Беларусам – да Дня святога Валянціна. Дзе знаёміцца пасля сыходу «Tinder»


15 лютага з Беларусі сыдзе сэрвіс для знаёмстваў у інтэрнэце «Tinder». Адбудзецца гэта акурат на наступны дзень пасля Дня святога Валянціна. Так што пашукаць сабе пару перад Днём закаханых яшчэ паспееце, але што пасля? Паспрабавалі разабрацца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: v-tagile.ru

Бывайце здаровы, беларусы!

Як паведаміла кампанія «Match Group», якой належыць «Tinder», пасля 15 лютага беларусы не змогуць уваходзіць у свае акаўнты і карыстацца сэрвісамі ўнутры аплікацыі. Таксама ім перастануць быць даступныя пакупкі ў самой аплікацыі і падпіскі.

Уладальнікі сэрвісу падкрэсліваюць, што выдаліць уліковы запіс у «Tinder» у наладах можна да 15 лютага, пасля гэтага выдаленне будзе магчымае з дапамогай інструменту «Кіраванне маім уліковым запісам».

Аб прычынах сыходу з рынку кампанія «Match Group», якой акрамя «Tinder», належаць яшчэ сэрвісы знаёмстваў «Hinge» і «OkCupid», не паведамляе.

Пра што з табой «свайпіцца»?

«Tinder» – сэрвіс для знаёмстваў, з дапамогай якога пераадольваецца бар’ер першаснага кантакту паміж людзьмі, бо ў рэальнасці не кожны наважваецца завесці размову і пачаць камунікацыю на вуліцы, у кавярні, на вечарыне ці ў іншых месцах з незнаёмымі людзьмі.

«У прынцыпе, магу сказаць, што калі глядзець на маіх знаёмых, то большасць з іх і знаёмілася ў «Tinder». Бо калі табе 25+, то іншых месцаў асабліва і няма: ці на працы, ці ў барах, клубах, але п’яныя знаёмствы – даволі спецыфічная рэч», – расказаў адзін з чытачоў «Белсат», які карыстаецца гэтай аплікацыяй.

Для карыстання платформай на ёй неабходна было стварыць профіль, у якім падаць сваё месцазнаходжанне, пол, узрост і гендарныя зацікаўленасці. Пасля стварэння ўласнага профілю вы пачынаеце «свайпіць»: убачыўшы чыёсьці фота і кароткае апісанне, вы маеце выбар – правесці налева, калі чалавек вам не падабаецца, і направа, калі падабаецца. Калі іншы чалавек зробіць «свайп» направа, пабачыўшы ваш профіль, вы ствараеце ўмоўную «пару», і ў вас з’яўляецца магчымасць камунікаваць адно з адным у чаце.

«Далей ты выстаўляеш адлегласць, на якой шукаеш партнёра. Умоўна, я стаўлю 25 км, і гэта звычайна горад і ваколіцы. Хаця можна і 1000 км, і больш. Знаёмяцца па-рознаму: звычайна ўсе пішуць у анкеце, што шукаюць доўга і шчасліва, але на практыцы ўсё ідзе па сітуацыі. Умоўна, могуць прыехаць на адну ноч, а могуць рэальна хадзіць нейкі час на спатканні і знаёміцца», – апісвае свой досвед карыстання сэрвісам чытач.

У пэўны момант «Tinder» сапраўды здабыў рэпутацыю «аплікацыі для знаёмстваў на адну ноч», хаця вядомыя і выпадкі, калі людзі знаходзілі адно аднаго для доўгатэрміновых стасункаў.

«Апошнім часам праграма сапсавалася, бо ў ёй пачалі сядзець махляры пад фэйкавымі акаўнтамі, каб выманіць грошы. Таксама шмат якія жанчыны выкарыстоўваюць «Tinder» для рэкламы свайго Instagram», – дае характарыстыку сэрвісу наш чытач.

Ад дзяўчат лёгкіх паводзінаў да сілавікоў

Сустрэць у сэрвісе можна каго заўгодна, таму правілаў бяспекі ў «Tinder» ніхто не адмяняў.

Яшчэ ў 2018 годзе адзін навуковец правёў уласныя даследаванні ў беларускім «Tinder» і зрабіў цікавыя назіранні. Так, ён адзначыў, што «ўсе дзяўчаты лёгкіх паводзінаў і большая частка эскорту пішуць узрост 23 гады, каб было прасцей іх знайсці», таксама ён прыйшоў да высновы, што «самы тыповы профіль: дзяўчына 26 гадоў, з БДЭУ, якая працуе на добрай пасадзе пасля размеркавання», а «самы папулярны набор сэлфі ў дзяўчат: за стырном, у шатні спортзалы, у дамскім пакоі, у шафе-купэ».

Гэты ж навуковец адзначаў, што дзяўчат у сэрвісе можа накрываць лавінай прапановаў ад мужчын з Блізкага Усходу, «якія вядуць тут паляванне аддалена, рэгіструючыся ў платнай версіі». Паводле ягоных словаў, адна з дзяўчат паведаміла яму, што «гэтыя хлопцы ўчэпістыя, як кляшчы: пастаянна даўбяць паведамленнямі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: dev.ua

Выпадкі махлярства ў «Tinder» таксама нярэдкая з’ява. Так, малады чалавек расказваў, як сутыкнуўся з адной «тэатралкай», якая пасля дня перапіскі прапанавала яму спатканне ў тэатры, скінуўшы паралельна спасылку на квіткі. Сайт у выніку аказаўся махлярскім, і толькі пільнасць маладога чалавека дазволіла яму не развітацца з немалой сумай грошай.

І вядома, бравыя беларускія сілавікі таксама ў нейкі момант асвоілі аплікацыю, праз якую вылічвалі «пратэсных» беларусаў. Так, у кастрычніку 2023 года стала вядома пра затрыманне 28-гадовага Арцёма Аляксеенкі. У «пакаяльным відэа», апублікаваным у праўладным канале, быў паказаны інтэрфэйс «Tinder», праз які з хлопцам нехта спрабаваў пазнаёміцца – з вялікай верагоднасцю, на іншым канцы сілавік, пры гэтым дыялог абрываўся на фразе «Давай знаёміцца, Арцём». І гэта далёка не адзінкавы выпадак.

Як «Tinder» сыходзіў з Расеі

Беларусам удалося пакарыстацца сэрвісам даўжэй, чым расейцам. Пра адключэнне платных опцыяў для жыхароў Расеі і спыненне прыёму плацяжоў з картаў, якія належаць расейскім банкам, «Tinder» заявіў у красавіку 2022 года. Пра канчатковы сыход з расейскага рынку кампанія Match Group заявіла ў 2023 годзе. 30 чэрвеня «Tinder» спыніў працу ў Расеі, для карыстальнікаў перастала быць даступнай галоўная «фішка» аплікацыі – свайпы для ўтварэння пары, таксама стала немагчымай рэгістрацыя ў ёй з расейскага нумару, а сама аплікацыя знікла з «Google Play» і «App Store».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: androidinsider.ru

У той жа час адметна, што ўсе пары, якія былі створаныя да гэтай даты, а таксама ўсе дыялогі паміж карыстальнікамі захаваліся. Дасюль застаецца актыўнай і функцыя адпраўкі паведамлення дададзенаму карыстальніку. Але насамрэч карысць ад наяўнасці гэтых функцыяў толькі адна – падтрыманне ўжо заведзеных кантактаў, новыя знаёмствы заводзіць у «Tinder» у Расеі ўжо немагчыма.

З усяго відаць, нешта падобнае чакае і беларускіх карыстальнікаў. А значыць, каб працягваць пошук знаёмстваў, яны будуць разглядаць альтэрнатывы папулярнаму сэрвісу.

Чым замяніць

На самай справе альтэрнатываў даволі шмат. Але адметна, што ў першых шэрагах пры запыце, уведзеным у Google, вы атрымаеце мноства варыянтаў менавіта на расейскія сайты знаёмстваў. Значная частка з іх не вылучаецца вялікай колькасцю карыстальнікаў, але традыцыйна таргетуецца на беларускую аўдыторыю.

У той жа час не ўсе міжнародныя дэйтынг-сэрвісы працуюць на тэрыторыі нашай краіны – а з улікам таго, што папулярныя «Tinder» i «Badoo» недаступныя (апошні сышоў яшчэ ў 2022 годзе), то так ці іначай погляды беларусаў будуць скіраваныя на сэрвісы, якія працуюць з расейскамоўнай аўдыторыяй.

Сэрвіс «Tabor» мае беларускае паходжанне, ён з’явіўся ў 2007 годзе і належыць Яўгенію Доўнару. Пасля сыходу з Расеі «Tinder» і «Badoo» актывізаваўся на расейскім рынку. Існуе магчымасць уваходу ў сэрвіс як з камп’ютара, так і з адмысловай аплікацыі. Сайт накіраваны на жыхароў, якія жывуць на прасторах СНД.

Аплікацыя «Мята» – яшчэ адзін прадукт Яўгенія Доўнара. Гэты сэрвіс знаёмстваў мае больш за 5 мільёнаў рэгістрацыяў, паводле прынцыпу працы нагадвае сэрвіс Tabor, пра што пішуць самі карыстальнікі ў водгуках.

Адносна новая аплікацыя для знаёмстваў «Twinby», галоўнай асаблівасцю якой ёсць тэставанне карыстальнікаў на псіхалагічную сумяшчальнасць. Вам трэба будзе адказаць на дзесяць пытанняў, пасля чаго сэрвіс выдасць вам кароткую псіхалагічную характарыстыку з пяці пунктаў. Сярод уладальнікаў кампаніі – былы тэхнічны дырэктар расейскай «InDrive» Аляксандр Бурцаў і расейская інвесткампанія «IMPACT Capital».

Яшчэ адзін беларускі праект – чат-бот для знаёмстваў на аснове месэнджэраў «Zodier». Яго распрацоўваннем займаецца беларуская кампанія «Noirix», заснавальнік якой Мацвей Грамовіч. Як сцвярджаюць распрацоўнікі, карыстальнікі пасля знаёмства ў тым жа «Tinder» усё роўна ідуць шукаць адно аднаго ў сацыяльных сетках, а затым пачынаюць размаўляць з дапамогай зручных для іх сродкаў сувязі. Рашэнне «Noirix» дазваляе не марнаваць час на пераходы з адной аплікацыі ў іншую і знаёміцца ў звыклых месэнджарах – «Instagram» i «Telegram».

У той жа час у Расеі сыход «Tinder» прыйшоўся на руку ўласна расейскім сэрвісам. У некаторых неўзабаве пасля гэтага ахоп за месяц вырас у паўтара разу. Сярод іх такія сэрвісы, як «ДругВокруг», «Мамба», «Фотострана», «Beboo», «Loveplanet» і іншыя. І цалкам лагічна, што пасля сыходу папулярнага міжнароднага сэрвісу з Беларусі ўладальнікі гэтых сэрвісаў звернуць  пільную ўвагу на аўдыторыю нашай краіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў