Што меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў пра тэрытарыяльную цэласць? Меркаванне Класкоўскага


Аляксандр Лукашэнка 17 жніўня падчас сустрэчы з міністрам абароны Кітайскай Народнай Рэспублікі генерал-палкоўнікам Лі Шан Фу выказаўся пра непарушнасць дзяржаўных межаў. Ці азначае гэта, што ён вырашыў змяніць пазіцыю адносна вайны ва Украіне?

Аляксандр Лукашэнка і Лі Шан Фу 17 жніўня 2023 года.
Фота: president.gov.by

«Мы абсалютныя прыхільнікі шматпалярнага свету, тэрытарыяльнай цэласці і адзінства межаў і тэрыторыяў, што склаліся пасля Другой сусветнай вайны», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Гэтую заяву з аднаго боку можна трактаваць, як прызнанне ў тым ліку тэрытарыяльнай цэласці Украіны, частку тэрыторыі якой анексавала Расеяй, гэтак і агулам непрызнанне тых дзяржаваў, што атрымалі незалежнасць пасля 1945 года.

Аднак, падкрэсліў у каментары «Белсату» палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, тут, як і заўсёды, Лукашэнка проста спрабаваў спадабацца суразмоўцу. Ён нагадаў, што на гэтай сустрэчы кіраўнік Беларусі вельмі шмат рабіў рэверансаў у бок госця, называў кітайскага міністра самай медыйнай персонай у свеце і гэтак далей, бо бачыць у КНР пэўную процівагу Расеі, якая ўжо «за горла ўзяла» Беларусь.

Таксама Лукашэнка мог падгульваць Кітаю, які не хоча мець мяцежных тэрыторыяў, як то ўмоўная «Уйгурская народная рэспубліка», ды лічыць сваёй часткаю Тайвань.

А вось змену курсу ў дачыненні Украіны, на думку Класкоўскага, тут шукаць не варта. Хоць апошнім часам Лукашэнка таксама казаў і пра неабходнасць паляпшэння стасункаў з Польшчай. Аднак не зрабіў ніякіх рэальных крокаў для гэтага.

Hавiны
Анджэй Дуда: Каб Менску палепшыць стасункі з Польшчаю, трэба спыніць гібрыдныя атакі
2023.08.17 11:58

«Фактычна Лукашэнка, трапіўшы пасля 2020 года ў катастрафічную залежнасць ад Масквы, не можа вырвацца з імперскай каляіны», – заявіў аглядальнік, падкрэсліўшы пры гэтым: за сваю асабістую ўладу Лукашэнка будзе змагацца шалёна і да апошняга.

Пры гэтым Класкоўскі не выключае, што сваёй заявай Лукашэнка хацеў падкрэсліць, што ён не такі, як ягоны расейскі калега:

«Пуцін жа цвердзіць раз за разам, што і Украіна – штучная дзяржава, што яе Ленін стварыў, аддаўшы вялікія гістарычна расейскія тэрыторыі. І што Хрушчоў аддаў Крым Украіне. Нядаўна была заява, што палякам Сталін таксама даў пэўныя землі. І Лукашэнка сваёй фразай хоча паказаць, што ён не імперыяліст, не падзяляе вялікадзяржаўныя рэваншысцкія погляды».

Таксама Класкоўскі мяркуе, што пры ўсёй ідылічнасці публічнай часткі перамоваў за кулісамі кітайскі міністр мог дастаткова жорстка прэсінгаваць беларускае кіраўніцтва ў пытаннях ядравай зброі і канфрантацыі з Польшчай. Бо публічна Кітай звычайна мяккі і «шчодра раздае сваім партнёрам розныя эпітэты» пра стратэгічнае партнёрства і ўсепагоднае сяброўства, але за кулісамі кітайцы – «вельмі жорсткія перамоўнікі».

«І я думаю, што нельга паводле гэтых заяваў, прызначаных для прэсы, меркаваць пра танальнасць гэтых перамоваў Лукашэнкі з кітайскім міністрам абароны. Гэтая танальнасць магла быць вельмі строгай, бо Кітаю вельмі не падабаецца распаўзанне ядравай зброі, а ў гэтым выпадку – размяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі ў Беларусі. Я думаю, што кітайскі міністр гэтае пытанне высвятляў, бо Пуцін і Лукашэнка напусцілі шмат туману, ці яна перавезеная, ці не, хто будзе гэтым чырвоным гузікам кіраваць», – заключыў палітычны аглядальнік.

Аналітыка
Што азначае жорсткая рыторыка Хрэніна і візіт міністра абароны КНР у Менск
2023.08.16 18:56

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў