Колішнюю галоўную рэдактарку TUT.by Марыну Золатаву асудзілі на 12 гадоў калоніі


Суддзя Менскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч агучыла выракі фігуранткам «справы TUT.by»: колішняй галоўнай рэдактарцы Марыне Золатавай і былой генеральнай дырэктарцы выдання Людміле Чэкінай – 12 гадоў калоніі, паведамляе БелТА.

Людміла Чэкіна і Марына Золатава ў Менскім гарадскім судзе. 17 сакавіка 2023 года.
Фота: БелТА

Марыну Золатаву абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры, распальванні варожасці і закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Журналістку асудзілі на 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Марына Золатава ў Менскім гарадскім судзе. 17 сакавіка 2023 года.
Фота: БелТА

Людміле Чэкінай нібыта за ўхіленне ад падаткаў, арганізацыю наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне варожасці, ды кіраўніцтва заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, таксама прызначылі 12 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Людміла Чэкіна ў Менскім гарадскім судзе. 17 сакавіка 2023 года.
Фота: БелТА

Выракі агучыла суддзя Менскага гарадскога суда Валянціна Зянькевіч.

У справе ёсць яшчэ тры фігуранткі, якія з’ехалі за мяжу пасля вызвалення з СІЗА: рэдактарка Вольга Лойка, карэспандэнтка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка. Яны ў вышуку. Справу супраць іх прыпынілі.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна за кратамі з траўня 2021 года. Яны прызнаныя палітвязнямі.

Напярэдадні прысуду дзяржаўнае ТБ выпусціла фільм, прысвечаны «справе TUT.by». Партал абвінавацілі не толькі ў кіраванні пратэстамі 2020 года, але і ў старых «грахах»: правакаванні дэвальвацыі, «хлусні» пра незадаволенасць людзей дзеяннямі ўладаў падчас пандэміі COVID-19 і іншых «злачынствах».

Агляд
Пратэстаў не было – іх выдумаў TUT.by. Прапагандысты «павесілі» на партал яшчэ і дэвальвацыю ды COVID
2023.03.17 07:00

«Жорсткая помста за праўду»

Беларуская асацыяцыя журналістаў назвала прысуд Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай «жорсткай помстай прафесіяналам за праўду, якую TUT.by даносіў да мільёнаў людзей».

«Улады традыцыйна пастанавілі разбіць люстэрка, а не выпраўляць жахлівую беларускую рэчаіснасць, якая ў ім карэктна і прафесійна адлюстраваная. Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе адмены прысуду і неадкладнага вызвалення Марыны Золатавай, Людмілы Чэкінай і ўсіх прадстаўнікоў і прадстаўніц медыяў, якія на сённяшні дзень за кратамі», – гаворыцца ў заяве БАЖ.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская палічыла вырак «чарговай спробай рэжыму забіць сумленную журналістыку».

«А яшчэ гэта асабістая помста гэтым цудоўным жанчынам і вялікім прафесіяналкам. […] Абсалютна не сумняюся ў тым, што ўсе каштоўнасці Мілы і Марыны перамогуць, а яны, нарэшце, выйдуць на волю. А пакуль свет не можа чуць іх саміх – мы будзем іх галасамі», – адзначыла Ціханоўская.

Hавiны
Парталу «TUT.BY» споўнілася 22 гады
2022.10.05 14:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў