Рассмоктвайце лёд і піце мінералку. Лекарка распавяла, як не памерці ад спёкі


Лекарка Мая Церакулава на просьбу «Белсату» распавяла, каму болей за ўсіх пагражае гарачае надвор’е, і дала парады, як ратавацца ад спёкі, што трымаецца ў Беларусі некалькі дзён.

У спёку трэба піць багата вады і знізіць фізічныя нагрузкі.
Фота: Andrea Piacquadio / pexels.com

Сёння ў Беларусі паветра прагрэлася да +33 – такую тэмпературу зафіксавалі на Гомельшчыне. У Менску – «усяго» 30. Лекарка Мая Церакулава ў размове з «Белсатам» распавяла, што рабіць, каб уратавацца ад спёкі.

Хто ў зоне рызыкі?

Найгорш у спёку пачуваюцца дзеці, пажылыя асобы, тыя, у каго залішняя вага і маюцца захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама хворыя на цукровы дыябет.

Як распазнаць цеплавы ўдар?

Цеплавы ўдар – крытычны стан, што пагражае смерцю, адзначыла Церакулава:

«Дэзарыентацыя, страта прытомнасці, магчымае ванітаванне, дыярэя, пачашчанае біццё сэрца, адсутнасць поту, вось такія прыкметы шокавага стану арганізма – гэта характэрныя рысы менавіта цеплавога ўдару».

Суразмоўца «Белсату» заўважыла, што такое здараецца, напрыклад, з марафонцамі або іншымі спартоўцамі: «Вы маглі зрэдку бачыць, як футбалісты гінуць на полі, калі гуляюць у спёку, – гэта наступствы цеплавога ўдару».

Лекарка параіла неадкладна выклікаць хуткую, калі тэмпература цела падвышаецца да 40 градусаў і збіць яе не атрымоўваецца.

Найгорш у спёку пачуваюцца дзеці і пажылыя асобы.
Фота: АВ / Белсат

Як дапамагчы арганізму ў спёку?

Арганізм спрабуе даць рады самастойна: ён ахалоджваецца праз дыханне і выдзяленне поту. Калі спёка невыносная, трэба дапамагаць:

  • рассмоктваць лёд – гэта дапамагае лепей, чымся праціраць лёдам твар або рукі, бо ў роце болей сасудаў;
  • піць багата вады, якую чалавек губляе з потам;
  • піць халодныя напоі – арганізм аддае цяпло на тое, каб сагрэць вадкасць у страўніку;
  • піць адмысловыя салявыя напоі, яны называюцца рэгідратацыённымі, бо з потам чалавек губляе і соль. Парашкі для вырабу такіх раствораў (рэгідрон, нормагідрон) прадаюцца ў любой аптэцы і каштуюць мала;
  • піць напоі з электралітамі, іх ужываюць спартоўцы. Прадаюцца ў звычайных супермаркетах;
  • піць мінералку – фактычна гэта той самы рэгідратацыённы раствор.

У гарачыню па магчымасці трэба хавацца ад сонечных прамянёў, знаходзіцца ў прахалодным памяшканні, што добра праветрываецца (каб выпарваўся пот), знізіць фізічныя нагрузкі і працаваць на вуліцы раніцою, а таксама ўвечары, калі спёка не такая моцная.

Hавiны
Сіноптыкі распавялі, калі сыдзе спёка і тэмпература стане ніжэй за кліматычную норму
2023.07.16 11:38

belsat.eu

Стужка навінаў