Расея абстраляла Украіну – зачапіла Вугоршыну, Малдову і Польшчу. А чаго дасягнула?


Днём 15 лістапада Расея нанесла па Украіне самы масаваны ракетны ўдар як мінімум за месяц: запусцілі звыш 90 ракет і дзясятак дронаў-камікадзэ. Загінуў адзін чалавек ва Украіне і два ў Польшчы, сотні тысяч украінцаў засталіся без святла, NATO можа адрэагаваць.

Ліквідацыя наступстваў абстрэлу крытычнай інфраструктуры пад Кіевам, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ДСНС України / Facebook

Чым стралялі і адкуль

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі вечарам 15 лістапада расказаў, што Расея агулам запусціла 90 ракет. Пацярпела энергасістэма, прадпрыемствы, жылыя будынкі, каля 10 мільёнаў украінцаў часова засталіся без святла. Збройныя сілы Украіны ўдакладнілі: Расея запускала крылатыя ракеты X-101 і «Калібр», збіць удалося 77 гэтых ракет, а таксама 10 іранскіх дронаў-камікадзэ «Shahed-136» і адзін беспілотнік «Арыён».

Паветраныя сілы ЗСУ пісалі, што запускі ракет былі з поўначы Каспійскага мора і з Чорнага мора, а таксама з раёну Валгадонску Растоўскай вобласці. Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» адзначала, што не фіксавала 15 лістапада запускаў з тэрыторыі ці паветранай прасторы Беларусі. Але некаторыя ў сацсетках і блогах дапускаюць (як тут), што па тэрыторыі Польшчы ракеты ці дроны маглі запускаць з Беларусі.

Які вынік па Украіне

У выніку ўдараў ва Украіне загінуў  адзін чалавек, яшчэ як мінімум шэсць параненыя. Загінулы быў у жылым будынку ў цэнтры Кіева, куды трапілі аскепкі збітай расейскай ракеты. Міністэрства ўнутраных справаў Украіны налічыла каля 30 пашкоджаных аб’ектаў. Шкоду ад удараў яшчэ не браліся ацэньваць.

Ліквідацыя наступстваў абстрэлу траплення аскепкаў ракеты ў жылы будынак. Кіеў, Украіна. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ДСНС України / Facebook

«Укрэнерга» назвала атаку 15 лістапада найбольшай у гісторыі энергетыкі Украіны. Пацярпелі ўсе рэгіёны краіны, але праз аварыйныя графікі адключэнняў удалося пазбегнуць поўнага абясточвання Украіны. Да ліквідацыі наступстваў адразу прыступілі, але бліжэйшыя дні называюць цяжкімі: набліжаюцца маразы, спажыванне энергіі расце. Да таго ж, крытычную інфраструктуру шкодзілі ранейшымі ўдарамі.

Ва ўсіх рэгіёнах 16 лістапада чакаюць як планавыя, так і аварыйныя адключэнні. Ды на раніцу 16 лістапада, паводле звестак Офісу прэзідэнта Украіны, цалкам засілкаваныя Кіеў і Кіеўская вобласць, Адэская, Івана-Франкоўская, Ровенская, Чаркаская, Чарнавецкая і Чарнігаўская вобласці, а ва Львоўскай вобласці энерга- і водазабеспячэнне аднавілі на 95 %. У Валынскай вобласці без святла застаюцца каля 45 тысяч чалавек, у Тэрнопальскай і Харкаўскай – па 90 тысяч, у Хмяльніцкай – каля 105 тысяч чалавек. Пра Жытомірскую і Сумскую вобласці пішуць толькі, што «працягваюцца работы ў аднаўленні энергазабеспячэння».

Што ў іншых краінах

Вугоршчына і Славаччына. Падчас абстрэлаў Расеяй Украіны спыніліся пастаўкі нафты па адной з галінаў нафтаправоду «Дружба», які ідзе з Расеі ў Еўропу праз Беларусь і Украіну. Пры тым Польшча і Чэхія працягнулі атрымліваць нафту па іншай галіне «Дружбы». Славаччына спасылалася на тэхнічныя праблемы з украінскага боку і не называла прычыны і магчымыя наступствы. Вугорская нафтагазавая кампанія MOL патлумачыла, што расейская ракета трапіла ў трансфарматарную станцыю ва Украіне ля мяжы з Беларуссю, а тая станцыя забяспечвала працу помпаў «Дружбы». Калі гэта так, праблемы з пастаўкамі нафты маюць хутка вырашыцца. Але ў любым разе, MOL запэўнівае, што мае запасы сырой нафты на 90 дзён працы нафтаперапрацоўчых заводаў. Вугоршчына склікала нацыянальную Раду бяспекі вечарам 15-га і паседжанне ўраду ранкам 16-га, але праз нявызначанасць сітуацыі вугорскае кіраўніцтва пакуль толькі заклікае захоўваць спакой.

Малдова. У час абстрэлаў перабоі з электрычнасцю пачаліся ў Малдове, трывалі больш за гадзіну. Аб трапленнях ракет менавіта па тэрыторыі Малдовы не паведамлялі. Адключэнні тлумачаць тым, што энергасістэмы Малдовы і Украіны звязаныя – хоць ужо больш за месяц Украіна не пастаўляе энергію ў Малдову, у малдаўскай энергасістэме спрацавала аўтаматычнае адключэнне.

Месца выбуху, у выніку якога загінулі два чалавекі. Пшэводуў, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: twitter.com/wolski_jaros

Польшча. Загінулі два чалавекі: днём 15 лістапада, калі Расея абстрэльвала Украіну, адна ці дзве ракеты расейскай вытворчасці ўпалі ў вёсцы блізу мяжы з Украінай. Польшча склікала Раду бяспекі вечарам 15-га і зноў склікае апоўдні 16-га, выклікала амбасадара Расеі, трымае кантакт з саюзнікамі па Паўночнаатлантычным альянсе і з Украінай, падвысіла боегатовасць асобных войскаў. Але прынамсі пакуль Польшча ўстрымліваецца ад рэзкіх заяваў: яшчэ невядома, хто запусціў ракеты і з якой мэтай. Расея сваю датычнасць адмаўляе.

NATO. Калі б Расея напала на Польшчу, NATO магло б актываваць артыкул 5 сваёй дамовы: атака на адну краіну альянсу роўная нападу на ўвесь альянс, NATO ўступае ў вайну ва Украіне. Але пакуль вядзецца хіба аб магчымасці ўжывання Польшчай артыкулу 4: экстраных кансультацыях. І тое Польшча яшчэ чакае ўдакладненняў пра ракеты і пакуль ад саюзнікаў атрымлівае толькі словы падтрымкі і рашучасці бараніць кожны сантыметр тэрыторыі NATO. Ад таго, што высвятляць пра ракеты, залежыць далейшая рэакцыя. Ды пакуль не выключаныя ўсе версіі: расейскія ракеты, запушчаныя наўмысна ці выпадкова; украінскія ракеты супрацьпаветранай абароны, якія гналіся за расейскімі ракетамі або дронамі, і гэтак далей. Напрыклад, прэзідэнт ЗША заявіў, што, мяркуючы з траекторыі, наўрад ці ракеты ў бок Польшчы запусцілі з Расеі, потым праінфармаваў партнёраў па NATO і «Вялікай сямёрцы» аб тым, што ракета была з украінскай супрацьпаветранай абароны.

Каментар
«Злачынная вайна Пуціна наўпрост закранула Польшчу». Польскі журналіст выказаўся пра падзенне ракетаў
2022.11.16 12:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў