Палітзняволеную журналістку Марыну Золатаву намінавалі на прэмію «Рэпарцёраў без межаў»


Галоўная рэдактарка закрытага рэжымам парталу TUT.by Марына Золатава, якую асудзілі на 12 гадоў калоніі, намінаваная на прэстыжную прэмію «Рэпарцёраў без межаў» за свабоду прэсы. Палітзняволеная вылучаная ў намінацыі «Адвага», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Палітзняволеную журналістку Марыну Золатаву намінавалі на прэмію «Рэпарцёраў без межаў» за свабоду прэсы. Калаж: RSF

Журналістка і палітзняволеная Марына Золатава застаецца ў няволі больш за 900 дзён. Цяпер – у жаночай калоніі № 4 у Гомлі. Золатава была пакараная лукашэнкаўскім рэжымам за журналісцкую дзейнасць. Суд над ёй адбываўся ў закрытым рэжыме. Вырак: 12 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

«Вінаваціць СМІ ва ўсіх праблемах – гэта ўсе роўна, што крыўдзіцца на люстэрка», – напісала яна за дзень да вынясення прысуду. Яна працягвае пісаць і адпраўляць паведамленні надзеі з турмы, каб супрацьстаяць дэгуманізаваным наступствам турэмнай сістэмы», – каментуюць «Рэпарцёры без межаў» вылучэнне Марыны Золатавай.

Марыну Золатаву вылучылі ў намінацыі «Адвага». У гэтай намінацыі апроч яе – журналісты з Гаіці, Пакістану, Егіпту ды Ірану. Цырымонія ўганаравання прэміяй пройдзе ў Бруселі 28 лістапада. У 2023 годзе на прэмію «Рэпарцёраў без межаў» за свабоду прэсы быў намінаваны 21 журналіст з 18 краінаў свету.

Hавiны
«Не рабіце з турмы турмы». Галоўная рэдактарка TUT.by сустракае 46-годдзе ў вязніцы
2023.11.06 12:04

Апрача традыцыйных ужо намінацыяў – «Адвага», «Незалежнасць» і «Уздзеянне» – з’явілася новая катэгорыя: фотапрэмія «Lucas Dolega-SAIF», названая ў гонар маладога фотажурналіста Люкі Далегі, забітага ў 2011 годзе ў Тунісе.

Марыну Золатаву затрымалі 18 траўня 2021 года. У сакавіку 2023-га суддзя Валянціна Зянкевіч прысудзіла ёй 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 6 лістапада палітзняволенай споўнілася 46 гадоў.

На 16 лістапада ў лукашэнкаўскіх турмах і калоніях трымаюць, паводле БАЖ, 33 працаўнікоў медыяў. З пачатку 2023 года журналістаў у Беларусі затрымлівалі 35 разоў.

Гісторыі
«Мы паўтаралі адна адной: «Дыхай. Дыхай». Даша Чульцова – пра апошні стрым з плошчы Пераменаў і Кацю Андрэеву
2023.11.15 09:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў