У Ліцэі БДУ – новая дырэктарка


У Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту прадставілі новую дырэктарку, былую працаўніцу Інстытуту нацыянальнай бяспекі, што рыхтуе кадры для беларускага КДБ.

Прадстаўленне новай дырэктаркі Ліцэю БДУ калектыву.
Фота: БелТА

Новай дырэктаркай ліцэю стала Таццяна Мамчыц. 16 кастрычніка яе прэзентаваў калектыву прарэктар вучэбнай работы і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ Канстанцін Казадаеў.

Таццяна Мамчыц ёсць выпускніцай філалагічнага факультэту БДУ і, як сказана ў паведамленні БелТА, мае вялікі досвед у сферы адукацыі.

«Эвалюцыйнасць, калектыўнасць і прагрэсіўнасць з’яўляюцца важнымі фактарамі дасягнення мэтаў у адукацыйнай сферы пры персаніфікаваным падыходзе ацэнкі ўкладу ў яе развіццё кожнага працаўніка. Захаванне традыцый установы, развіццё існых умоваў раскрыцця патэнцыялу ліцэістаў нароўні з новымі ідэямі і прапановамі стане ключавым у канцэпцыі праграмы развіцця ліцэю», – прывозіць словы Таццяны Мамчыц БелТА.

Папярэдняя пасада Таццяны Мамчыц – начальніца вучэбна-метадычнай часткі Інстытуту нацыянальнай бяспекі. Акурат гэтую ўстанову яшчэ ў 2016 годзе назваў «кузняю чэкісцкіх кадраў» тагачасны кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык.

Да прызначэння Таццяны Мамчыц пасаду дырэктара Ліцэю БДУ (са жніўня 2021 года) займала колішняя выпускніца ліцэю Ганна Чубарава.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў