Больш за 70 тысячаў беларусаў паведамілі ў МУС пра наяўнасць ВНЖ або грамадзянства іншых дзяржаваў


Больш за 70 тысячаў беларусаў ужо паведамілі ў органы МУС аб тым, што маюць грамадзянства ці від на жыхарства іншай краіны. Аб гэтым паведаміў у эфіры «АНТ» начальнік дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.

Аляксей Бягун у эфіры «АНТ».
Фота: скрыншот з відэа / АНТ

Аляксей Бягун нагадаў, што з ліпеня 2023 года ў беларусаў з’явіўся абавязак цягам трох месяцаў з моманту атрымання грамадзянства або ВНЖ іншай краіны паінфармаваць аб гэтым або органы МУС, або органы дыпламатычнай службы, або «асабіста звярнуўшыся і запоўніўшы адпаведнае паведамленне».

Паводле словаў Бегуна, гэта было прадыктавана тым, што, «набываючы грамадзянства іншай краіны, ён дае адпаведную прысыгу на вернасць той краіны, і фактычна некаторыя абмежаванні ў дачыненні да гэтай катэгорыі грамадзянаў можна ўсталяваць». Для такой катэгорыі грамадзянаў, адзначыў начальнік дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС Беларусі, трэба асцярожна адносіцца ў пытаннях допуску да дзяржаўных сакрэтаў, праходжання дзяржаўнай службы, службы ў арміі, да пытанняў «прызначэння ці выбараў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дэпутатаў мясцовых органаў уладаў».

«Мы ў цяперашні момант атрымалі больш за 70 тысячаў паведамленняў сумесна з органамі дыпламатычнай службы пра наяўнасць у грамадзянаў або грамадзянства, або віда на жыхарства, або карты паляка. І паведамленні прыходзяць у Міністэрства ўнутраных справаў, прынамсі, кожны дзень, і мы працягваем іх фіксаваць і накіроўваць зваротную сувязь такім грамадзянам пра тое, што дакументы прынятыя», – адзначыў начальнік дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС.

Пры гэтым Аляксей Бягун адзначыў, што пакуль непаведамленне пра наяўнасць грамадзянства або ВНЖ не з’яўляецца правапарушэннем, аднак цяпер гэтае пытанне прапрацоўваецца «кампетэнтнымі органамі», каб увесці адпаведную адказнасць. Паводле ягоных словаў, дакумент збіраюцца прыняць у 2024 годзе.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў