. З ягоных словаў, напады хусітаў на ўзброеныя сілы ЗША і міжнародныя караблі – гэта «хрэстаматыйнае азначэнне тэрарызму».

«Вызначэнне набудзе моц праз 30 дзён, каб мы мелі магчымасць забяспечыць надзейныя гуманітарныя выключэнні, каб нашыя дзеянні былі скіраваныя на хусітаў, а не на народ Емену, – расказаў Саліван. – Мы выдадзім беспрэцэдэнтныя выключэнні і ліцэнзіі, каб дапамагчы перадухіліць негатыўнае ўздзеянне на еменскі народ. Народ Емену не павінен плаціць цану за дзеянні хусітаў».

Санкцыі супраць тэрарыстаў, дадаў ён, не закрануць камерцыйных паступленняў у еменскія парты, бо еменцы залежаць ад атрыманага харчавання, медыкаментаў і паліва. Наадварот, будуць прынятыя праграмы для забеспячэння харчавання, медыкаментаў і гуманітарнага спрыяння, паабяцаў ён.

Разам з тым, падкрэсліў Саліван, Злучаныя Штаты «не будуць вагацца» наконт наступных дзеянняў для абароны сваіх людзей і плыні міжнароднай камерцыі.

У той жа час Штаты нанеслі чарговы ўдар па хусітах. Цэнтральнае камандаванне ЗША 17 студзеня паведаміла, што амерыканскія сілы нанеслі ракетныя ўдары па 14 ракетных сістэмах хусітаў у Емене. Перад гэтым камандаванне паведамляла, што з падкантрольнай хусітам тэрыторыі запусцілі дрон-камікадзэ ў бок амерыканскага карабля-сухагруза ў Адэнскай затоцы (ад удару ніхто не пацярпеў, карабель працягнуў рух, хоць атрымаў пашкоджанні).

Аналітыка
Чаму хусіты далучыліся да вайны супраць Ізраілю, і хто яны такія
2023.11.03 08:00

У 2004 годзе шэйх Хусэйн аль-Хусі рэзка раскрытыкаваў кіраўніцтва Емену за «праамерыканскасць», абвясціў сябе імамам і заявіў пра стварэнне эмірату. Неўзабаве ён быў арыштаваны, што справакавала ўзброеныя паўстанні ягоных паслядоўнікаў. У тым жа годзе шэйх быў забіты, але групоўку ўзначаліў ягоны брат. У пачатку 2015-га хусіты захапілі ўладу ў значнай частцы краіны, у тым ліку занялі сталіцу, а таксама прымусілі прэзідэнта Абд ар-Раба Мансура аль-Хадзі ўцячы за мяжу. Аднак цалкам узяць пад кантроль Емен ім не ўдалося.

У 2021 годзе ЗША залучылі «Ансар Алах» у спіс тэрарыстычных арганізацыяў. Аднак потым адпаведнае рашэнне было скасаванае, у тым ліку пад ціскам Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, бо гэта стварала праблемы для гуманітарнай дапамогі Емену. Хусітаў лічаць тэрарыстамі законныя ўлады Емену, Саудаўская Аравія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Малайзія.

У канцы 2023 года хусіты заявілі, што будуць атакаваць «усе караблі, што накіроўваюцца ў Ізраіль». Сам Ізраіль мала адчуў наступствы атак, але гандаль праз Чырвонае мора практычна спыніўся. Маршрут праз Чырвонае мора і Суэцкі канал забяспечваў каля 12 % сусветнага марскога гандлю. ЗША вінавацяць Іран у падтрыманні хусітаў і нават у наўпроставых атаках у Чырвоным моры, улады Ірану адмаўляюць сваю датычнасць.

У сярэдзіне студзеня 2024 года Злучаныя Штаты і Злучанае Каралеўства пачалі наносіць удары па вайсковых аб’ектах хусітаў. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў, што ўдары могуць працягнуцца, калі хусіты не перастануць атакаваць гандлёвыя і вайсковыя караблі ў эканамічна важным рэгіёне.

Іран тым часам можа ўцягнуцца ў вайну з Пакістанам. 16 студзеня Іран нанёс удары ракетамі і дронамі па тэрыторыі Пакістану, заявіўшы, што біў па штабе тэрарыстычнай групоўкі «Джэйш аль-Адль». 18 студзеня Пакістан адказаў ударамі па тэрыторыі Ірану – як кажуць пакістанскія ўлады, па пазіцыях тэрарыстаў.

Аналітыка
Крок да вялікай вайны ці яе перадухіленне? Якія наступствы будуць мець удары ЗША ў Емене
2024.01.12 17:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў