Год таму з Купалаўскага тэатру сышлі акторы – што з імі цяпер?


Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы падчас пратэстаў у 2020 годзе.
Фота: Света Фар / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Роўна год таму, 17 жніўня 2020 года, адбылася гістарычная для Купалаўскага тэатру, і, здаецца, для ўсёй Беларусі, падзея: супрацоўнікі тэатру, якія асудзілі гвалт сілавых структураў, ужыты супраць мірных пратэстоўцаў, масава напісалі заявы на звальненне на знак салідарнасці са звольненым дырэктарам тэатру Паўлам Латушкам.

«Белсат» згадвае падзеі тых дзён і распавядае, што са звольненымі купалаўцамі цяпер.

Усё пачалося пасля таго, як працаўнікі тэатру імя Янкі Купалы запісалі відэазварот да ўладаў Беларусі, у якім заклікалі спыніць гвалт, які адбываўся ў першыя дні пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яны сталі аднымі з першых, хто падтрымаў пратэстоўцаў.

Сыход Паўла Латушкі і трупы тэатру

Праз тры дні пасля таго, як экс-міністр культуры і дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка заступіўся за ўдзельнікаў пратэстаў і сваіх супрацоўнікаў, а таксама выказаў гонар за тое, што ён беларус, ён застаўся без працы. Адбылося гэта 17 жніўня 2020 года, пасля чаго ў той жа вечар каля Купалаўскага пачалі збірацца людзі на знак падтрымкі.

Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. На здымку — дырэктар тэатру Павел Латушка. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат
Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu
Пратэст пад Купалаўскім тэатрам. Акторы чакаюць міністра культуры. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 года.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Тады на старонцы ў Facebook Купалаўскага тэатру напісалі, што з Латушкам датэрмінова разарвалі працоўную дамову паводле арт. 250 Працоўнага кодэксу («Разарванне працоўнай дамовы з кіраўніком арганізацыі на рашэнне ўласніка маёмасці ці ўпаўнаважанага ім органу»).

Таксама экс-дырэктар Купалаўскага тэатру расказаў, што рашэнне пра ягонае звальненне прымалася «зверху».

«Адзін з высокапастаўленых супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта патэлефанаваў не мне непасрэдна, а маёй дачцэ, і сказаў, што ён не браў удзелу ў прыняцці гэтага рашэння і нават выступаў супраць яго. Так што я разумею, што рашэнне прымалася не прэм’ер-міністрам Беларусі, а вышэй», – распавёў Латушка.

Паводле Паўла Латушкі, ягонае звальненне таксама было звязанае з адмоваю зняць з будынку тэатру бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны працаўнікамі.

У адказ на звальненне дырэктара больш за 50 супрацоўнікаў тэатру напісалі заявы аб звальненні на знак салідарнасці з патрабаваннем вярнуць Паўла Латушку на пасаду і настаялі на сустрэчы з міністрам культуры Юрыем Бондарам.

Таксама купалаўцы запісалі чарговы зварот пра ціск з боку ўладаў і сказалі, што будуць адстойваць кожнага працаўніка тэатру.

Міністр культуры наведаў Купалаўскі тэатр

Перад прыездам міністра культуры 18 жніўня каля Купалаўскага выступіла прадстаўніца аб’яднанага штабу Марыя Калеснікава са словамі падтрымкі звольненаму дырэктару тэатру Паўлу Латушку і акторам тэатру.

«Творчасць павінна быць свабоднай, і людзі маюць права агучваць праблемы ў грамадстве праз мастацтва, таму вы не павінны баяцца», – сказала Калеснікава.

Калі Юрый Бондар прыехаў у тэатр, на вуліцы яго сустрэлі воклічамі «Ганьба!». Ён адмовіўся адказваць на пытанні, але захацеў абмеркаваць наступны сезон. Таксама міністр заявіў, што Павел Латушка звольнены законна, а ў тэатр будзе прызначаны новы кіраўнік.

Купалаўцы скандавалі міністру «Сыходзь!» і «Ганьба!». У выніку акторы далі міністэрству содні на тое, каб аднавілі на пасадзе Латушку і каб дзейны міністр падаў у адстаўку. Напрыканцы размовы купалаўцы заявілі, што наступнага тэатральнага сезону не будзе, і паклалі перад міністрам заявы аб звальненні.

Міністр культуры Беларусі Юрый Бондар пад Купалаўскім тэатрам. Менск, Беларусь. 18 жніўня 2020 года.
Фота: Света Фар / Belsat.eu

На наступны дзень пасля прыезду міністра супрацоўнікаў тэатру не пусцілі на працу: сказалі, што тэатр закрыты на санітарную апрацоўку з-за каронавіруса, але пры гэтым у будынку былі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Тых, каму ўсё ж удалося трапіць усярэдзіну, да грымёрак праводзілі сілавікі.

Тады на знак салідарнасці з Купалаўскім тэатрам выказаліся і іншыя беларускія тэатры, як незалежныя, так і дзяржаўныя.

Фота + Відэа
У стагоддзе Купалаўскага тэатру з яго сыходзяць усе акторы
2020.08.20 13:21

У выніку з Купалаўскага тэатру звольнілася каля 80 чалавек.

Пасля гэтага на звольненых супрацоўнікаў абурыліся на дзяржаўным тэлебачанні: паказалі сюжэт, у якім актораў назвалі дармаедамі, алкаголікамі і наркаманамі, якія «знішчылі» будынак, адрамантаваны на бюджэтныя сродкі. Таксама пра купалаўцаў негатыўна выказваўся і Лукашэнка.

Самі купалаўцы пасля звальнення казалі, што не пашкадавалі аб такім рашэнні, бо не змаглі б працаваць пад прыгнётам і не маглі паступіць па-іншаму. Так, актор Раман Падаляка, які адпрацаваў у тэатры 19 гадоў, казаў:

«Мы страцілі свой дом, магчымасць працаваць, ставіць спектаклі ды самарэалізоўвацца. Мы страцілі вялікую частку культуры, і многія, можа, нават не ўсведамляюць маштабу катастрофы, але ў гэтым выпадку нельга было пайсці на кампраміс з сумленнем. Мы шмат страцілі, але засталіся чыстыя перад сабой».

Інтэрв’ю
«Можа, не ў гэты будынак, але мы вернемся». Купалаўцы пра сыход з тэатру і адказ уладам
2020.08.31 09:57

Восенню 2020 года Купалаўскі тэатр павінен быў адзначыць 100-гадовы юбілей адноўленымі «Тутэйшымі» ў інсцэнізацыі Мікалая Пінігіна. Але пасля таго, як амаль увесь калектыў вымушаны быў звольніцца праз сваю грамадзянскую пазіцыю, рэпетыцыі працягнуліся на незалежных пляцоўках.

Вольныя купалаўцы – гэтак цяпер называе сябе калектыў – працягнулі працу далей і перанеслі яе ў онлайн-фармат. Цяпер іх сцэнаю стала YouTube-платформа з 143 тысячамі падпісантаў, дзе яны ладзяць спектаклі, эксперыментуюць з фарматамі, робяць чыткі да гістарычных падзеяў і запісваюць актуальныя вершы беларускіх паэтаў.

Што з Купалаўскім тэатрам і купалаўцамі цяпер?

Пасля сыходу трупы Купалаўскі тэатр некалькі разоў абвяшчаў конкурсны набор актораў сярод студэнтаў. Знайсці замену купалаўцам, якія звольніліся летась, аказалася не проста.

На наступны сезон у раскладзе тэатру значацца толькі чатыры спектаклі: «Паўлінка», «Вечар», «Жаніцьба» і «Чорная панна Нясвіжу». Згодна з раскладам вольных месцаў у зале, большая частка квіткоў, відаць, выкупленая ўладнымі прафсаюзамі.

Вольныя купалаўцы, якіх цяпер налічваецца каля 60 чалавек, таксама плануюць працаваць далей і адкрыць новы сезон гэтай восенню. Большая частка з іх дагэтуль застаецца ў Беларусі, бо як кажа адна з акторак: «Хочацца рабіць гэта дома. Быць побач з роднымі ў Беларусі». Аднак рэлакацыя часткі каманды не выключаецца.

Фільмы
Купалаўцы. Людзьмі звацца
2020.11.08 11:00

АД belsat.eu

Стужка навінаў