У Беларусі ў межах правярання боегатовасці прызвалі ўжо больш за 3000 ваеннаабавязаных


Міністэрства абароны Беларусі паведамляе, што ў хадзе правярання баявой гатовасці Узброеных сілаў у пункт прыёму асабовага складу прыбылі больш за 3000 ваеннаабавязаных.

У Беларусі ў межах правярання боегатовасці прызвалі ўжо больш за 3 тысячы ваеннаабавязаных.
Фота: modmilby / Telegram

«Пастаўка асабовага складу ажыццяўляецца аператыўна, у самыя кароткія тэрміны», – заяўляюць у міністэрстве.

Ваеннаабавязаныя прыбываюць у 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду, якая ўваходзіць у склад Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. Задачай гэтага аператыўнага камандавання ёсць прыкрыцце балтыйскага кірунку.

Вайсковыя камісарыяты і пункт прыёму асабовага складу на тэрыторыі злучэння працуюць кругладзённа, зазначаюць у Мінабароны.

«У найкарацейшыя тэрміны пункт прыёму асабовага складу прыме неабходную колькасць людзей. Падраздзяленні і вайсковыя часткі будуць укамплектаваныя і будуць гатовыя выканаць задачы паводле прызначэння», – заявіў намеснік камандзіра брыгады Вячаслаў Акавіцкі.

Нагадаем, Мінабароны Беларусі 11 сакавіка абвясціла, што ва Узброеных сілах пачатае правяранне баявой гатовасці. Жаўнераў і тэхніку ў зоны прызначэння перакідваюць камбінаваным спосабам – аўтамабільнымі дарогамі і чыгуначным транспартам. Колькі ўсяго сілаў плануецца прыцягнуць і ў якіх мясцінах будуць адбывацца манеўры, Генштаб і Мінабароны не патлумачылі.

Начальнік Генеральнага штабу генерал-маёр Віктар Гулевіч заявіў, што правяранне боегатовасці нібыта ёсць адказам на вучэнні NATO.

Аналітыка
Вучэнні супраць вучэнняў. Што адбываецца і ці ёсць небяспека?
2024.03.14 15:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў