Аляксандр Лукашэнка 16 лістапада на нарадзе па абстаноўцы на Дзяржаўнай граніцы раскрыў дэталі тэлефоннай размовы напярэдадні з в.а. канцлера Нямеччыны Ангелай Мэркель.
Лукашэнка заявіў, што ўнёс прапанову ў цэлым для развязання сітуацыі. Паводле яго, вырашана пакуль не будуць агучваць канкрэтныя падрабязнасці, а Мэркель узяла паўзу, каб абмеркаваць адпаведнае пытанне з лідарамі Еўразвязу. Затым павінна адбыцца яшчэ адна тэлефонная размова, піша БелТА.
«Яшчэ адзін момант хачу падкрэсліць: ёсць шмат добрых людзей, якія гатовы ўнесці значны ўклад ва ўрэгуляванне сітуацыі з бежанцамі і не толькі на граніцы Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі. Не толькі, але перш за ўсё тут. Да іх бы я аднёс Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Кіраўніцтва гэтай краіны мае вялікі вопыт работы з бежанцамі, яны прымалі ўжо ўдзел у развязцы такіх пытанняў у свеце і працавалі з тысячамі бежанцаў», – сказаў Лукашэнка.
Паводле яго, ёсць разуменне, што Эміраты гатовы падставіць сваё плячо ва ўрэгуляванні крызісу з бежанцамі на граніцы. Ён заявіў, што ў бліжэйшы час плануе перагаварыць з кіраўніцтвам Эміратаў.
Нагадаем, што ўвечары 15 лістапада стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель правялі тэлефонную размову.
Прэс-служба Лукашэнкі паведамляе, што падчас размовы быў абмеркаваны шэраг праблем, і перш за ўсё сітуацыя з бежанцамі на беларуска-польскай, беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай межах.
Між тым кандыдат у канцлеры Нямеччыны, дзейны віцэ-канцлер Олаф Шольц таксама 15 лістапада назваў Аляксандра Лукашэнку «дыктатарам», які выкарыстоўвае людзей у «ганебнай гульні», каб аказаць ціск на Еўрапейскі Саюз.
«Перш за ўсё, трэба дакладна сказаць, што размова ў Беларусі ідзе аб дрэнным дыктатары. І не трэба нічога хаваць, ён страціў усялякую легітымнасць», – сказаў Шольц.
МГ belsat.eu