Трамп адважыўся. Ён пойдзе на выбары, але можа не стаць кандыдатам


Тыдзень таму ў ЗША прайшлі прамежкавыя выбары, але іх канчатковыя вынікі невядомыя дагэтуль. Відавочна толькі, што рэспубліканцам не ўдалося атрымаць моцнай перамогі. Між тым самы вядомы рэспубліканец і былы прэзідэнт Доналд Трамп нарэшце зрабіў тое, што анансаваў ужо даўно – заявіў аб вылучэнні на пасаду кіраўніка дзяржавы. Як мінулыя выбары зменяць амерыканскую палітыку, а таксама што (і хто) можа перашкодзіць Трампу вярнуцца ў Белы дом – у матэрыяле Belsat.eu.

Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пасля абвяшчэння аб вылучэнні на пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2024 годзе. Маёнтак Мар-а-Лаго ў Палм-Біч, Флорыда, ЗША. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum

Феномен Трампа

Доналду Трампу 76 гадоў, яго абралі прэзідэнтам у 2016 годзе, а ўсе чатыры гады яго кіравання былі перанасычаныя скандаламі. Трампа абвінавачвалі ў спрыянні Крамлю, у сімпатыях да расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, у распаўсюдзе фэйк-ньюс.

Пазней аказалася, што ільвіная доля гэтых тэзісаў была проста выдуманая тэхнолагамі Дэмпартыі, якія працавалі на канкурэнтку Трампа – былую першую лэдзі і экс-дзяржсакратара Хілары Клінтан. Больш за тое, высветлілася, што штаб Клінтан арганізоўваў сачэнне за Трампам як да яго абрання, так і пасля ўступлення на пасаду. Прыхільнікі Трампа ў адказ узгадвалі Клінтан яе дзеянні на пасадзе дзяржсакратара, у тым ліку сумна вядомую «перазагрузку» стасункаў з РФ.

Трамп стаў кіраўніком дзяржавы пад лозунгам «Зробім Амерыку зноў велічнай» і яго выбарнікі любяць паказваць на тое, што гэта адзіны прэзідэнт ЗША за апошнія 40 гадоў, пры якім краіна не залазіла ў якую-небудзь вайну. Сам Доналд Трамп у сваёй самаўпэўненай манеры сцвярджае, што пры ім не было б ні анексіі Крыму (здарылася ў прэзідэнцтва Барака Абамы, калі Украіну курыраваў тагачасны віцэ-прэзідэнт Джо Байдэн), ні поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну (адбылося падчас прэзідэнцтва Байдэна).

Скандальны бізнэсовец, вядомы непрадказальнымі экстравагантнымі паводзінамі, Трамп гэтак жа адштурхвае электарат дэмакратаў, як і папулярны сярод рэспубліканцаў. На праймерыз 2016 года гэты несістэмны кандыдат перамог дасведчаных палітыкаў, губернатараў і сенатараў, прадстаўнікоў уплывовых сем’яў і кланаў. У гэтым адрозненне Трампа ад Клінтан і Байдэна – ён стаў кандыдатам у прэзідэнты насуперак кіраўніцтву сваёй партыі і істэблішменту, а ягоныя канкурэнты ў 2016 і 2020 гадах былі прадстаўнікамі палітычнай эліты, а таму менш радыкальнымі, чым іншыя амбіцыйныя палітыкі Дэмпартыі.

Супраць Трампа працавалі ўсе мас-медыі і галівудскія зоркі, а яго уласнай галоўнай зброяй стаў акаўнт у «Тўітары». Рэйтынг Трампа ўсе гады прэзідэнцтва быў невысокі, у тым ліку з-за варожасці медыяў і заснаванага на непраўдзівых звестках незавершанага імпічменту (дэмакраты, якія дамінавалі ў ніжняй палаце,  яго абвясцілі, але Сенат не зацвердзіў).

Шлейф расследаванняў

Паражэнне на выбарах 2020 года Трамп прыняў не адразу, але, пераканаўшыся ў немагчымасці даказаць сваю перамогу, запусціў працэс перадачы ўлады камандзе Байдэна. Верагодна, ён бы спакойна пакінуў Белы дом і пачаў рыхтавацца да рэваншу, але здарылася 6 студзеня.

У гэты дзень Кангрэс разглядаў прызнанне вынікаў выбараў, гэта значыць чакалася абвяшчэнне Байдэна абраным прэзідэнтам. Каля Капітолію прайшоў мітынг прыхільнікаў Трампа, упэўненых у масавых фальсіфікацыях. Беспарадкі на Капіталійскім узгорку прынята называць штурмам, хоць паліцыянты практычна здалі пазіцыі без бою, застрэліўшы адну з пратэстоўцаў. Уварваўшыся ў будынак парламента, прыхільнікі Трампа часткова разграмілі кабінет 81-гадовай старшыні Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлоўсі, якая ўсе чатыры гады прэзідэнцтва Трампа была яго лютай праціўніцай. Трампу прапаноўвалі асудзіць тое, што адбываецца, ён толькі заклікаў разысціся па дамах, але не спрабаваў утрымаць уладу.

Былы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пасля абвяшчэння аб вылучэнні на пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2024 годзе. Маёнтак Мар-а-Лаго ў Палм-Біч, Флорыда, ЗША. 15 лістапада 2022 года.
Фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum

Прэзідэнта адразу сталі вінаваціць у арганізацыі дзяржаўнага перавароту, дапамаганні гвалту, замаху на дэмакратыю, хоць афіцыйных абвінавачванняў яму не прад’явілі да гэтага часу. «Тўітэр» навечна забаніў ягоны акаўнт, а падкантрольная дэмакратам Палата прадстаўнікоў абвясціла экс-прэзідэнту імпічмент (па сутнасці, паказальна – немагчыма спыніць паўнамоцтвы былога кіраўніка дзяржавы), але Сенат зноў апраўдаў Трампа.

Справа 6 студзеня стала зручным аргументам у прапагандзе абедзвюх партыяў: дэмакраты апелююць да яго, нагнятаючы фарбы і палохаючы свой электарат беспарадкамі (пры поўнай падтрымцы пагромаў BLM і патрабаванні памяншаць ролю паліцыі), а рэспубліканцы распавядаюць аб палітычных пераследах з боку ФБР і Мінюста, аб збіцці і дрэнных умовах утрымання шматлікіх затрыманых. Міжпартыйная камісія кангрэса па расследаванні падзеяў 6 студзеня (складаецца з дэмакратаў і рэспубліканцаў-праціўнікаў Трампа) заслухала гэтым летам шэраг сведак, але ў 2023 годзе рэспубліканская большасць можа не падоўжыць яе паўнамоцтвы.

«Справа 6 студзеня» – не адзіная пагроза планам Трамп вярнуцца да ўлады. Улады штата Нью-Ёрк падазраюць яго кампанію Trump Organization ў падмане датычна кошту актываў дзеля льготных крэдытаў і падатковых ільгот. Расследаванне пачалося ў 2019 годзе і можа завяршыцца крымінальным пазовам супраць экс-прэзідэнта – пакуль што да яго падалі грамадзянскі пазоў.

Іншыя фінансавыя злоўжыванні шукаюць у падатковых дэкларацыях Трампа. Больш за два гады пошукаў слядоў махлярства прывялі толькі да змены каманды даследчыкаў.

У лютым 2023 года Трампа чакае судовае разбіральніцтва аб згвалтаванні 30-гадовай даўніны, у якім яго абвінавачвае калумністка Elle Джын Кэрал. «Я ніколі ў жыцці не сустракаў гэтую асобу. Яна спрабуе прадаць новую кнігу, і гэта паказвае на яе матывацыю. Гэтую кнігу трэба прадаваць у аддзеле мастацкай літаратуры», – каментаваў абвінавачванні Трамп. У сваім артыкуле Кэрал апісвае, як была ахвярай згвалтаванняў рознымі ўплывовымі людзьмі.

У жніўні ў маёнтак Трамп Мар-а-Лаго ў Фларыдзе прайшлі ператрусы. Агенты ФБР у межах расследавання магчымых парушэнняў закона аб шпіянажы канфіскавалі 11 камплектаў дакументаў. Як сцвярджаюць сілавікі, усе яны мелі грыф сакрэтнасці. Паводле Трампа, гэтыя паперы былі рассакрэчаныя. Яшчэ ў студзені супрацоўнікі Нацыянальнага архіва вывезлі з Мар-а-Лаго 15 каробак з паперамі, вясной былі паведамленні аб схованках з сакрэтных дакументамі, у чэрвені прадстаўнікі ФБР і Мінюста прыязджалі ў маёнтак агледзець памяшканні, іх прымаў сам Трамп, следчыя папрасілі яго змяніць замок на дзвярах. 8 жніўня пасля ператрусу адтуль вывезлі 11 камплектаў дакументаў, 20 каробак з рознымі рэчамі, у іх ліку фотаальбомы, нейкая інфармацыя пра прэзідэнта Францыі (імаверна, гаворка пра Эманюэля Макрона), ліст аб памілаванні ад экс-паліткансультанта Роджэра Стоўна.

Пікантнасць гісторыі ў тым, што перад публікацыяй опісу сакрэтных дакументаў сілавікі азнаёмілі з імі журналістаў, а шэраг папер агенты ФБР канфіскавалі, парушыўшы закон аб адвакацкай таямніцы. Акрамя таго, падобная гісторыя ўжо была з Хілары Клінтан: у 2015 годзе ФБР адкрыла расследаванне супраць яе за ўтойванне сакрэтнай інфармацыі на несанкцыянаваным паштовым серверы, які яна захоўвала ў сябе дома. Але ператрусаў не было, сілавікі дазволілі Клінтан і яе адвакатам вырашыць, што яна перадасць у ФБР, а экс-прэзідэнт Біл Клінтан сустрэўся з генпракурорам Ларэтай Лінч, пасля чаго яна прызначыла вядучым пракурорам Рычарда Скота, які раней працаваў у юрыдычнай фірме, якая прадстаўляла інтарэсы Клінтан.

Разбор
ЗША чакае правы паварот? Праз тыдзень пройдуць прамежкавыя выбары
2022.11.02 08:35

Прамежкавыя выбары – прамежкавыя вынікі

Трамп значна паўплываў на кандыдатуры ад рэспубліканцаў у Кангрэс – з 235 падтрыманых ім кандыдатаў намінацыю партыі атрымалі 179. Аднак гэта не прывяло да ўпэўненай перамогі. Хутчэй, наадварот, да нечакана сціплай перавагі.

На гэты момант у рэспубліканцаў усяго 217-219 месцаў у Палаце прадстаўнікоў з 435 (кантроль над ніжняй палатай Кангрэса магчымы пры 218 галасах), а ў дэмакратаў – 206-208, вынік дзясятка кампаній пакуль незразумелы. У мінулым скліканні суадносіны сіл былі 222/213 на карысць дэмакратаў, у гэтым чакаецца роўна наадварот. У Сенаце дэмакратам удалося захаваць 50 месцаў са 100, а ў рэспубліканцаў пакуль што 49 месцаў, вынік гонкі ў Джорджыі вырашыцца 6 снежня ў другім туры – але Дэмпартыя захавала кантроль.

«Чырвонай хвалі» ці нават цунамі (паводле колеру Рэспубліканскай партыі) не выйшла, перамога вельмі сціплая, апазіцыя выканала праграму мінімум. У гэтым, несумненна, будуць вінаваціць Трампа. Але параза яго прыхільнікаў яшчэ не азначае сыходу самога экс-прэзідэнта з палітычнай сцэны.

Разбор
Выбары ў ЗША: рэспубліканцы і дэмакраты ідуць плячо ў плячо. Раскол электарату напалам – гэта норма?
2022.11.09 21:12

Рэспубліканскі кандыдат

15 лістапада Доналд Трамп абвясціў, што будзе балатавацца ў прэзідэнты ў 2024 годзе. Гэтай заявы ад яго чакалі з 20 студзеня мінулага года – моманту прысягі Джо Байдэна, сам Трамп яе пастаянна анансаваў, але не спяшаўся.

Але яшчэ летам 46% рэспубліканцаў хацелі б іншага кандыдата ў прэзідэнты ў 2024 годзе. Чакаецца, што гэтым іншым стане 44-гадовы губернатар Флорыды Рон ДэСэнтыс. Яму больш актыўна ахвяруюць (сабраў у перадвыбарчыя фонды больш за $120 млн), за ім не цягнецца шлейф расследаванняў, за чатыры гады кіравання штатам ён стаў вядомым і папулярным па ўсёй краіне сваім супрацьстаяннем ідэям Дэмпартыі – ад BLM і крытычнай расавай тэорыі да каронавірусных абмежаванняў і прапаганды змены полу ў школах. Але некаторыя назіральнікі паказваюць на тое, што ДэСэнтыс лічыць важным умацоўваць выканаўчую ўладу і паступова ставіць пад кантроль заканадаўцаў і сферу адукацыі. Зрэшты, прыхільнікі ДэСэнтыса ў іншых штатах абвінавачваюць дэмакратаў у тым жа.

«Губернатар Флорыды ўпэўнена (59%, 19 пунктаў адрыву ад канкурэнтаў) выйграў перавыбары ў штаце, які яшчэ нядаўна лічыўся «вагальным», – адзначае прэзідэнт Цэнтру палітычных тэхналогіяў Барыс Макаранка. – Актыўная і радыкальная палітычная пазіцыя, шмат у чым падобная на пазіцыю Трампа, але без дзівацтваў – нездарма Дэсанціса называюць «Трампам для тых, хто чытаць умее». Упэўнена набірае ачкі ў рэйтынгах на пост кандыдата ў прэзідэнты, хоць да Трамп яшчэ далёка».

Экспэрт мяркуе, што 76-гадоваму Трампу таксама можа кінуць выклік 63-гадовы Майк Пэнс (віцэ-прэзідэнт пры Трампе). Сярод кандыдатаў у прэзідэнты-2024 часам называюць 51-гадовага сенатара Тэда Круза, які ў 2021 годзе беспаспяхова дамагаўся ад адміністрацыі Байдэна санкцый супраць РФ з дапамогай філібастара, 58-гадовага экс-дзяржсакратара Майка Пампэа.

Хто з іх стане кандыдатам у прэзідэнты ад рэспубліканцаў, вырашаць унутрыпартыйныя праймерыз у першай палове 2024 года.

Ці заменяць дэмакраты Байдэна?

У дзейнага прэзідэнта Джо Байдэна зыходнае становішча лепшае, чым у Трампа – на баку Байдэна вядучыя медыі, ды і сацсеткі нярэдка абвінавачвалі ў цэнзураванні навіннай стужкі на карысць дэмакратаў. Але ў астатнім цяперашняму кіраўніку дзяржавы не лягчэй: рэйтынг адабрэння яго працы вагаецца ў раёне 40%.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выступае падчас мерапрыемства ў тэатры Говарда ў Вашынгтоне, ЗША. 10 лістапада 2022 года.
Фота: Tom Brenner / Reuters / Forum

Амаль 80-гадовы Байдэн не раз казаў, што можа пайсці на перавыбранне ў 2024 годзе, але шмат у каго ўзнікаюць сумневы ў ментальным здароўі прэзідэнта, які пастаянна робіць дзіўныя агаворкі і блытае краіны. Рэйтынг віцэ-прэзідэнта Камалы Гэрыс яшчэ горшы – не больш за 30%.

Перад кіраўніцтвам Дэмпартыі стаіць складаная задача – знайсці кампраміснага кандыдата ў прэзідэнты, які нейтралізуе леварадыкальнае крыло партыі, якое расце, і стане сур’ёзным канкурэнтам рэспубліканцу, будзь то Трамп або ДэСэнтыс.

Барыс Макаранка кажа, што за два гады прадказваць вынік выбараў – апошняя справа для аналітыка, але выказвае здагадкі аб фаварытах ўнутрыпартыйнай гонкі. Палітолаг мяркуе, што акрамя Байдэна кандыдатам ад дэмакратаў у 2024 годзе могуць стаць 51-гадовая губернатар штата Мічыган Грэтхен Уітмер (пераабралася з перавагай у 9%) і 55-гадовы губернатар Каліфорніі Гэвін Ньюсам, які шчасна пазбегнуў адклікання з пасады.

Раней сярод кандыдатаў называлі 40-гадовага міністра транспарту Піта Бутыджыча (ён вядомы перш за ўсё тым, што адкрыты гей) і 62-гадовую сенатара Эймі Клоўбушар. Зрэшты, эксперты не выключаюць вылучэння былой першай лэдзі Мішэл Абамы, гучалі нават экзатычныя здагадкі аб прэзідэнцкіх амбіцыях герцагіні Сасекскай Меган (у дзявоцтве Маркл).

Здольнасць перамагчы 45-га прэзідэнта пакуль што застаецца галоўным крытэрыем да кандыдата ад дэмакратаў. Нягледзячы на ўнутрыпартыйную канкурэнцыю і будучы скандальным апазіцыянерам без доступу да «Тўітару», Доналд Трамп умудраецца ўплываць на амерыканскую палітыку.

Іван Аляксееў /ММ, belsat.eu

Стужка навінаў