Затрымліваюць, не даюць адслужыць паніхіду, выкідваюць кветкі: як перашкаджаюць ушанаваць памяць Навальнага


У Расеі 16 і 17 лютага людзі выходзяць на акцыі памяці Аляксея Навальнага, які памёр у калоніі, а таксама ствараюць стыхійныя мемарыялы. Улады ўсяляк спрабуюць гэта перашкодзіць. Вядома пра больш чым 200 затрыманых за содні.

Стыхійны мемарыял памяці Аляксея Навальнага ў Санкт-Пецярбургу.
Фота: MR7

У некалькіх гарадах Расеі былі разбураныя стыхійныя мемарыялы – з іх прыбралі кветкі і партрэты палітыка. Так, у Маскве невядомыя ў цывільным сабралі ў мяшкі кветкі і знічы з Салавецкага каменя, Сцяны плачу і з Замаскварэцкага моста, дзе яшчэ з 16 лютага ўтварыліся месцы, куды людзі прыносілі кветкі ў памяць пра Навальнага.

Таксама паведамляецца пра разбураныя мемарыялы ў Екацярынбургу, Хабараўску, Уладзівастоку, Ульянаўску і Пермі, а таксама ў Ташкенце.

Выданне Astra паведамляе, што ў Новасібірску сілавікі ачапілі помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў, куды людзі неслі кветкі. Вядома пра затрыманні.

Екацярынбург. Надпіс быў замаляваны.
Фота: it’s my city / Telegram

У Екацярынбургу паліцэйскія заявілі, што помнік «Маска смутку», куды людзі прыносілі кветкі, «замінаваны» і да яго прыедуць сапёры. Таксама ў цэнтры Екацярынбургу з’явіўся вялізны надпіс «Навальны» – яго зафарбавалі.

У Санкт-Пецярбургу на выхадзе з дому затрымалі святара Апостальскай праваслаўнай царквы Рыгора Міхнова-Вайтэнка. Учора святар паведаміў, што збіраецца служыць паніхіду па Навальным каля Салавецкага каменя. Людзі правялі паніхіду без святара – некалькі чалавек услых чыталі малітвы. Пасля акцыі затрымалі не менш за 10 чалавек. Затрыманні праходзілі і каля іншага помніка ахвярам палітычных рэпрэсіяў – каля сфінксаў насупраць турмы «Кресты», а таксама на Уваскрасенскай набярэжнай – паведамляецца, што ў аўтазаку забралі тых, хто проста прынёс кветкі і сыходзіў.

Былі затрыманыя таксама журналісты выдання «Коммерсант» і тэлеканалу 78.

Hавiны
Хуткіх не было, а «кіпеш» быў яшчэ напярэдадні. Што вядома аб смерці Навальнага
2024.02.17 16:16

Агулам, паводле дадзеных «ОВД-Инфо», 16 і 17 лютага на акцыях памяці былі затрыманыя як мінімум 224 чалавекі.

Таксама вядома, што стыхійны мемарыял у Батумі (Грузія) папрасіла прыбраць адміністрацыя раёну, у якім ён утварыўся. Актывісты расейскай дыяспары збіраюцца ісці на перамовы з гарадскімі ўладамі аб прадстаўленні ім месца для мемарыялу на некаторы час.

Пра тое, што расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны памёр у папраўчай калоніі № 3 у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, дзе адбываў 19-гадовы тэрмін пакарання, 16 лютага паведаміла мясцовае ўпраўленне федэральнай службы выканання пакарання (ФСВП). Яму нібыта стала кепска пасля прагулкі. Міжнародныя і беларускія дэмакратычныя лідары ўсклалі адказнасць за смерць палітыка на расейскія ўлады. На апошнім відэа за дзень да смерці Навальны выглядаў бадзёрым. Палітык правёў у расейскай турме тры гады.

Фота
«Пуцін – забойца». Акцыі памяці Навальнага прайшлі ў розных гарадах свету
2024.02.16 22:19

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў