Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў пра вызваленне чатырох палітзняволеных: Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, Міколы Папекі і Віталя Жука. Усе яны адбылі свае тэрміны.
Блогеры з Брэста Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў адседзелі паводле абвінавачвання ў арганізацыі групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ды ў абразе прадстаўнікоў улады і суддзі. Іх прыгаварылі да 3 гадоў калоніі. Пятрухін быў у віцебскай калоніі, Кабанаў спачатку знаходзіўся ў наваполацкай калоніі, потым яму ўзмацнілі рэжым, і яго перавялі ў магілёўскую турму.
Цалкам адбыў тэрмін і вызваліўся пчаляр-паэт Мікола Папека. Ён атрымаў 2 гады «хіміі» паводле берасцейскай «карагоднай справы». Пазней пакаранне яму ўзмацнілі, і ён апынуўся ў магілёўскай калоніі.
На свабодзе цяпер і Віталь Жук з Кобрыну. Палітвязень адбыў у бабруйскай калоніі 1,5 года за каментар пра Лукашэнку. За гэты час яго не раз змяшчалі ў штрафны ізалятар, а апошнія 5 месяцаў тэрміну ён прасядзеў у памяшканні камернага тыпу – гэта ледзь не самае суровае спагнанне ў калоніі.
Паводле звестак цэнтру «Вясна» па стане на 17 снежня, у Беларусі – 1438 палітвязняў.
Сяргей Крот belsat.eu