Менск хоча ўзяць у Расеі крэдыт на 3,5 мільярдаў долараў, каб залатаць дзірку ў дзярждоўгу


Пра планы на чарговы крэдыт і звязаныя з гэтым цяжкасці, а таксама пра блакаванне грошай заходнімі банкамі, пра магчымыя праблемы з дзяржаўным доўгам з-за санкцыяў з боку ЗША на нарадзе ў Лукашэнкі па супрацьдзеянні санкцыйным мерам распавёў намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў.

Паводле Мікалая Снапкова, уведзеная пятым пакетам санкцыяў з боку ЗША санкцыя супраць беларускага дзярждоўгу – адчувальны фактар для Беларусі. Яна стварае прамую рызыку магчымасці рэфінансавання доўга, у тым ліку па ўнутраным валютным дзяржпазыкам.

У 2022 годзе Беларусь мусіць пагасіць 3,3 мільярды долараў, у 2023 – 4,7 мільярдаў вонкавых даўгоў разам з абслугоўваннем.

Hавiны
Старшыня Еўракамісіі: «У санкцыях супраць беларускага рэжыму не павінна быць прабелаў»
2021.12.16 12:03

«На дадзены момант у прапрацоўцы заключэнне новай стабілізацыйнай праграмы з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця з выдзяленнем дзяржаўнага фінансавага крэдыту Расейскай Федэрацыяй, – распавёў Снапкоў. – Агульная сума сродкаў, якія запрошваюцца, – 3,5 мільярдаў долараў, што дазволіць кампенсаваць еўрапейскія грошы па рэфінансаванні доўга, якія выпадаюць».

Аднак з атрыманнем гэтага крэдыту ёсць праблема – Беларусь вычарпала ліміт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на прадстаўленне крэдытных рэсурсаў, які складае каля 1,98 мільярдаў долараў. Таму ўвосень 2020 году прадстаўленне новага крэдыту ЕФСР Менску на 500 мільёнаў долараў запатрабавала пераразмеркавання дадзенай сумы з ліміту Расеі на карысць Беларусі.

Мікалай Снапкоў распавёў таксама, што сёння ўведзеныя санкцыі ўплываюць на эканоміку Беларусі па трох каналах: фінансавая сфера, экспарт прадукцыі, імпарт тэхналогіяў.

Hавiны
«Калі хочаце быць незалежнымі, едзьце ў Польшчу і Літву». Што казаў Лукашэнка на антысанкцыйнай нарадзе
2021.12.16 14:29

Акрамя таго, за 10 месяцаў бягучага году ў замежных банках-карэспандэнтах былі затрыманыя сродкі на суму да 10 мільёнаў долараў у эквіваленце, што складае 0,01% ад месячнага звароту па знешнеэканамічных аперацыях.

«Заблакавана на бягучую дату больш за 200 тысяч долараў. Зыходзячы з гэтых лічбаў, сітуацыя далёкая ад крытычнай», – зазначыў Снапкоў.

Таксама намеснік прэм’ер-міністра распавёў пра сітуацыю з прыцягненнем вонкавых рэсурсаў. Так, на 1 снежня агульны аб’ём сродкаў нерэзідэнтаў ва ўсіх банках Беларусі склаў 17 мільярдаў беларускіх рублёў. Рост за 2021 год – 1 мільярд беларускіх рублёў. Павялічваецца аб’ём сродкаў з Расеі (на 950 мільёнаў рублёў) і Кітая (на 200 мільёнаў рублёў). Адначасова аб’ём сродкаў краінаў Еўразвязу знізіўся на 850 мільёнаў рублёў.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў