Дыпламат Слюнькін напісаў рэзанансны твіт пра выбары ў Польшчы. Рэтвітнуў нават Фукуяма


Палітычны аналітык і былы дыпламат Міністэрства замежных справаў Беларусі Павел Слюнькін апублікаваў у X (былым Twitter) свае ўражанні аб парламенцкіх выбарах у Польшчы. Ягонымі словамі падзяліліся звыш 12 тысяч чалавек, у тым ліку даволі вядомыя людзі.

«Я 34-гадовы беларус, які жыве ў выгнанні ў Польшчы. УПЕРШЫНЮ ў жыцці я пабачыў мірны транзіт улады. Да апазіцыі. Пасля дэмакратычных выбараў. З яўкай 73 %. Маё пасланне вам – цаніце і бараніце сваю дэмакратыю. Вы не можаце нават уявіць, які цуд вы маеце», – напісаў Павел Слюнькін па-ангельску і дадаў фота чаргі на выбарчы ўчастак ва Вроцлаве.

На момант публікацыі твіт пабачылі 3,4 млн разоў, «падабаецца» яму паставілі 56,6 тысячы карыстальнікаў, а падзяліліся твітам 12,1 тысяча карыстальнікаў.

Рэтвіцяць Слюнькіна далёка не толькі беларусы і палякі: яго каментуюць па-балгарску, па-іспанску, па-французску, па-чэшску, па-японску…

«Як я люблю казаць, сапраўдныя і непрадказальныя выбары – гэта добраславенне ў гэтым свеце, але каб іх ацанілі, часта патрэбныя людзі з месцаў, дзе такіх няма. Не прымайце іх як належнае! Шануйце сваю дэмакратыю і заўсёды галасуйце, пакуль можаце», – напісаў у каментары да рэтвіту расейскі апазіцыянер Гары Каспараў.

Сусветна вядомы філосаф Ёсіхіро Фрэнсіс Фукуяма таксама падзяліўся допісам Слюнкіна, але дадаў толькі адно слова: «Так».

Парламенцкія выбары прайшлі ў Польшчы 15 кастрычніка. Па выніках партыя ўлады заняла першае месца ў абедзвюх палатах парламенту, але атрымала менш мандатаў, чым апазіцыя, якая, імаверна, сфармуе новы ўрад.

Здымак, які дадаў Слюнькін, паказвае чаргу на выбарчы ўчастак, якая стаяла амаль да 3 ночы. Праз рэкордна высокую яўку на некаторых участках бракавала бюлетэняў і нават месца ў скрынках. Але польскія законы такія:  хто ўстаў у чаргу да 21:00 у дзень выбараў (калі ўчасткі мелі б закрыцца), мусіць атрымаць права галасаваць, нават калі на ўчастак трэба давозіць дадатковыя бюлетэні і трамбаваць іх у ўрны.

Абноўлена
Партыя ўлады перамагла, але трыумфавала апазіцыя? Што адбываецца з выбарамі ў Польшчы
2023.10.16 16:57

Фота: euroradio.fm

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў