Прыехаў памацаць танкі? Што робіць у Беларусі міністр абароны Кітаю – тлумачыць кітаіст


У Беларусь на тры дні прыляцеў міністр абароны Кітаю Лі Шан Фу. Ягоны беларускі калега Віктар Хрэнін заявіў, што супраца з Кітаем ёсць нібыта найважнейшым прыярытэтам замежнай палітыкі Беларусі. А якія прыярытэты ў Кітаю?

Министра обороны Китая Ли Шанфу встречают хлебом и солью в Минске
Міністра абароны Кітаю Лі Шан Фу сустракаюць хлебам і соллю ў Менску, Беларусь. 16 жніўня 2023 года.
Фота:Валерый Рэвенка / Twitter

Чакаецца, што міністр абароны Кітаю Лі Шан Фу будзе з візітам у Беларусі з 16 да 18 жніўня і наведае шэраг вайсковых аб’ектаў Узброеных сілаў Беларусі. Ён ужо сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Віктарам Хрэніным, анансавалі таксама наведванне вайсковых аб’ектаў.

Да візіту ў Менск Лі Шан Фу наведваў Маскву. Апошнім часам хадзіла нямала чутак аб пагаршэнні дачыненняў Кітаю з Расеяй. Ці азначае паездка міністра абароны Кітаю ў Маскву і Менск, што гэтыя чуткі былі памылковыя?

Кітаіст Аляксей Чыгадаеў расказвае ў эфіры «Вот так»  на «Белсаце», што гэтыя візіты не абвяргаюць чутак, а пацвярджаюць рэальнасць: Кітай не ведае, як рэагаваць на некаторыя дзеянні Беларусі і Расеі – не разумее, ці ёсць у гэтых краінаў магчымасці рабіць тое, што яны пачынаюць.

Міністр абароны Кітаю Лі Шан Фу – «не чужы» былому Савецкаму Саюзу, адзначае Чыгадаеў. Паводле некаторых звествак, міністр вучыўся ў Расеі, падтрымлівае вельмі добрыя дачыненні з беларускімі і расейскімі вайскоўцамі. І гэта вельмі актыўны міністр: нягледзячы на тое, што ён застаецца пад санкцыямі ЗША, з моманту прызначэння ў сакавіку ён паспеў наведаць паўтара дзясятка краінаў.

«Я мяркую, што гэты чалавек прыехаў паглядзець на свае вочы і памацаць сваімі рукамі: а вось тут праўда ёсць танкі, а тут праўда ёсць вайскоўцы? А тут што людзі думаюць, а што вайскоўцы кажуць?» – выказвае меркаванне Чыгадаеў.

Ён тлумачыць: гэта можа быць не пра палітыку і стратэгічныя ўзаемаадносіны, а пра спробу разабрацца, што адбываецца і як уладкаваныя сілавыя механізмы ў Расеі і ў Беларусі.

Магчымае закрыццё межаў з Беларуссю краінамі Еўразвязу – таксама важная тэма для Кітаю, адзначае эксперт. Кітай быў не задаволены тым, што яго тавараабарачэнне праз Беларусь з Еўропай аказалася пад пагрозай – яно ўжо значна знізілася праз санкцыі і частковае закрыццё межаў Беларусі. Для Беларусі Кітай – важны гандлёвы партнёр, але для Кітаю Беларусь – хутчэй «наземны порт» і «брама ў Еўропу» праекту «новага шаўковага шляху». Для Кітаю санкцыі адносна Беларусі і пагроза закрыцця межаў былі эканамічным шокам: у эканоміку і інфраструктуру Беларусі шмат укладалі.

Аналітыка
Што азначае жорсткая рыторыка Хрэніна і візіт міністра абароны КНР у Менск
2023.08.16 18:56

Ці чакаць палітычных заяваў ад міністра абароны? Чыгадаеў лічыць, што важных навінаў у выніку візіту не будзе, а прагучаць дзяжурныя заявы. У Беларусі галоўны інтарэс – паказаць сябе самастойным актарам, які не прагінаецца перад Расеяй: «Глядзіце, з намі мае зносіны міністр абароны Кітаю, мы суб’ект міжнароднай палітыкі».

Еўразвяз і ЗША, лічыць Чыгадаеў, цяпер глядзяць не на тое, як націснуць на Кітай, каб той чагосьці не рабіў, а на тое, што прапанаваць Кітаю, каб той паўплываў на Расею ці Беларусь. Эксперт дапускае, што мог быць узаемавыгадны сцэнар: Захад прапанаваў Кітаю «нешта добрае» за тое, што той папросіць Лукашэнку спыніць міграцыйны крызіс або адвесці войскі ад межаў.

Эксперт рэзюмуе: «У Кітаю заўсёды пракітайская пазіцыя», няма праеўрапейскай, прарасейскай або прабеларускай пазіцыі. Лі Шан Фу едзе туды, дзе бачыць, што вайскова-стратэгічная супраца будзе ў інтарэсах Кітаю. І калі заўтра ЗША, Польшча, Паўднёвая Карэя ці Японія скажуць яму: «Прыязджай, ёсць справа», то міністр паедзе.

 

Аналітыка
Барацьба за глабальны Поўдзень. Ці спрацуе формула міру ў вайне Украіны і Расеі?
2023.08.10 07:06

Алесь Наваборскі / ДФ belsat.eu

Стужка навінаў