Вырашальныя бітвы чэмпіянату свету па футболе ў Катары. А суддзі хто?


22-і чэмпіянат планеты па футболе ў Катары падышоў да сваёй кульмінацыі. Для кагосьці вельмі хутка, для кагосьці – нарэшце.

Амаль месяц цікавых і шмат у чым непрадказальных двубояў высветлілі квартэт наймацнейшых, які сёння і заўтра (за трэцяе месца згуляюць Харватыя і Марока, за Кубак свету – Аргентына і Францыя) у адзін і той жа час (18-я па Беларусі) распачнуць змаганне ўжо непасрэдна за медалі. Яшчэ не вядомыя склады камандаў, але можам пазнаёміць з іншымі галоўнымі дзейнымі асобамі, ад якіх таксама шмат у чым залежыць якасць відовішча – суддзямі.

Суддзя з Катару Абдулрахман аль-Джасім.
Фота: Marcelo Machado de Melo / imago sport / Forum

Суботні «малы фінал» аддалі ў якасці рэверансу перад арганізатарамі 35-ці гадоваму катарцу Абдулрахману аль-Джасіму (Abdulrahman Al-Jassim). Выбар абсалютна нечаканы. Хаця ён рэферы ФІФА з 2013-га году. Кіраўніка Судзейскага камітэту ФІФА – італьянца П’ерлуіджы Каліну часта крытыкавалі за тое, што на найбольш важныя матчы прызначаюцца ягоныя падначаленыя з УЕФА. Але гэта не так. Двубоі за трэцяе месца на мундыялях еўрапеец апошні раз абслугоўваў у далёкім 1990-м годзе: на Stadio San Nicola у італьянскім Бары французскі суддзя Жаэль Кінью (Joël Quiniou) зафіксаваў перамогу гаспадароў над Англіяй з лікам 2:1. Пасля рэферы «бронзавых спрэчак» станавіліся прадстаўнікі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Парагвая, Кувейта, Японіі, Мексікі, Алжыру ды Ірана. Цяпер – прадстаўнік Катару, які працаваў раней у асноўным на матчах юнацкіх топ-турніраў і на клубным чэмпіянаце свету. На папярэднім чэмпіянаце планеты -2018 у Расеі Абдулрахман аль-Джасім быў адным з 13-ці відэаасістэнтаў і адзіным з Азіяцкай футбольнай Асацыяцыі, хто працаваў на VAR. На цяперашнім турніры катарац абслугоўваў толькі адзін матч, які адбыўся на другі дзень мундыялю, 21 лістапада. Падчас гульні Уэльс – ЗША ён паказаў шэсць жоўтых картак і прызначыў пенальці ў браму амерыканцаў, зрэалізаваны Гарэтам Бэйлам. Чатыры гады таму Аль-Джасім казаў, што марыць правесці на Радзіме ў 2022-м вырашальны матч, і ягонае жаданне амаль збылося.

А вось на фінальным двубоі будзе працаваць польская брыгада арбітраў. Рэферы стаў Шыман Марціняк. 41-гадовы нарадзінец польскага Плоцку акрамя нацыянальных спаборніцтваў, працаваў на матчах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы УЕФА, а таксама двойчы на фінале Суперкубку Еўропы. Але галоўныя дасягненні – гульні ЕЎРА-2016 у Францыі і на мундыялях 2018 і 2022. У Катары Шыман Марціняк зафіксаваў перамогу Францыі над Даніяй 2:1 на групавым этапе і Аргентыны над Аўстраліяй з тым жа лікам у 1/8-й фіналу. Бацька дваіх дзяцей, які ў якасці хобі актыўна займаецца муай-тай, стане першым палякам, якому даверана абслугоўваць вырашальны матч чэмпіянату свету ў якасці галоўнага суддзі. Раней у фінале чэмпіянату планеты працаваў Міхал Лісткевіч, але як асістэнт рэферы.

Заўтра дапаможцам Марціняка стане сын былога Прэзідэнта польскага футбольнага Звязу – Томаш Лісткевіч. «Я ганаруся Томашам, – распавёў Міхал Лісткевіч. Я ведаю, колькі цяжкасцяў прыгатаваў шлях да фіналу чэмпіянату планеты і яму, і Шыману. Былі і хваробы, і траўмы. Адну з іх мой сын залекаваў акурат перад ад’ездам у Катар.

Зборныя Аргентыны і Харватыі на чэмпіянаце свету па футболе ў Катары.
Фота: Juan Antonio Sánchez / imago sport / Forum

«Думаю, з камандамі раіліся, каго яны хочуць, альбо супраць каго яны. Калі не еўрапейская Аргентына не пратэставала, то і гэта паказвае высокі судзейскі клас палякаў», – лічыць Міхал Лісткевіч. І працягвае: «У нядзелю на поле выйдуць найлепшыя гульцы свету. Каманды ўзначаляць Лео Мэсі і Кільян Мбапэ. Задачаю для суддзяў будзе не дапусціць, каб зоркі футбола селі табе на галаву. У кожнай камандзе на кожным узроўні ёсць гульцы, якія цябе правакуюць ужо ў першыя 15 хвілінаў матчу. І Шыман павінен паказаць усім, што такое столь і планка допуску фолу. Гэта брыгада, у якой ведаюць адно аднаго напамяць. Гэта выдатная і зладжаная каманда. А мой сын Томаш, як заўжды, будзе адказваць за музыку ў распранальні. Ён робіць гэта перад кожнай гульнёю».

Таксама ў эфіры польскага тэлебачання Міхал Лісткевіч выказаў сваю думку наконт таго, чаму менавіта польская брыгада выведзе на поле ў нядзелю ў Лузаіле наймацнейшых на сёння «дзясятак» у свеце Льёнэля Мэсі і Кільяна Мбапэ:

«Шыман можа шэдэўральна наладзіць кантакт з гульцамі. Ён умее і кіраваць, і распазнаваць пагрозы. А таксама ўсталёўваць мяжу цярплівасці да парушэння правілаў і быць паслядоўным. П’ерлюіджы Калліна, некалі бліскучы суддзя, а сёння старшыня судзейскай калегіі Міжнароднай федэрацыі футболу, не стаў бы рызыкаваць. Каб усё пайшло паводле палітычнага шляху, не прызначалі б арбітра з Еўропы, калі адзін з удзельнікаў матчу прадстаўляе гэтую частку свету, а аддалі б перавагу арбітрам з Азіі ці Афрыкі. Проста абралі найлепшага адмыслоўцу з тых 36-і рэферы, якія намінаваліся на чэмпіянат планеты. Не важна, што Шыман з Еўропы. Геапалітыка адышла на другі план».

Кільян Мбапэ – галоўная зорка зборнай Францыі.
Фота: JB Autissier / imago sport / Forum

«Матч будуць глядзець не два-тры мільёны чалавек, а два-тры мільярды, – зазначае журналіст TVP Sport Лешэк Яраш (Leszek Jarosz). – Гэта глабальная падзея. Асабліва пасля вельмі цёмных часоў, калі польскі футбол апанавалі карупцыя і хабарніцтва, звязаные з купляю і продажам матчаў. Нават галоўны трэнер зборнай Міхневіч называўся ў якасці элементу махінацыяў. І раптам з’яўляецца Шыман Марціняк. Гэта прыклад таго, што праца, прафесіяналізм і імкненне да мэты могуць мець цудоўны, бліскучы эфект».

Зразумела, удзел у фінале чэмпіянату свету – гэта не толькі вялізны прэстыж, але і вельмі выгодныя прызавыя. Толькі за ўдзел у турніры Шыман Марціняк атрымае 70 000 долараў. Яшчэ тры тысячы дададуцца за праведзены матч на групавым этапе і 10 тысяч за гульню ⅛ фіналу. Тая ж сума налічыцца Марціняку і за фінальны двубой, бо ФІФА не дыферэнцуе паводле важнасці і высокасці раўнды плэй-оф. Усяго Шыман Марціняк папоўніць свой рахунак за працу ў Катары на 93 тысячы долараў. Ягоныя дапаможцы заробяць меней амаль у тры разы: 25000 долараў за ўдзел, 2500 тысячы за абслугоўванне двубою групавога этапу і па пяць тысяч – за матчы раўнду плэй-оф. Зразумела, прыбытак на топ-турнірах зборных для арбітраў значна вышэйшы, чым на Лізе чэмпіёнаў. І ён увесь час расце. У параўнанні з чэмпіянатам свету-2010 судзейскі ганарар павялічыўся ў два разы. Для Марціняка, гэта, пра што пісаў вышэй, трэці буйны турнір нацыянальных камандаў. Мог быць і чацвёрты, але з ЕЎРА-2020 яго выключылі паводле праблемаў са здароўем, з-за чаго ён страціў паўтара гады актыўнай дзейнасці (цяжка хварэў у перыяд ковіду, скардзіўся на тахікардыю, а пасля яшчэ атрымаў і цяжкую траўму). Статыстыкі ўзгадваюць, што скрайнім лысым арбітрам у фінале чэмпіянату свету быў брытанскі паліцэйскі Гаўард Ўэб, які ў паўднёваафрыканскім Ёганэсбургу – 2010 зафіксаваў мінімальную перамогу Іспаніі над Нідэрландамі ў дадатковы час з лікам 1:0.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў