Пашпарт, санкцыі, рэформы і палітвязні. Тэмы сустрэчаў Ціханоўскай у Мюнхене


З 16 да 18 лютага абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі. Там яна абмяркуе сітуацыю ў рэгіёне і пытанні Беларусі з галоўнымі палітыкамі свету, паведамілі «Белсату» ў Офісе Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і Майкл Макфол.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На сустрэчы з амбасадарам ЗША Майклам Макфолам абмяркоўвалася, як вярнуць Беларусь на парадак дня, вызваліць палітвязняў, зрабіць санкцыі больш эфектыўнымі. Вялося пра тое, якім чынам гэтыя санкцыі павінны быць арганізаваныя, каб біць па рэжыме і яго прадстаўніках, а не па простых беларусах. Уздымалася пытанне прызнання спонсарамі тэрарызму лукашэнкаўскага рэжыму, КДБ і ГУБАЗіКу, каб прыцягнуць іх да міжнароднага трыбуналу.

Таксама абмяркоўвалася стварэнне кааліцыі для падтрымання дэмакратычнай Беларусі з розных краінаў, якая будзе сістэматызаваць працу і стратэгію бачання адносна нашай краіны. І ўдзел экспертнай, прафесійнай супольнасці ў распрацоўванні праграмаў, у дапамозе рыхтаваць рэформы для новай Беларусі ў транзітны перыяд.

Святлана Ціханоўская і Тоўрдыс Кольбрун Рэйкф’ёрд Гільфатоўхтыр.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Ціханоўская таксама сустрэлася з міністаркай замежных справаў Ісландыі Тоўрдыс Кольбрун Рэйкф’ёрд Гільфатоўхтыр, якая цяпер старшынюе ў Радзе Еўропы. Бакі абмяркоўвалі пашырэнне ўдзелу Беларусі ў праектах Рады Еўропы, развіццё кантактнай групы.

«Ціханоўская акрэсліла: важна, што ў Радзе Еўропы Беларусь прадстаўляе дэмакратычны рух, а не Лукашэнка, і гэта важны крок на шляху ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы, – гэта нашая стратэгічная мэта і задача, над якой мы разам працуем», – паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.

Закраналі пытанні двухбаковых стасункаў і травеньскі саміт Рады Еўропы, а таксама ўдзел Беларусі ў ім разам з лідарамі краінаў Рады Еўропы. Абмяркоўвалі дакументы новай Беларусі, з якімі б беларусы маглі заставацца легальна на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу і мець магчымасць выязджаць, і пры гэтым не асацыявацца з рэжымам Лукашэнкі. Уздымалася пытанне падтрымання нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры, мовы.

На сустрэчы з еўракамісаркай унутраных справаў Ільвай Югансан абмяркоўвалі пытанне спрашчэння візавых працэдураў для беларусаў, легалізацыі ў Еўразвязе і пашпартны праект.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў