Ад 11 да 15 гадоў калоніі. Агучылі выракі актывістам «Рабочага руху»


Сталі вядомыя выракі, вынесеныя ў Гомлі фігурантам «Рабочага руху». Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».

Фігуранты справы «Рабочы рух».
Фота: sb.by

Суддзя Аляксандр Піскуноў пакараў:

  • Сяргея Шэлеста – 14 гадамі калоніі;
  • Уладзіміра Жураўку – 15 гадамі калоніі;
  • Андрэя Пагерылу – 14 гадамі калоніі;
  • Ганну Аблаб – 11 гадамі калоніі;
  • Аляксандра Гашнікава – 14 гадамі калоніі;
  • Сяргея Дзюбу – 12 гадамі калоніі;
  • Ігара Мінца – 12 гадамі калоніі;
  • Валянціна Цераневіча – 12 гадамі калоніі;
  • Сяргея Шамецьку – 12 гадамі калоніі;
  • Аляксандра Капшуля – 15 гадамі калоніі.

Усіх фігурантаў абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) і «стварэнні экстрэмісцкага фармавання» (ч. 3 арт. 361-1 КК). Капшуля дадаткова – у «незаконных дзеяннях у дачыненні агнястрэльнай зброі» (ч. 2 арт. 295 КК), Шэлеста, Жураўку і Пагерылу – у «паклёпе» (арт. 188 КК).

Капшуль ужо 49 дзён трымае галадоўку, якую ён абвесціў супраць парушэння заканадаўства падчас ягонага ўтрымання ў СІЗА. Першыя некалькі дзён галадоўкі палітвязень не піў нават вады.

У чым вінавацяць

У канцы верасня 2021 года па буйных прадпрыемствах Беларусі пракацілася аблава на чальцоў страйкамаў. Затрымалі прынамсі 14 асобаў, якія былі ў ініцыятыве «Рабочы рух». Ім ставілі ў віну здраду дзяржаве і стварэнне экстрэмісцкага фармавання.

Паводле следства, удзельнікі «Рабочага руху» збіралі для спецслужбаў ЗША і Літвы «службовую інфармацыю абмежаванага характару» пра тое, як беларускія прадпрыемствы абыходзяць санкцыі, і планавалі спыніць вытворчасць на прадпрыемстве «Горадня Азот» і БМЗ, у тым ліку шляхам «пашкоджання і знішчэння іх маёмасці».

9 лістапада 2022 года ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над завадчанамі. Ніхто з іх не прызнаў віны. Матэрыялы справы займаюць 38 тамоў, адзін з іх – сакрэтны. 28 снежня суд перавёў паседжанні ў закрыты рэжым.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў