«Ёсць разбурэнні». Медыі паведамілі пра бой з украінскімі дыверсантамі ў Белгародскай вобласці


Губернатар Белгародскай вобласці ў сваім Telegram-канале напісаў пра «стралковы бой з супраціўнікам» на мяжы сяла Цярэбрана і пра абстрэл гэтага паселішча вайскоўцамі ЗСУ. Выданне «Baza» сцвярджае, што ў расейскі рэгіён трапіла ўкраінская дыверсійная група.

Сяло Цярэбрана ў Белгародскай вобласці на мяжы з Украінаю. Крыніца: Google Maps

«Пад абстрэлам ЗСУ знаходзіцца сяло Цярэбрана. Паводле папярэдняй інфармацыі, на мяжы сяла ідзе стралковы бой з супраціўнікам. Маюцца пашкоджанні лініі электраперадачы ў некалькіх сёлах. Аварыйныя і аператыўныя службы пачнуць ліквідацыю наступстваў пасля ўзгаднення з міністэрствам абароны», – напісаў днём кіраўнік Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў у сваім Telegram-канале.

Выданне «Baza» сцвярджала, што расейскія вайскоўцы сутыкнуліся з «украінскай дыверсійнай групаю». «У Цярэбране жывуць каля 200 асобаў, жыхароў не эвакуявалі, людзі хаваюцца ў сховішчах», – паведаміў канал.

Увечары Гладкоў распаўсюдзіў інфармацыю, што пацярпелых сярод цывільных няма:

«Маюцца разбурэнні: пашкоджаны адзін прыватны жылы дом і альтанка. У светлы час содняў абыход па дамах працягнецца. Таксама пашкоджаныя лініі электра- і газазабеспячэння. Аварыйныя службы пачалі ліквідацыю наступстваў».

Пра вынікі «стралковага бою з супраціўнікам» нічога не паведаміў ні губернатар, ні Мінабароны Расеі.

Украіна пра сутыкненне на тэрыторыі Белгародскай вобласці ніякай інфармацыі не давала. Дзяржаўная памежная служба сёння распаўсюдзіла каментар спікера Андрэя Дэмчанкі, які назваў складанаю сітуацыю на мяжы з Расеяй. Паводле ведамства, «вораг актывізаваў дыверсійна-выведныя групы на Сумшчыне і Харкаўшчыне». Сяло Цярэбрана знаходзіцца акурат ля мяжы з Сумскай вобласцю Украіны.

Раней расейскія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, неаднаразова паведамлялі пра дыверсіі ў прымежных раёнах Расеі, у тым ліку на тэрыторыі Белгародскай вобласці. Пра сённяшні рэйд, калі ён насамрэч быў, гэтыя фармаванні нічога не паведамлялі.

Аналітыка
Навошта ладзіўся прарыў у Белгародскую вобласць і ці можа сітуацыя паўтарыцца ў Беларусі?
2023.05.23 19:13

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў