Прэм’ера спектакля паводле дакументальнай п’есы Андрэя Курэйчыка адбылася ў тэатры ім. Маджэўскай ў Легніцы.
У Польшчы адбылася сусветная прэм’ера дакументальнай п’есы, прысвечанай беларусам, якія сталі ахвярамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Тэкст, складзены драматургам Андрэем Курэйчыкам з інтэрв’ю, лістоў, судовых дакументаў і прамоваў больш за 20 герояў, паставілі ў адным з лепшых тэатраў краіны – Тэатры Маджэеўскай у Легніцы.
Рэжысёр Лукаш Кош стварыў палатно, якое распавядае пра беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якія давялося перажыць беларускаму народу. Героямі спектакля сталі Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, асуджаныя і затрыманыя па гучных справах «студэнтаў», «Прэс-клубу», «Тутбая», айцішнікі, бізнесмены, пенсіянеры, паэты і многія іншыя – усяго больш за 20 пранізлівых гісторый, якія трапілі ў жорны сістэмы.
«Гэтыя дваццаць гісторый прыйшлося адбіраць з больш за 700, – распавёў аб працы над п’есай Андрэй Курэйчык, – але і гэта кропля ў моры. Мы ведаем, што іх дзясяткі тысяч. Як і з «Пакрыўджанымі. Беларусь» (папярэдні праект аўтара, які быў паказаны больш за 200 разоў у 30 краінах) мы спадзяемся падняць хвалю салідарнасці з палітвязнямі тэатраў і іх публікі ў розных краінах».
Рэжысёр спектакля Лукаш Кош адзначыў: «Шмат для каго палітвязні прадстаўляюць нейкую агульную масу. Тэрмін, за якім не відаць канкрэтнага чалавека. Вось іх сто, дзвесце, тысячы. Наш прынцып працы над спектаклем быў іншым: кожны палітвязень – гэта асобны свет, асобны сусвет. Гэты спектакль – дэманстрацыя павагі да кожнага, хто выйшаў на гэтую барацьбу».
Адпаведна з рашэннем дырэктара тэатру Якава Гломба спектакль у падтрымку Беларусі паставілі ў самыя кароткія тэрміны.
Бліжэйшыя паказы пʼесы пройдуць 19, 20 і 21 лістапада. Кошт квіткоў ад 35 зл.