Віцебскі выкладчык пацвердзіў «правату» ідэяў Кім Ір Сэна. Яму ў КНДР за гэта далі званне


Напярэдадні візіту беларускай дэлегацыі ў Пхеньян на сайце Цэнтральнага тэлеграфнага агенцтва Карэі (ЦТАК) з’явілася навіна пра ўзнагароджанне беларускага навукоўца ўладамі Паўночнай Карэі.

Уручэнне ўзнагароды Сяргею Дзявятых.
Фота: kcna.kp

Згодна з паведамленнем, вучоная ступень доктара грамадска-палітычных навук КНДР нададзеная загадчыку кафедры Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі Беларусі.

«Ён растлумачыў і даказаў правату і выдатнасць самабытных ідэй і палітыкі нашай краіны, заснаваных на традыцыях рэвалюцыйнай адукацыі, якія стварыў вялікі правадыр таварыш Кім Ір Сэн», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Цырымонія надання звання адбылася 15 красавіка ў Мансудэскім палацы з’ездаў. У цырымоніі ўзялі ўдзел намеснік прэмʼер-міністра КНДР Чон Сын Гук, намеснік старшыні Карэйскага таварыства дзеячаў грамадскіх навук Пак Чхоль Чжун, кіроўныя работнікі Дзяржаўнай атэстацыйнай камісіі і Карэйскага таварыства дзеячаў грамадскіх навук, чальцы дэлегацыі арганізацыяў вывучэння ідэяў чучхэ (мясцовай ідэалогіі) з розных краінаў.

Сяргей Дзявятых разам са студэнтам схіляецца перад партрэтамі Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра ў амбасадзе КНДР у Менску. 7 верасня 2023 г.
Фота: vsavm.by

Імя навукоўца не называецца. Але на сайце Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі пад гэтае апісанне падыходзіць Сяргей Дзявятых, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплінаў і аграбізнесу. Напрыклад, у 2017 годзе ён ладзіў у акадэміі выставу «Паўночная Карэя: далёкая і блізкая», а летась разам са студэнтам факультэту ветэрынарнай медыцыны наведваў дыпламатычны прыём у амбасадзе КНДР у Менску.

Згодна з афіцыйнай біяграфіяй, Дзявятых у 1989 годзе скончыў зоаінжынерны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытуту (цяпер акадэмія), у 2000 годзе – філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту паводле спецыяльнасці «настаўнік расейскай мовы і літаратуры», у 2018 годзе – Міжнародны ўніверсітэт МІПСА паводле спецыяльнасці «прававое рэгуляванне замежнаэканамічнай дзейнасці»; магістр правазнаўства.

Сяргей Дзевятых на выставе «Паўночная Карэя: далёкая і блізкая». 27 кастрычніка 2017 г.
Фота: vsavm.by

Ён чалец Расейскага псіхалагічнага таварыства і Расейскага геаграфічнага таварыства, з 2017 года – ганаровы чалец Саюзу журналістаў КНДР.

Нагадаем, 16 красавіка ў Пхеньян прыбыў намеснік міністра замежных справаў Беларусі Яўгеній Шастакоў. Беларускія дзяржаўныя медыі не паведамлялі пра гэта, але пра візіт распавяло ЦТАК.

Hавiны
Намеснік міністра замежных справаў Беларусі раптоўна і таемна паляцеў у Паўночную Карэю
2024.04.17 08:50

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў