Што значыць «всепагоднае партнёрства»? Вайсковы эксперт тлумачыць адносіны Беларусі і Кітая


Падчас візіту ў Менск міністра абароны Кітая гучаць дзяжурныя фразы пра сяброўства, партнёрства і супрацоўніцтва. Але за гэтымі фразамі стаіць сапраўды даўняе і актыўнае партнёрства ў вайсковай сферы. Эксперт тлумачыць «Белсату», што звязвае вайскоўцаў Кітая і Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і міністр абароны Кітая Лі Шанфу падчас сустрэчы ў Менску, Беларусь. 17 жніўня 2023 года.
Фота: president.gov.by

Міністр абароны Кітая Лі Шанфу прыляцеў у Беларусь на тры дні: чакаецца, што ў краіне ён прабудзе з 16 да 18 жніўня. Ён ужо сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Віктарам Хрэніным, было таксама анансавана наведванне ваенных аб’ектаў.

Аб выніках перамоў абодва бакі рассказваюць агульнымі фразамі пра мір, сяброўства і рэалізацыю дамоўленасцяў, але канкрэтныя вынікі не агучваюць. Цесныя беларуска-кітайскія адносіны – не навіна: сам Лі Шанфу нагадваў, што яшчэ летась Кітай абвясціў, што з Беларуссю мае «ўсепагоднае і ўсеабдымнае стратэгічнае партнёрства». Гэта значыць, што палітычныя, эканамічныя і вайсковыя пытанні вырашаюць незалежна ад міжнароднай сітуацыі.

Каментар
Прыехаў памацаць танкі? Што робіць у Беларусі міністр абароны Кітаю – тлумачыць кітаіст
2023.08.17 13:57

Можа, візіт звязаны з цяперашнімі падзеямі вакол Беларусі? Вайна ва Украіне, вагнераўцы ў Беларусі, планы размяшчэння расейскай ядравай зброі, пагроза поўнага закрыцця межаў з Еўразвязам?..

Беларускі вайсковы эксперт у каментары «Белсату» выказвае сумневы: як Кітай будзе ўплываць на падзеі вакол Беларусі? Кітай фізічна далёка, наўрад ці стане закідваць у Беларусь свае войскі або адгаворваць ад размяшчэння ядравай зброі.

«На тое, што з’яўляецца расейскай епархіяй, я думаю, Кітай праз сваю аддаленасць наўрад ці можа паўплываць», – мяркуе эксперт.

Кітай, працягвае ён, зацікаўлены ў Беларусі ў геапалітычным сэнсе: гэта цэнтр Еўропы, праз Беларусь можна пранікаць у тым ліку на расейскі рынак і на рынкі дзяржаў Цэнтральнай Азіі. Але ў Кітая не павінна быць палітычных пытанняў да Беларусі: улады Беларусі падтрымліваюць тэрытарыяльную цэласнасць Кітая і заяўляюць, што Тайвань гэта частка КНР (а шэраг краін лічыць, што Кітай можа пачаць вайну супраць Тайваня), падтрымліваюць ўнутраную палітыку Кітая, у прыватнасці адносна Сінцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёна (а шэраг краін лічыць, што там адбываецца генацыд народа уйгураў).

Хутчэй, гаворка ідзе аб пашырэнні вайскова -тэхнічнага супрацоўніцтва і касмічных праектаў, якому аддаленасць краін не перашкаджае, кажа эксперт: для Кітая Беларусь – найважнейшая крыніца шэрагу вайсковых вырабаў і тэхналогій. Магчыма, Кітай хоча ад Беларусі нешта накшталт павелічэння колькасці прадукцыі для сваіх спадарожнікаў або хоча паглядзець на станцыю папярэджання ракетнага нападу – Кітай сам збіраецца будаваць такую сістэму.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін на сустрэчы ў Пекіне, Кітай. 1 сакавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Хоць цяпер Кітай сам навучыўся вырабляць многае па тэхналогіях, атрыманых ад Беларусі, «як бы ў падзяку» Кітай абвясціў Беларусь сваім «жалезным партнёрам» і «всепагодным партнёрам», лічыць эксперт. Такі ранг партнёрства ў Кітая толькі з Беларуссю і Пакістанам – нават з Расеяй ранг партнёрства ніжэйшы.

Да таго ж, прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн пакуль не дамогся сустрэчы з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам. А Лукашэнка Сі прымаў «з усімі належнымі ўшанаваннямі». Гэтым, лічыць эксперт, Кітай паказвае, што Беларусь для яго важны партнёр, што заслугі Беларусі для Кітая цэняць.

Інтэрв’ю
Што агульнага ў Беларусі і Кітаю і ці можна назваць Паднябесную сябрам Беларусі? Досвед беларусаў з Кітаю
2022.04.07 11:31

Вайсковае супрацоўніцтва Кітая і Беларусі больш важнае, чым можа здавацца

Эксперт узгадвае, што Аляксандр Лукашэнка ўпершыню наведаў Кітай яшчэ ў бытнасць дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі –верагодна, ужо тады вырашыў, што трэба рабіць стаўку на Кітай, у адрозненне ад Расеі, дзе панаваў крызіс. Бо і Расея, і Кітай – сталыя члены Рады бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, а Беларусі было б нядрэнна заручыцца падтрымкай адразу двух з пяці пастаянных членаў гэтай рады.

Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік КНР Цзян Цзэмінь на сустрэчы ў Пекіне, Кітай. Студзень 1995 года.
Фота: president.gov.by

Дзеля сяброўства з Кітаем, як кажа суразмоўца, Лукашэнку давялося пайсці на «неардынарны крок». Пасля таго, як Кітай у 1989 годзе жорстка здушыў пратэсты, літаральна задавіў танкамі паўстанне студэнтаў і інтэлігенцыі на плошчы Цяньаньмэнь, заходні свет заблакаваў яму пастаўкі ўсіх вайсковых тэхналогій і тэхнікі. Беларусь жа мела шэраг тэхналогій, узбраенняў і кампетэнцый з савецкага часу – як на кітайскія меркі, яшчэ даволі перадавых.

З прыходам Лукашэнкі да ўлады пачаўся працэс перадачы Кітаю ваенных тэхналогій: да прыкладу, тэхналогій вытворчасці спецыяльных колавых цягачоў і ракетных шасі. На такіх шасі цяпер ездзяць расейскія ракеты «Ярс», раней – «Тополь». Аналагічныя шасі, успамінае эксперт, Беларусь дала Кітаю «разам з заводам» – у Кітаі стварылі сумеснае прадпрыемства, Кітай скапіяваў тэхналогіі. А ракеты на гэтых шасі шмат у чым складаюць аснову кітайскага ядравага патэнцыялу.

Беларусь у савецкія часы таксама вырабляла сістэмы аптычнага зандзіравання Зямлі –спадарожнікавай разведкі. Гэтыя апараты Беларусь вырабляла для Кітая – асабліва калі Расея перастала рабіць такія спадарожнікі сама, галоўным кліентам стаў Кітай, у акцыянерным таварыстве «Пеленг» быў пабудаваны спецыяльны завод. Кітай цяпер валодае вялікім патэнцыялам спадарожнікавай разведкі, можа вырабляць лічбавыя карты для навядзення сваіх ракет.

Акрамя таго, Беларусь распрацоўвала для Кітая праграмнае забеспячэнне сістэм кіравання войскамі, авіяцыяй, артылерыйскім агнём, былі і іншыя вайсковыя праекты.

РСЗА «Паланэз».
Фота: «Ваяр»

У адказ Кітай пачаў пастаўляць Беларусі свае тэхналогіі, напрыклад для вытворчасці ракетнага комплексу «Паланэз» (пускавой ўстаноўкі на беларускім шасі для запуску кітайскіх ракет), шэраг важных ваенных камплектуючых і электронных кампанентаў.

Эксперт рэзюмуе: практычна ўсе вайсковыя інстытуты Беларусі, якія «дасталіся ад Савецкага Саюза», у 1990-х і ў сярэдзіне 2000-х працавалі па кітайскіх заказах, за кошт гэтага захаваліся. Зараз ідзе ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, ёсць тэндэнцыя да яго пашырэння. Таму міністр абароны Кітая і прыехаў у Беларусь на такі працяглы тэрмін – нават на большы, чым у Расею. Верагодна, ён будзе наведваць вытворчасці і інстытуты, якія працуюць на Кітай, сумесныя вытворчасці вайскова-тэхнічнай прадукцыі і прадуктаў падвойнага прызначэння.

Аналітыка
Барацьба за глабальны Поўдзень. Ці спрацуе формула міру ў вайне Украіны і Расеі?
2023.08.10 07:06

Алесь Наваборскі / УК belsat.eu

Стужка навінаў