З Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту звольнілі семярых працаўнікоў


Рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту Юрый Раманоўскі падпісаў загады на звальненне прынамсі семярых працаўнікоў, піша @pozirkonline.

Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Еўфрасінні Полацкай.
Фота: studyinby.com

Сярод звольненых: сакратарка дэканату гістарычна-філалагічнага факультэту Кацярына Шаўлюга, выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Анастасія Мазго, старэйшая выкладчыца кафедры замежных моваў Святлана Панімашчанка, сакратарка кафедры фізічнага выхавання і спорту Таццяна Чаркасава.

«Адразу за Чаркасавай заяву на звальненне падала спецыялістка ў суправаджэнні навучальнага працэсу кафедры фізічнай культуры і спорту Святлана Ніколіна», – сцвярджае крыніца @pozirkonline.

Раней паведамлялася пра звальненне дацэнтаў Віктара Чараўко і Сяргея Глазырына. Яны абодва адсядзелі «содні» за «распаўсюд экстрэмізму». Таксама звольнены дацэнт Юрый Кежа (за данаты фондам).

Калі затрыманні і звальненні працягнуцца, «універсітэт можна будзе закрываць», кажа суразмоўца @pozirkonline.

Hавiны
З Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту звольнілі выкладчыкаў
2023.06.15 15:36

23 траўня сілавікі ўчынілі масавыя арышты ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. Схапілі не менш за 15 асобаў. Пасля арышту 77-гадовую Галіну Захаркіну, кандыдатку архітэктуры і былую загадчыцу кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, аштрафавалі на 2960 рублёў (80 базавых велічыняў).

Выкладчыку кафедры гісторыі і турызму Сяргею Глазырыну і дацэнту кафедры гісторыі і турызму, кандыдату гістарычных навук Віктару Чараўко прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў