Менскі аэрапорт не плануе прыбіраць англійскую мову, як гэта зрабілі на чыгуначным вакзале


У нацыянальным аэрапорце «Менск» паведамілі, што не плануюць змяняць навігацыю і інфармацыйныя табло, аформленыя на чатырох мовах. Кажуць, што ніякіх загадаў на гэты конт не атрымвалі. Раней надпісы на англійскай мове прыбралі на чыгуначным вакзале, спаслаўшыся на тое, што ў нашай краіне толькі дзве дзяржаўныя мовы, а кожнаму замежніку не дагодзіш.

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 30 красавіка 2020 года. 
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Пакуль няма інфармацыі, што нешта мусіць змяніцца. Аніякіх загадаў мы не атрымоўвалі», – сказалі ў менскім аэрапорце карэспандэнту «Белсату», які назваўся прыватнай асобаю. Пры гэтым адзначылі неабходнасць дублявання на некалькіх мовах абвестак ды іншай інфармацыі:

«На цяперашні момант зменаў няма, але ж мы міжнародны аэрапорт».

Табло і шыльды ў тэрмінале аформленыя на беларускай, расейскай, англійскай і кітайскай мовах.

Інфармацыйнае табло ў нацыянальным аэрапорце «Менск». 29 лістапада 2023 года.
Фота: Irina Burova / Google Maps

Раней на чыгуначным вакзале Менску надпісы на англійскай мове заляпілі стужкаю, падобнай на ізаляцыйную. Ва ўпраўленні БЧ растлумачылі гэтыя захады тым, што ў нашай краіне толькі дзве афіцыйныя мовы – беларуская і расейская, і цяпер усё «прыведзенае ў адпаведнасць з заканадаўствам». На пытанне, як замежнікам арыентавацца на вакзале без навігацыі па-англійску, працаўнік чыгункі адказаў сваім пытаннем:

«Дык гэта трэба цяпер на кожнай мове пісаць, калі кожны замежнік будзе прыязджаць, ці як?»

Аналітыка
«Для кожнага замежніка на яго мове пісаць?» На чыгунцы растлумачылі, чаму на вакзале Менску схавалі надпісы на англійскай
2024.01.16 18:41

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў