У Гаазе вынеслі прысуд былому косаўскаму камандзіру: 26 гадоў турмы за катаванні і забойства


У Гаагскім трыбунале агучылі прысуд аднаму з былых камандзіраў «Арміі вызвалення Косава» (АВК) Саліху Мустафе. Яму прысудзілі 26 гадоў турмы, прызнаўшы вінаватым у незаконных затрыманнях і катаваннях цывільных асобаў у лагеры для інтэрнаваных у 1999 годзе ў Косава, а таксама ў забойстве аднаго з вязняў, піша BBC.

Саліх Мустафа не прызнаў сябе вінаватым ні па водным абвінавачанні.

Гэта першы вырак Гаагскага суду ў межах спецыяльна створанага трыбуналу для расследавання ваенных злачынстваў, учыненых у 1998-99 гадах падчас вайны за незалежнасць Косава. Саліх Мустафа ўтрымліваўся ў следчым ізалятары ў Гаазе з восені 2020 года. Да свайго арышту ён працаваў дарадцам у міністэрстве абароны Косава.

Апрача Мустафы, у справе праходзяць яшчэ 8 чалавек, у тым ліку экс-прэзідэнт Косава Хашым Тачы, які сышоў з пасады, калі яму выставілі абвінавачанні. На радзіме яго дагэтуль лічаць героем.

Катаваў албанцаў

Паводле матэрыялаў справы, падчас ваеннага канфлікту паміж Косава і Сербіяй у 1998-1999 гадах 50-гадовы Саліх Мустафа кіраваў турмой на тэрыторыі лагера ў вёсцы Злашы, у якой катавалі людзей. Быў камандзірам партызанскай групы, якая ўтрымлівала косаўскіх албанцаў, абвінавачаных у супрацы з сербамі, у хляву, поўным экскрэментаў жывёл. Сцвярджаецца, што Мустафа асабіста браў удзел у збіцці дваіх затрыманых, адзін з якіх памёр.

Спецыяльны трыбунал дзейнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам Косава, але фізічна размяшчаецца ў Нідэрландах для абароны сведкаў ад запалохвання, бо былыя камандзіры АВК па-ранейшаму дамінуюць у палітычным жыцці рэспублікі, незалежнасць якой прызнаюць толькі каля 100 краінаў свету і якая дагэтуль не з’яўляецца чальцом ААН.

Летась суд прыгаварыў да турэмнага зняволення дваіх ветэранаў АВК за запалохванне сведкаў, хаця абвінавачанняў у ваенных злачынствах ім не выставілі.

Першы прысуд спецыяльнага трыбуналу па ваенных злачынствах у Косава быў агучаны на фоне новага абвастрэння паміж рэспублікай, якая адкалолася ад Сербіі, і сербскімі ўладамі.

Дыпламатычныя стасункі з Косава падтрымліваюць 93 дзяржавы, аднак Сербія, Расея і Кітай і пяць чальцоў ЕЗ – Іспанія, Кіпр, Грэцыя, Славакія і Румынія – яе не прызнаюць.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў