Праваабаронцы прызналі 14 чалавек «былымі палітзняволенымі»


Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай, у якой надае статус «былых палітзняволеных» 14 асобам і патрабуе для іх адмены прысудаў і кампенсацыі ўрону.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Заява была апублікаваная на сайце spring96.org, у якой праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што людзі, якіх яны прызналі «былымі палітзняволенымі», былі асуджаныя выключна за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

«Нам вядомыя імёны і абставіны спраў наступных людзей, якія адвольна, у пакаранне за ажыццяўленне права на мірныя сходы былі пазбаўленыя волі: былі заключаныя пад варту, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, і адбывалі пакаранне, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды», – гаворыцца ў заяве.

У спіс прозвішчаў, згаданых праваабаронцамі, трапілі: Міхаіл Багуцкі, Васіль Дамарад, Дзіяна Лаўрыновіч, Міхаіл Купрэенка, Уладзіслаў Лагуценка, Ілля Лубянаў, Вольга Маліноўская, Вадзім Мірончык, Аляксей Махнач, Яўген Невяроўскі, Яўген Аўчыннікаў, Раман Рафеенка, Ірына Серажонак, Аляксей Цыганоў.

У заяве праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі:

  • адмяніць адвольныя прысуды ў дачыненні да пералічаных у заяве асоб, ажыццявіць іх поўную рэабілітацыю і пакрыць ім шкоду, прычыненую адвольным крымінальным пераследам;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Нагадаем, што на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1455 палітзняволеных.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў