Памерла беларуская антысавецкая падпольшчыца Леакадзія Шышэя


У Літве ў веку 95 гадоў памерла ўдзельніца беларускага пасляваеннага супраціву Леакадзія Шышэя. Пра гэта паведаміла актывістка беларускай грамады ў Літве Людвіка Кардзіс.

Леакадзія Шышэя.
Фота: vytoki.net

Леакадзія Шышэя (у дзявоцтве Кавальчук) нарадзілася 1 чэрвеня 1928 года. У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая планавала змаганне за нацыянальныя правы, годнасць, культуру, мову, гісторыю, свабоду і незалежнасць беларусаў. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 года «Чайка» была выкрытая, а Леакадзія – арыштаваная за ўдзел у антысавецкай арганізацыі.

Утрымлівалася ў баранавіцкай турме. Затым была асуджаная на тэрмін 8,5 года. Разам з ёй у ГУЛАГу адбывала пакаранне славутая беларуская паэтка Ларыса Геніюш.

У 1954 годзе вызвалілася з канцлагераў. Пасля вызвалення Леакадзія Шышэя разам са сваім мужам Кастусём Шышэем прыехала ў Вільню, дзе і жыла. Узнагароджаная медалём «100 гадоў БНР» Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў